Памятаеце вядомы мульцік пра маму-малпачку і яе няўрымслівых дзяцей? Падрастаючы, дзіця імкнецца пазнаць навакольны свет, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя метады. Таму важна, каб побач у гэты момант знаходзіўся чалавек, які зможа дапамагчы, накіраваць, а часам і засцерагчы ад небяспечных “на зуб” даследаванняў. Эфектыўнымі ў такіх выпадках з’яўляюцца пазнавальныя праекты з цікавымі даследаваннямі, фокусамі і эксперыментамі. Нядаўна выхавальнікі ясляў-сада №2 г.п.Ушачы правялі творчы абмен педагагічным вопытам па эксперыментальна-даследчай рабоце пад назвай “Калейдаскоп педагагічных работ”.
Цікавы даследчы праект пад назвай “Смачная небяспека”, прадставілі выхавацелі старэйшай рознаўзроставай групы Алена Уладзіміраўна Кавалёва і Валянціна Генадзьеўна Віннік. Дзеці даведаліся, што цукеркі ў старажытнасці выраблялі з сухафруктаў, арэхаў, насення і мёду, яны былі карыснымі і прадаваліся ў аптэках. Выхаванцы захацелі даведацца ўсё пра сучасныя цукеркі: правялі дослед, якая цукерка пры ўжыванні даўжэй за ўсіх знаходзіцца ў роце, у растворы якой псуецца шкарлупіна яек. А Мацвей Стэльмах так захапіўся праектам, што папрасіў сваю бабулю навучыць гатаваць шакалад.
Вынік уразіў не толькі дзяцей, але і дарослых: калі мама адной дзяўчынкі пачаставала выхаванцаў на свята цукеркамі, яны выбралі толькі шакаладныя, а ад ледзянцоў адмовіліся, аргументаваўшы адказ тым, што шакаладныя цукеркі наносяць менш шкоды зубам і ў іх няма дабавак, якія разбураюць іх эмаль. Вынік даследавання дзеці аформілі ў схему-мадэль, якую намалявалі самі.
Дзеці сярэдняй групы пад кіраўніцтвам Людмілы Цімафееўны Севярын вывучалі ўласцівасці паперы: рэзалі, клеілі, малявалі, мачылі і зрабілі выснову – папера бывае рознага прызначэння.
Дзеці старэйшай групы і выхавальнік Таццяна Мікалаеўна Змітрачэнка зрабілі дослед уласцівасці вады: правялі розныя вопыты, каб даведацца, як расліны п’юць, ці з’яўляецца вада з пары.
Малыя з рознаўзроставай групы з выхавальнікам Любоўю Іванаўнай Шаўчэнка вывучалі снег. І пасля эксперыменту з растопленым снегам наўрад ці захочуць браць яго ў рот.
А дзеці другой малодшай групы зацікавіліся жыццём птушак зімой, рознабакова вывучаючы іх разам са Святланай Мікалаеўнай Карабань. Яны навучыліся беражліва ставіцца да прыроды, а іх бацькі дапамаглі вырабіць новыя кармушкі.
Спрыяць інтэлектуальна-творчаму развіццю, абудзіць у дзяцей пазнавальную актыўнасць – мэта дадзенага напрамку нашай работы. У дашкольнай установе працуюць неабыякавыя, апантаныя сваёй справай людзі, з дапамогай якіх пазнанне дзецьмі навакольнага свету становіцца цікавым і займальным. Дзеці вучацца разумець і любіць прыроду, берагчы сваё здароўе.
А.БАНЕЎСКАЯ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №2 г.п.Ушачы.