В Ушачах подведены итоги районного этапа республиканского конкурса детского рисунка на экологическую тематику

Экология

Выбраць лепшы дзіцячы “шэдэўр” з мноства прадстаўленых на раённы этап рэспубліканскага конкурсу на экалагічную тэматыку аказалася няпростай задачай. Гледзячы на работы, міжволі прыходзіш у захапленне і за кожнай бачыш старанне маленькіх мастакоў. Няхай яны і не маюць высокага ўзроўню выканання, затое так шчыра перадаюць дзіцячае ўспрыманне прыгажосці прыроды, беражлівых адносін да яе, неабходнасці захавання багаццяў роднага краю.

Такія назвы работ, як “Беражыце прыроду”, “Не засмечвайце вадаёмы”, “Выбар за табой” гавораць самі за сябе. Асабліва прыемна было разглядаць работы самых маленькіх удзельнікаў конкурсу, як дакладна яны стараліся намаляваць птушачак, сонейка, вясёлку і іншае. Парадавалі майстэрствам і неардынарнасцю і малодшыя школьнікі.

Розныя па стылі і выкананні работы прадставілі дашкольныя ўстановы гарпасёлка і амаль усе школы раёна. Члены журы, якое па традыцыі ўзначаліў дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч, ацэньвалі раскрыццё тэмы, асабістую аўтарскую задуму, арыгінальнасць работы.

– Гэты конкурс праходзіць у нашай краіне штогод. Сёлета да нас у раённую інспекцыю паступіла 59 работ. Кожны малюнак па-свойму адметны і заслугоўвае ўвагі. Сапраўды, нашы дзеці, здавалася б, да простых заданняў знаходзяць розныя творчыя падыходы, – адзначае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ніна Васільеўна Крахотка.

Аднак конкурс ёсць конкурс, было адабрана шэсць лепшых работ. Ва ўзроставай катэгорыі 3-5 гадоў першае месца заняла работа “Размалюй свет” Веры Хамёнак, другое прысуджана Аляксандры Міцкевіч з малюнкам “Снегіры”, у тройку пераможцаў увайшоў і малюнак “Лебядзіная вернасць” Лізаветы Шыла. Ва ўзроставай катэгорыі 6-10 гадоў лепшым прызнаны малюнак вучаніцы Ушацкай школы Карыны Гірсёнак пад назвай “З вяртаннем”. Другое месца прысуджана вучаніцы Вялікадолецкай школы Крысціне Пугач за малюнак “Залятайце ў госці”, трэцяе ў Крысціны Якавенкі з Арэхаўскай школы з малюнкам-заклікам “Не засмечвайце вадаёмы”. Работы пераможцаў будуць прадстаўлены для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *