Территориальный центр социального обслуживания населения Ушачского района отметил 15-летие

Юбилейные даты

Ахінуць увагай адзінокага нямоглага чалавека, прыўнесці яркіх фарбаў у будні сталага пенсіянера, псіхалагічна і матэрыяльна падтрымаць тых, хто збіўся з жыццёвага шляху, трапіў у бяду, страціў сябе. Гэта толькі вяршыня айсберга мэт і задач, спраў і клопатаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, які 5 сакавіка адзначыў 15-годдзе з дня свайго ўтварэння.

Утварэнне тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання – толькі частка шматграннай сацыяльнай палітыкі, якую праводзіць дзяржава. На працягу 2000-2003 гадоў цэнтры былі сфарміраваны ў кожным раёне рэспублікі. У цяперашні час у краіне функцыянуе 156 тэрытарыяльных цэнтраў, на ўліку ў якіх знаходзіцца больш за 1,6 мільёна чалавек, у тым ліку 155,7 тысяч  адзінокіх і 560 тысяч адзінокапражываючых людзей, 9,5 тысячы сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, больш 186 тысяч мнагадзетных і няпоўных сямей, 22,4 тысячы сямей з дзецьмі-інвалідамі.

Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды юбілею арганізацыі, за 15 гадоў работы зроблена вельмі многае, работнікі службы з’яўляюцца праваднікамі асноўных накірункаў сацыяльна-арыентаванай палітыкі дзяржавы, фарміруюць яе станоўчы імідж. “Аналізуючы вашу работу, здзіў­ляюся, колькі цеплыні, любові, клопату, дабра вы несяце людзям, часта ахвяруючы сабой. Вы адна з лепшых арганізацый па паказчыках работы і добрая каманда.”

Вольга Мікалаеўна ўручыла працаўнікам заслужаныя ўзнагароды. Так, Ганаровай граматай Ушацкага райвыканкама адзначаны Віктар Пятровіч Долгі, Падзякі старшыні райвыканкама аб’яўлены Валянціне Іванаўне Лабэцкай, Маргарыце Анатольеўне Майсеенка. Падзякі Ушацкага раённага Савета дэпутатаў аб’яўлены Вользе Іванаўне Гаравой, Святлане Павіласаўне Мядзвецкай, а таксама ААТ “Дземенец” (дырэктар А.В.Шарыпенка) і дырэктару УП ЖКГ С.Б.Завадскаму за плённае супрацоўніцтва і вялікі ўклад у рашэнне пытанняў па забеспячэнні жыцця­дзейнасці насельніцтва раёна.

Аб тым, што служба падышла да юбілейнай даты з добрымі вынікамі, адзначыла ў сваім выступленні і начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Мікалаеўна Астапенка. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна з’яўляецца адным з лепшых з 25-ці аналагічных устаноў вобласці. Бачны ўклад сацыяльных работнікаў Ушаччыны і ў тым, што па выніках работы за мінулы год камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама быў прызнаны лепшым сярод профільных камітэтаў рэспублікі. “Словы ўдзячнасці хачу выказаць абсалютна кожнаму работніку службы, вы ўсё ўмееце і ведаеце, у вас усё атрымліваецца пад кіраўніцтвам Алесі Уладзіміраўны Хвашчэўскай”, – адзначыла, уручаючы ўстанове памятны падарунак, В.М. Астапенка. Дарэчы, прозвішча А.У.Хвашчэўскай занесена на Дошку гонару камітэта.

Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама за добрасумленную эфектыўную работу, асабісты ўклад у рэалізацыю дзяр­жаўнай палітыкі ўзнагароджана сацыяльны работнік Ларыса Леанідаўна Карабань. Падзяка старшыні камітэта аб’яўлена загадчыку аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Наталлі Аляксандраўне Коршун і сацыяльнаму работніку Алене Паўлаўне Лаўрыновіч. Таксама за эфектыўнае супрацоўніцтва па рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў раёне, узаемадзеянне ў рашэнні задач Падзякі старшыні камітэта аб’яўлены калектыву райбальніцы, начальніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёву, дырэктару ТАА “Лес” І.М.Андрэеву. ТЦСАН цесна супрацоўнічае з многімі арганізацыямі Ушаччыны, так, за ўзаемадзеянне пры рашэнні сумесных задач у арганізацыі пажарна-прафілактычнай работы на тэрыторыі раёна грамата Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС была ўручана А.У.Хвашчэўскай.

За плячыма супрацоўнікаў цэнтра – багаты вопыт работы ў сацыяльнай службе. У іх дружным калектыве сёння налічваецца 140 чалавек, з іх 89 сацыяльных работнікаў, 39 чалавек працуюць у цэнтры больш 10 гадоў. Першым дырэктарам ТЦСАН была Зінаіда Іванаўна Пракапенка, з 2002 па 2014 год цэнтрам кіравала Наталля Мікалаеўна Марковіч. Апошнія тры гады яго паспяхова ўзначальвае Алеся Уладзіміраўна Хвашчэўская. Не забываюць у калектыве сваіх ветэранаў: Г.А.Чарнышова, С.А.Быкава, Г.У.Плікат, Т.І.Юркевіч, В.П.Жаваранак, А.П.Шкодзіна атрымалі да юбілею ўстановы памятныя падарункі.

Для сваіх падапечных – пенсіянераў, інвалідаў – супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра становяцца роднымі людзьмі. Яны павінны знайсці падыход да кожнага, нягледзячы на характар, настрой і эмоцыі. Неабходнасць такой службы бясспрэчная. Як і тое, што справіцца з ёй пад сілу далёка не кожнаму. За добрасумленнасць і адданасць рабоце Лісты падзякі ТЦСАН атрымалі сацыяльныя работнікі Г.В.Сазонава, В.В.Літвіновіч, Н.П.Хамёнак, Н.А.Спірыдовіч, К.В.Аўдошка, А.П.Семеж, Т.М.Хадан, З.В.Казачонак, Т.Ф.Качан, І.А.Фурманёнак, Н.М.Гатаўская. За плённае супрацоўніцтва Лісты падзякі ­ТЦСАН былі ўручаны начальніку філіяла “АТП №6 г.Наваполацка ААТ “Віцебскаблаўтатранс” участак г.п.Ушачы” А.Я.Іоскіну, в.а. начальніка філіяла ДРБУ №105 Д.П.Цімафееву, начальніку ЛДД №37 П.П.Кляшчонку.

Не мог не прыйсці на гэтае ўрачыстае свята і былы старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец. “З 15 гадоў існавання цэнтра дзесяць мы вельмі цесна супрацоўнічаем. Вельмі дапамагалі мне супрацоўнікі гэтай службы падчас работы з пажылымі людзьмі ў перыяд кіравання саветам ветэранаў, а зараз я з’яўляюся наведвальнікам аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту ў Градзянцы. Тут кожны можа знайсці сабе занятак па інтарэсах і душы, дзякуй вам за вашу працу, нястомнасць і дабрыню!” Дарэчы, пацвярджэннем вышэй сказанаму была цудоўная выстава работ супрацоўніукаў і наведвальнікаў ад­дзяленняў ТЦСАН, арганізаваная ў фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

І з упэўненасцю можна сказаць, што 15-годдзе гэтай установы – салідная дата, бо вылічэнне вядзецца не па колькасці гадоў, а па якасці зробленых спраў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *