Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

У “паход” па метал

часам выходзяць асобныя жыхары нашага раёна. “Рэвізуюць” найперш нежылыя дамы, дзе спадчыннікі з’яўляюцца не так часта. Вось і нядаўна “металіст” наведаў дачны дом у Ільюшыне, адкуль вынес… рухавік ад пральнай машыны.

Зламыснікам аказаўся беспрацоўны жыхар узгаданага аграгарадка 1975 года нараджэння. Каляровы метал ён хутка збыў, а атрыманыя грошы патраціў на спіртное. У адносінах мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Выкрадаць – не камяні цягаць

Адзін з апошніх сваіх візітаў на дачу ў Мосары жыхарка гарпасёлка, напэўна, запомніць надоўга. Пра тое, што за час яе непрацяглай адсутнасці тут нехта “пагаспадарыў”, сведчыла разбітае ў доме акно. Агляд маёмасці пацвердзіў змрочныя здагадкі – з памяшкання знік DVD-прайгравальнік.

Выкрадальнікам аказаўся жыхар Мосара 1991 года нараджэння. У адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа, дарэчы, ужо не першая ў біяграфіі маладога мужчыны.

“Пацярпелі” слоікі

У міліцыю звярнулася ўшачанка з заявай аб тым, што з яе падвала ў доме №2 па вуліцы Камсамольскай зніклі прадукты харчавання. Невядомы і, па ўсім відаць, галодны злодзей, перапіліўшы дужку замка ўваходных дзвярэй, пранік у памяшканне, адкуль вынес слоікі з нарыхтоўкамі. Урон, які панесла грамадзянка, склаў каля 100 рублёў.

“Пачысцілі” аўто

Ну хто б падумаў, што пакінуты ў двары дома гарпасёлка аўтамабіль практычна на вачах гаспадара стане аб’ектам павышанай цікавасці з боку зламыснікаў?! Аднак палезлі ж. Ноччу нехта пранік у салон транспартнага сродку і правёў там “рэвізію”. Здабычай сталі СD-прайгравальнік, флэш-карта і іншыя рэчы на суму 248 рублёў.

Колькі ваўка ні кармі…

“Гаспадарлівы” зламыснік, разбіўшы аконнае шкло, прабраўся нядаўна ў дачны дом жыхара Наваполацка ў вёсцы Павулле Ушацкага рана і вынес адтуль бензапілу “Шціль”, кірзавыя боты і нават пачак грэчневай крупы.

Аднак застацца незаўважаным ужо судзімаму жыхару вёскі Рог 1977 года нараджэння не ўдалося – ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Частка незаконна здабытага ім “скарбу” вернута ўладальніку, а ў адносінах выкрадальніка ўзбуджана чарговая крымінальная справа.

Вясёлы аўтамабіліст

Выпадкі, калі грамадзяне садзяцца за руль пасля прыняцця на грудзі чаркі-другой, на жаль, працягваюць існаваць. Жыхар жа Чашнік пайшоў яшчэ далей – калясіў па дарогах адразу некалькіх раёнаў пад моцным уздзеяннем наркатычнага сродку. Падчас яго затрымання на 32-м кіламетры аўтадарогі “Лепель-Полацк” (у вёсцы Сарочына) ў яго машыне былі знойдзены амаль 3 грамы такой “атруты”. Маладому чалавеку пагражае арышт.

Гарачыя” сляды халоднай зброі

Спрэчка, якая ўзнікла падчас сумеснага застолля паміж сужыцелямі-пенсіянерамі з аграгарадка Глыбачка, ледзь не скончылася трагедыяй. Каб паста­віць на месца сваю “другую палавінку”, падагрэты алкаголем мужчына ў якасці галоўнага “выхаваўчага” сродку выкарыстаў сталовы нож. Удар прыйшоўся ў вобласць пляча. Па факце наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў у адносінах агрэсара ўзбуджана крымінальная справа.

Небяспечная “клубнічка”

Чарговы аматар “клубнічкі” – на гэты раз ушачанін 1998 года нараджэння – размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” відэаролікі парнаграфічнага зместу. Прычым, як і яго папярэднікі, хаваць іх ад іншых карыстальнікаў інтэрнэта не стаў – любы жадаючы меў магчымасць прагледзець ці скапіраваць своеасаблівы па змесце матэрыял. Аднак малады чалавек не ўлічыў, чым гэта можа абярнуцца, – у адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *