“Магу памыляцца, але, па-мойму, гадоў каля пятнаццаці гэта зямля плуга не бачыла…” – разважаў у панядзелак на полі за Ліпаўцом Аляксандр Майсеенка. Яго ж калегу і цёзку займалі думкі больш практычнага кшталту: “Як падумаю пра вунь той касагор – трэці дзень заснуць не магу. Але ж там ужо суха, трэба араць!” – паказваў малады работнік ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Селезень на і сапраўды круты схіл. І неўзабаве два МТЗ-1221 адправіліся “штурмаваць” чарговы сушэйшы ўчастак, пакідаючы даволі шырокі след свежаўзнятай глебы.
Геаграфія дзейнасці ільюшынскіх механізатараў не павінна здзіўляць, бо гэтай гаспадарцы зараз перададзены каля 130 гектараў зямель “Райаграсэрвіса” ў наваколлі былой фермы “Ліпавец”. Яны апрацаваны гліфасатамі яшчэ з восені і як толькі крыху падсохла, хлебаробы прыступілі да ворыва пад яравую сяўбу.
У “Ільюшынскім” пачалі гэты від работ першымі ў раёне яшчэ ў мінулую пятніцу менавіта з ліпавецкіх палеткаў, дзе на пагорках промні сакавіцкага сонца хутка выдаляюць вільгаць з пясчанай глебы. Уздымаюць яе пакуль выбарачна: у суботу аралі ў жарскай частцы гаспадаркі, у нядзелю нечаканы адпачынак прынёс раптам выпаўшы снег. Але з пачатку новага тыдня два Аляксандры зноў вялі адлік гектараў за Ліпаўцом.
Тэхніка ў механізатараў спраўная, станіны плугоў яшчэ яўна носяць сляды заводскай фарбы, хаця некаторыя рабочыя органы агрэгатаў за пару-тройку сезонаў, канечне, прыйшлося мяняць.
– Вясной не так збіваюцца плугі, – на правах старэйшага расказвае пра некаторыя асаблівасці справы А.Майсеенка. – Вільгаці хапае, таму праблемы ўзнікаюць толькі пры наяўнасці вымачак. Метал жа зношваецца ў асноўным восенню, калі араць даводзіцца сухую глебу.
З восені, дарэчы, у гаспадарцы не ўдалося стварыць запас ворыва, таму і працуюць механізатары на сонечных схілах амаль увесь светлавы дзень – пад яравую сяўбу адведзены плошчы ў 1742 гектары, з якіх 1388 – веснавое ворыва. Напрыклад, у іх суседзяў з КУСГП “Вялікадолецкае” яравы клін не намнога меншы, але тут большую частку – 907 з 1500 запланаваных гектараў – узаралі восенню. Ну і, мабыць, найбольш упэўнена адчуваюць сябе хлебаробы ААТ “Дземенец”, якія звыш 900 гектараў з неабходных пад яравую сяўбу 1050 запрацавалі яшчэ ў мінулым годзе.
У астатніх гаспадарках аб’ёмы меншыя, але ж і спраўных адзінак тэхнікі для апрацоўкі глебы нямнога. Таму марудзіць з ворывам нельга ні ў якім разе – зусім хутка сяўба.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.