Выбар прафесіі – справа важная і адказная. Ад гэтага ў многім залежыць, як складзецца жыццёвы шлях.
Так атрымалася, што пасля заканчэння школы ўшацкі хлопец Дзмітрый Карэйша паступіў у Полацкі педагагічны каледж, хоць быць настаўнікам і не ўваходзіла ў яго планы. Па размеркаванні трапіў у адну са школ Докшыцкага раёна, дзе выкладаў англійскую мову. Але папрацаваць з дзецьмі давялося толькі паўгода – юнака забралі ў армію. Правільна выхаваны, ён лічыў, што гэта не толькі абавязак і неабходнасць, але і школа, праз якую трэба прайсці кожнаму мужчыне. Пасля службы ў арміі вярнуўся ва Ушачы. Трэба было працягваць работу далей, аднак месца ва Ушацкай школе на той момант не было. У пошуках працы Дзмітрый даведаўся, што ёсць магчымасць уладкавацца ў райгаз слесарам, і не раздумваючы, пайшоў у арганізацыю, бо першапачаткова хацеў быць інжынерам, прыцягвала тэхніка. Так стаў працаваць у зусім іншай сферы.
Як і любому маладому спецыялісту, было цяжка распачынаць працоўны шлях, тым больш на новым месцы і ў новым калектыве, ды яшчэ з педагагічнай адукацыяй. Прыйшлося асвойваць незнаёмую для сябе справу, якая адразу зацікавіла – слесар па рамонце і эксплуатацыі падземнага газаправода. Работа складаная і адказная, бо газ – тая рэч, дзе не павінна быць ніякіх памылак і недахопаў. Дапамагалі ўнікнуць у курс справы калегі па рабоце. І ў многім заслуга сённяшніх поспехаў Д.Карэйшы майстра Пятра Францавіча Ганчаронка, які многаму навучыў і параіў паступаць маладому спецыялісту ў вышэйшую навучальную ўстанову. Дзмітрый добра здаў экзамены і паступіў на завочнае аддзяленне Полацкага дзяржаўнага універсітэта на спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне”, ды яшчэ на бюджэтную аснову, на якое колькасць месцаў для завочнікаў заўсёды вельмі абмежаваная. Сёння ён ужо студэнт другога курса. А ў хуткім часе пасля паступлення маладога спецыяліста назначылі майстрам, у яго падпарадкаванні цяпер тры слесары і вадзіцель, і канечне, стала больш адказнасці і работы наогул, чым раней. Але гэта ніколькі не палохае маладога чалавека і ён не шкадуе, што пайшоў па іншым шляху. Газавая справа падабаецца, прыносіць задавальненне, а значыць і лягчэй выконваць яе на высокім прафесійным узроўні. Менавіта за адказнасць, сумленнасць, дысцыплінаванасць і вылучае кіраўніцтва райгаза Дзмітрыя Карэйшу сярод іншых работнікаў.
Хлопец таксама прызнаўся, што падабаецца яму жыць ва Ушачах і пакуль не збіраецца мяняць месца жыхарства. Тут яго бацькі, родныя, сябры, а ў бліжэйшых планах – змяніць халасцяцкае жыццё на сямейнае.
На здымку: Д.Карэйша.