Традиционные соревнования по волейболу прошли в Ушачах

Cпорт

Спаборніцтвы па жаночым валейболе да Дня маці і Дня жанчын у нашым раёне традыцыйныя. Яны могуць праходзіць крыху раней або пазней гэтых святочных дзён, аднак нязменна адбываюцца. І гэта, на жаль, адзіная магчымасць камандам сустрэцца і праверыць свае сілы, паколькі не займаюцца сістэматычна і не сустракаюцца на працягу года. А спарынг з моцным праціўнікам так патрэбны любой камандзе. Напрыклад, дзяўчатам з Ільюшына, якія будуць прадстаўляць раён на абласных спаборніцтвах па жаночым валейболе.

Саперніцам з Лепеля яны саступалі толькі спачатку – чыста псіхалагічны момант. Потым жа бойкія ільюшынскія дзяўчаты акрыялі і змагаліся з моцнымі, вопытнымі і больш сталымі валейбалісткамі на роўных.

Гэтыя спаборніцтвы вылучаліся ад астатніх менавіта моцным складам каманд. Не было такіх, хто ўмее як-ніяк падаваць і крыху пасаваць, таму і назіраць за паядынкамі было вельмі цікава. Як падымалі любы мяч: з сеткі, пасля блокаў, ля самай падлогі. Як беглі за межы пляцоўкі, каб толькі выратаваць мяч і, раззлаваўшыся, адыгрывалі па 7 ачкоў запар. Гэта было характэрна для гульні нашай каманды “Вікторыя”: прайграюць, значна прайграюць валейбалісткам з Лепеля, а потым на падачу выходзіць Галіна Ігнатовіч і лік з 17 становіцца 23. У гэтай партыі ачкоў больш не набралі і прайгралі, другую выйгралі і зноў жа ва ўпартай барацьбе прайгралі трэцюю.

І хоць над ільюшынскай камандай “Вікторыя” атрымала перамогу, далася яна вельмі няпроста.

Хто быў мацнейшы? Па факце – госці, якія і выйгралі кубак. Па сутнасці – пераможцам, калі б крыху больш шанцавання ці некаторых акалічнасцей, магла быць любая з каманд. Напрыклад, у “Вікторыі” двое ігракоў выходзілі на пляцоўку хворымі, пасля нядаўніх траўм былі дзяўчаты ў камандзе з Ільюшына. І калі б меней было ўласных памылак: тая ж “Вікторыя” гераічна навёрствала ачкі, якія фактычна “падарыла” саперніцам няўдалымі падачамі, недальнабачнымі дзеяннямі. Так, валейбол – тактычная гульня і складнікаў перамогі тут вельмі многа. Поспеху дасягае не толькі той, у каго дакладныя перадачы і прыёмы, а перш за ўсё той, хто думае на некалькі крокаў наперад. Менавіта тактычнай падрыхтоўкі пакуль не хапае дзяўчатам з Ільюшына, якія, па меркаванні іх першага трэнера Антаніны Аркадзьеўны Крывапушчанкі, і павінны былі перамагчы. З ёй нельга не пагадзіцца. Ільюшынская каманда вылучаецца не толькі маладосцю, а значыць добрай хуткасцю і манеўранасцю на пляцоўцы. Валейболам дзяўчаты займаюцца з пятага класа, у кожнай адпрацаваны ўсе неабходныя тэхнічныя прыёмы. А вось упэўненасці і прадуманасці не хапае. Аднак, менавіта за імі будучыня. І напэўна, не стае ім яшчэ аднаго – таго жадання да перамогі, якое існуе ў капітана “Вікторыі”. А ігракам гэтай каманды – адсутнасць пастаянных трэніровак, сістэматычна займаецца толькі Марыя Баратынская. І гэта было бачна – менавіта яе можна назваць іграком нумар адзін і каманды, і турніру наогул.

Так што пажадаць нашым валейбалісткам можна толькі аднаго – гуляць не ад спаборніцтваў да спаборніцтваў, а трэніравацца пастаянна. Тады і каманд будзе як раней – па сем-восем, і паглядзець на гульню будзе прыемна, як і падчас суботніх паядынкаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *