Надвор’е ў гэтым годзе не тое, што не дазваляе аграрыям ні на хвіліну расслабляцца, а прымушае працаваць у даволі напружаным рытме, схапіць кожны спрыяльны момант. У “Вялікадолецкім” і стараюцца максімальна выкарыстоўваць усе сонечныя дзянькі. Так, толькі за чатыры дні без дажджоў паспелі нарыхтаваць 158 тон сена – столькі неабходна па плане, але канечне, яго перавыканаюць, бо збіраюцца насушыць больш двухсот тон, тым больш гэта па сілах – у гаспадарцы два прэс-падборшчыкі, хапае сеяных траў, справа толькі за надвор’ем.
А пакуль кожны дзень ідзе закладка сянажных траншэй, якія для зручнасці кармлення закладваюцца непасрэдна ля ферм. Скошана першым укосам больш пяцідзесяці працэнтаў траў. Як і патрабуецца па тэхналогіі, трава вылежваецца ў валках, перш чым пройдзе праз кормаўборачны камбайн. У рабочым стане іх два, на якія і кладзецца ўся нагрузка. Тэхніка ёсць тэхніка, а таму былі дні, калі прыходзі- лася прастойваць з-за паломак. На некаторыя палі з-за дажджоў яшчэ і праблемна заехаць.
На адвозцы задзейнічана чатыры адзінкі. Пакуль што адвозілі на невялікія адлегласці, а таму камбайны не прастойвалі ў чаканні.
Не першы год працуюць у гаспадарцы браты Сяргей і Рыгор Філімонавы (на здымку). Вось і цяпер у пару корманарыхтоўкі адзін задзейнічаны на камбайне, а другі на адвозцы зялёнай масы. Абодва перадавікі, заўсёды вылучаюцца на адказных работах – так характарызуюць іх у гаспадарцы.
Рабочы дзень механізатараў пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і заканчваецца вечарам пасля 9. Наладжана харчаванне ў полі – падвозяць абеды і вячэры, а таму работа надоўга не спыняецца. Трамбоўка наогул вядзецца ў дзве змены, у тым ліку і ноччу.
Усяго ж КУСГП “Вялікадолецкае” плануе нарыхтаваць толькі сенажу больш 8 тысяч тон, гэта пры такіх тэмпах ды спрыяльным надвор’і – рэальныя планы.
В.ПОЛАЗАВА.