Старейшина Двор Усвеи Галина Матиевская про каждого жителя знает, как про родного

Саветы і жыццё

Ранняя вясна, а равок, што нясе ваду прама ў возера Усая, чысты, нібы пасля суботніка. Паколькі менавіта такія месцы часта выкарыстоўваюць для таго, каб схаваць смецце, цікаўлюся ў старэйшыны Двор Усвеі, чыя ж гэта зона адказнасці. І Галіна Фёдараўна Маціеўская ахвотна адказвае, што парадак тут заўсёды падтрымлівае Марыя Іванаўна Малахава.

“Жыхароў у вёсцы на некалькі вуліц зараз засталося нямнога, тым больш поўных сямей. Вось і Анатоль Сцяпанавіч Найдуноў аўдавеў, а на іх залатым вяселлі мы, напэўна, усёй вёскай гулялі – у “Патрыёце” агульны здымак быў. Зімой ён у дачок, а летам наш незаменны спявак на святах вёсак дамоў вяртаецца. Ніна Паўлаўна Хадунова, мой папярэднік – старэйшына вёскі, таксама адна засталася. Аліна Іванаўна Дубіна вельмі кветкі любіць, як і Марыя Іванаўна Малахава. Прыгожыя палісаднікі ў Дзіяны Пятроўны і Рыгора Сцяпанавіча Хадуновых, Людмілы Васільеўны і Любові Уладзіміраўны Камовічаў”.

Пра кожнага – як пра роднага, так, як гавораць пра людзей, якіх ведаеш усё жыццё. Таму нават не пыталася, ці мясцовая старэйшына вёскі – падалося, што інакш і быць не магло. Аказалася, сваёй жанчына стала толькі пасля замужжа. Па суседству з яе бацькоўскім домам у Полацку жыла цётка яе будучага мужа Анатоля Арсенавіча. Так і пазнаёміліся.

Хоць працавалі і жылі ў Полацку, з 1974 года Двор Усвея стала для яе другім домам. Прыязджалі сюды і па выхадных, і ўлетку. І як кожны мясцовы гаспадар праводзілі адпачынак… на ўчастку. Свёкар, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, зусім невыпадкова слыў у “Глыбачанах” перадавіком. Працаголік па натуры, Арсен Іванавіч і сам вельмі шмат працаваў, і дзяцей не песціў.

“Возера – за агародам, а пакупацца маглі толькі для перадышкі, а каб паляжаць, пазагараць – ніколі. Сена, градкі, усё цыклічна і размерана,” – прыгадвае Галіна Фёдараўна. І калі ў 2006 годзе свёкру спатрэбіўся догляд, яны, не дапрацаваўшы да пенсіі, звольніліся з работы і пераехалі ў вёску. І хоць сацыяльным работнікам і зараз лічыцца муж, зразумела, дапамагаюць сваім падапечным  амаль заўсёды разам.

– Усе мае праблемы больш звязаны не з нашай вёскай, а з Пеннай Нівай, дзе пражывае наша падапечная Ніна Барысаўна Гамзюк, – гаворыць Галіна Фёдараўна. – У нас вёску чысцяць спраўна: і аўтобусы ходзяць, і аўтакрама, а туды прадукты даводзіцца насіць. І ў лазню да сябе  жанчыну прывозім, дык вось каб дабрацца, даводзіцца выходзіць на старшыню сельсавета.

У нас жа калі нешта трэба, напрыклад, паправіць дарогу, падсыпаць, дык дапамогуць Андрэй Мікалаевіч і Мікалай Андрэевіч Малахавы. Ёсць уласныя трактаркі, мінулы раз Андрэй прывёз, а Андрэевіч разраўняў зямлю. Летась старшыня сельвыканкама арганізавала альпіністаў і выразалі дрэвы на могілках. Вось і ўсе нашы праблемы. Зразумела, што хапае клопату ў кожнага, тым больш што літаральна ўсе нашы жыхары, акрамя Малахавых-малодшых – ва ўзросце. Аднак са здароўем ужо не дапаможаш, ды мы і не скардзімся, любім збірацца разам, любім, калі да нас прыязджаюць культработнікі і праходзіць свята вёскі. Пірагамі сустракаем тады гасцей.

Сродкі самаабкладання, якія ідуць на нашы агульныя патрэбы, без праблем здаюць і карэнныя, і дачнікі. У нас усё разам. Наогул тут жывуць вельмі дружныя людзі, радасць і бяда любога – агульная. А зараз, калі жыхароў засталося мала і кожнага абслугоўваюць свае ж сацыяльныя работнікі, то наогул няма ніякіх тайн. Ды на вёсцы заўсёды адзін пра аднаго ўсё ведалі.

Няма ў вёсцы ні гультаёў, ні выпівох, ну а з моладдзю, Наташай і Андрэем Малахавымі, наогул пашчасціла, як са шчаслівым білетам. Яны выручаюць любога. Ніколі ні ў чым не адмовяць, да таго ж Наташа – сацыяльны работнік, выдатна ведае праблемы пажылых людзей, і зразумела, дапамагае ва ўсім, а не толькі ў тым, што ўваходзіць у пералік паслуг.

Самастойная працуючая моладзь на вёсцы – гэта сапраўды знаходка і апора. Ну а старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Храмцова са станоўчага боку адзначае сваю памочніцу Г.Ф.Маціеўскую, з якой вырашае ўсе злабадзённыя пытанні.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *