Житель Великих Долец из обычного мотоблока сделал универсальную машину

Общество

На цэнтральнай вуліцы ў Вялікіх Дольцах раздаўся рокат трактарка. Зусім не дзіва для вёскі, таму ў мясцовых жыхароў ніякага ажыўлення на тварах і не прыкмеціла. Яны павіталіся з Леанідам Леанідавічам Стрыжонкам, працягваючы займацца сваімі справамі. А вось немясцовы вадзіцель не мог адвесці ад трактарка вачэй. Падышоўшы бліжэй, зацікавілася агрэгатам і я.

Некалі гэта быў звычайны мотаблок. А зараз – універсальная машына, што выручае літаральна ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Па-першае, канечне, на ёй арэцца ўчастак: чапляюцца плуг, бароны і наогул выконваецца літаральна ўвесь сельскагаспадарчы цыкл работ. Для гэтага ў Л.Л.Стрыжонка ёсць усе прычапныя прылады, якія лёгка мяняюцца ў залежнасці ад сезона. Па-другое, Леанід Леанідавіч прымацаваў да мотаблока аснову пад два пасадачныя месцы.

Ды што там два, прыгадвае, што ў грыбы і ягады ў прычэпе “Моцік” вёз адразу сем чалавек. Рухавік моцны, вытрымае і большую вагу, вось толькі давядзецца чапляць на мост нешта цяжкое, каб забяспечыць счапленне колаў з дарогай.

У лес, на рыбу і нават ва Ушачы па справах: дзіва-машына незаменна практычна ва ўсіх вясковых справах. А калі ўлічыць, што ўжывае зусім мала бензіну, то проста цаны ёй няма. На пяцьдзесят кіламетраў шляху па асфальце зрасходаваў усяго два літры бензіну. Бегчы ж яго “Моцік” можа з хуткасцю 30 кіламетраў у гадзіну.

“Самае складанае – прыдумаць, як што зрабіць, а ўжо прыварыць, дакруціць – дробязі”, – гаворыць Леанід Леанідавіч. А рухавіком любога прагрэсу называе… ляноту. За мотаблокам жа трэба ха­дзіць, таму і пачаў прыдумваць, каб і самому катацца, і груз які перавезці. Памяняў на больш устойлівыя колы самога мотаблока, пад сядзенні пайшлі колы ад матацыкла, ад яго ж і шчыт з рулём, прычапная будка – ад крытай машыны. У бліжэйшых планах – зрабіць дах над галавой, каб і дождж не трапляў на кіроўцу.

За ідэю грошай нашы людзі не бяруць, таму і вы можаце скарыстацца вопытам Леаніда Леанідавіча і зрабіць свой мотаблок універсальнай машынай на ўсе выпадкі жыцця, а не толькі агрэгатам для апрацоўкі агарода.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *