Умеет за себя постоять! Оксана Быкова увлекается… тайским боксом

Мир увлечений

Чаму не вязанне, кветкаводства, бісерапляценне ці хаця б валейбол?  Такое пытанне захацелася задаць Аксане Быкавай, даведаўшыся пра не зусім характэрнае для маладой дзяўчыны захапленне. Ушачанка з’яўляецца прыхільніцай…тайскага боксу!

– Гэта была мая даўняя мара яшчэ са школьных гадоў! А з дзяцінства я расла ў вялікай кампаніі сваіх братоў, калі мае равесніцы гулялі з лялькамі, мне хацелася павазіцца з машынкамі. Тайскі бокс заваражыў мяне па некалькіх прычынах: хацела працаваць у міліцыі і лічыла, што супрацоўнік гэтай службы, нягледзячы на жаночы пол, павінен быць моцным. Таксама пераадольваючы штодня шлях ад Ліпаўца і назад, хацела быць гатовай абараніць сябе ад хуліганаў,  – расказвае Аксана.

Пайсці вучыцца на міліцыянера ў дзяўчыны не атрымалася, а вось падчас вучобы на бібліятэкара ў Магілёве ўдалося рэалізаваць сваё жаданне займацца тайскім боксам.

Гэты від спорту лічыцца жорсткім сярод баявых майстэрстваў, у параўнанні з іншымі ён найбольш набліжаны да рэальнай барацьбы, адпаведна і вельмі відовішчны. Удары наносяцца на ўсіх узроўнях – у галаву, па корпусе, рукамі і нагамі, локцямі і каленямі. Менавіта таму яго называюць боем васьмі канечнасцяў. Хоць гэты від спорту не ўваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў, аднак у Беларусі ён набыў асаблівую папулярнасць.

Здавалася б зусім нежаночае захапленне, аднак яно так зацягнула Аксану, што яна  нават асвоіла яшчэ адзін блізкі від барацьбы – ушу. На кожную трэніроўку дзяўчына хадзіла з вялікім задавальненнем і паказвала добрыя вынікі. На рахунку Аксаны Быкавай шматлікія перамогі на спаборніцтвах рознага ўзроўню, у тым ліку першае месца на чэмпіянаце Магілёўскай вобласці па тайскім боксе, першыя месцы на адкрытым Кубку Беларусі, чэмпіянаце рэспублікі па ушу. У адным з паядынкаў Аксана выходзіла на рынг з беларускай чэмпіёнкай і чэмпіёнкай свету па тайскім боксе Аленай Муратавай.

“Выходзіць на рынг зусім не страшна! У гэты момант адчуваеш такі адрэналін, што не заўважаеш ніякага болю,” – з непадробным захапленнем дзеліцца Аксана.

Аднойчы спартыўныя навыкі спатрэбіліся ўшачанцы і для ўласнай абароны. У студэнцкія гады неяк не дала пакрыўдзіць сябе і сяброўку, адправіўшы ў накаўт нецвярозага хулігана. Моцна той не пацярпеў, але цвярозасць вярнулася да яго адразу.

Вярнуўшыся ва Ушачы працаваць пасля вучобы, А.Быкава пазбавілася магчымасці паўнацэнна займацца любімым відам спорту: “Няма дзе займацца і з кім. Вялікія надзеі ўскладаю на фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які будуецца ва Ушачах, вельмі хочацца, каб там разам з іншымі пляцоўкамі для трэніровак з’явілася і зала для заняткаў адзінаборствамі!” – гаворыць Аксана.

Ну а пакуль ёй прыходзіцца займацца ў сціплых дамашніх умовах, што, канечне, нязручна. Падтрымліваюць, паважаюць такое хобі, ганарацца Аксанай і яе родныя, асабліва любімыя муж Аляксандр і сынок Герман. “Мужа не б’ю, калі вяртаецца дамоў пазней!” – з усмешкай апярэджвае маё пытанне Аксана і гаворыць, што адказваць на яго прыходзіцца часта.

Нядаўна А.Быкава змяніла бібліятэчную справу на работу ў аддзеле прымусовага выканання Ушацкага раёна. “Прачытаўшы ў газеце пра такое захапленне нашага супрацоўніка, усе даўжнікі разлічацца!” – жартуе начальнік аддзела Алена Віктараўна Маслюк.

На ёй добра глядзяцца як баксёрскія пальчаткі, так і прыгожыя сукенкі. І нягледзячы на цягу да боксу, яна не губляе жаноцкасці, застаецца клапатлівай гаспадыняй, любячай мамай і жонкай, шчырым і добрым чалавекам.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *