В Ушачском районе рабочие группы в очередной раз проверили социально-бытовые условия ветеранов

Cлужба-101

Калі ў панядзелак члены адной з рабочых груп па абследаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асоб, пацярпелых ад яе наступстваў, членаў сямей загінуўшых воінаў завіталі да ветэрана Зінаіды Сцяпанаўны Жданко, жанчына сустрэла іх на парозе свайго дома як добрых знаёмых – візіты прадстаўнікоў зацікаўленых службаў для яе звыклыя. “Сын пастаянна наведвае, сацыяльны работнік даглядае. Сабачка во ёсць, Еўрык, а еўры не патрэбны, усяго хапае! – на жыццё ветэран не скардзіцца. Хіба на здароўе, якое часта падводзіць, але, улічваючы ўзрост гэтай катэгорыі грамадзян, гэта не дзіўна.

Іх у раёне засталося нямнога. Ва Ушачах і сельскіх населеных пунктах пражывае 26 удзельнікаў і 3 інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 36 вязняў, 7 членаў сямей загінуўшых воінаў. Большасць упарта трымаецца родных сцен, перабіраючыся да дзяцей, толькі калі ўжо зусім аслабеюць. Як Надзея Ягораўна Кальверш – хоць і добра ёй ва ўтульным доме дачкі ва Ушачах, з першымі подыхамі вясны ўжо думкамі ў сваёй Белюкоўшчыне, плануе заданні для дзяцей і ўнукаў: як і што садзіць у агародчыку, дзе зямелька за дзесяцігоддзі тысячы разоў прайшла праз яе намазоленыя рукі.

Непадалёк, па гэтай жа вуліцы Горкага, у доме з шыльдай “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны” спецыяліста па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольгу Іванаўну Гаравую і намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэя Міхайлавіча Уліновіча, якія праводзілі абследаванне ў гарадскім пасёлку, вітаў Уладзімір Іванавіч Марозаў. Франтавік жыве адзін, карыстаецца паслугамі работніка ТЦСАН, на работу якога нараканняў няма. Трэба адзначыць, што якасць абслугоўвання з боку гэтай службы станоўча ацанілі ўсе наведаныя ветэраны, а Кацярына Мікалаеўна Васілеўская наогул адзначыла, што сацыяльны работнік Ніна Мікалаеўна Гатаўская за гады догляду стала для яе вельмі блізкім чалавекам.

Члены рабочых груп цікавіліся сацыяльна-бытавымі ўмовамі ветэранаў і вязняў, вывучалі запыты і пажаданні, праблемы пажылых людзей, каб пры неабходнасці аказаць дапамогу ў іх вырашэнні. Амаль усе ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны з ліку жыхароў гарпасёлка маюць уласныя дамы, таму члены рабочай групы звярталі ўвагу на забяспечанасць палівам, спраўнасць і бяспечнасць электраправодкі і сістэм ацяплення, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. За невялікімі выключэннямі праблем з гэтым няма, тым больш, што, напрыклад, да сядзіб Васіля Маркіянавіча Клопава, Аляксея Максімавіча Алексяёнка зараз падведзены газ.

– Прапануем абслугоўванне на доме тым, хто не карыстаецца нашымі паслугамі, – расказвае на шляху да чарговага домаўладання В.І.Гаравая. – Людзі маладзей не становяцца. Вывучаем, ці плануюць яны садзіць агароды, ці патрэбны ім сродкі рэабілітацыі. Сёння прыемна канстатаваць, што дзяр­жаўным органам улады ў вырашэнні надзённых пытанняў ветэранаў насустрач ідуць арганізацыі і прадпрыемствы. У нашай службе адзін аўтамабіль на ўвесь раён, таму мы ўдзячны праўленню райспажыўтаварыства, якое выдзяляла транспарт для падвозу ў бальніцу ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і спажывецкай кааперацыі К.М.Васілеўскай.

Бывае і такое, што ад сацыяльнага работніка ветэраны, якія раней былі на абслугоўванні, адмаўляюцца. Той жа А.М.Алексяёнак карыстаўся паслугамі ТЦСАН, але зараз з ім пастаянна пражывае сын, які даглядае бацьку. Ды і сам Аляксей Максімавіч, дарэчы, яшчэ можа калі-нікалі наведацца з-за рэчкі ў цэнтр гарпасёлка за пакупкамі. Дзякуе ўладам за ўвагу, але адмаўляецца пакуль ад сацыяльнага работніка і Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, адзіны застаўшыся ў жывых на тэрыторыі Глыбачанскага сельсавета ветэран Вялікай Айчыннай вайны… Адыходзяць салдаты Перамогі, кожны з якіх – “жывая гісторыя”, таму клопат аб іх заўсёды быў і застаецца ў прыярытэтах дзяржаўнай палітыкі нашай краіны, органаў улады на месцах.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *