Каб выкраіць час на гутарку, Ірына Гракава спецыяльна не запісвала ў канцы дня кліентак. Інакш – ніяк. Яе працоўны дзень загадзя распісаны ў асноўным пастаяннымі наведвальніцамі. І нават завараны чай паспявае астыць, пакуль яна знойдзе хвіліну на перадышку.
Тым не менш сваю работу і такі шчыльны графік яна лічыць шчасцем. І прыгадвае словы свайго дзядзькі з Прыбалтыкі, якія сказаў ёй на зары вялікага жыцця: жанчыны ўвесь час займаюцца сваёй знешнасцю і цырульнік, калі ён з галавой, заўсёды будзе пры заробку.
Прыгадае яна іх пазней, калі пройдзе курсы ў Віцебску, Маскве і распачне самастойную справу. А спачатку атрымала прафесію бухгалтара і хадзіла на работу. Зараз прыгадвае – як на катаргу. Настолькі няўтульна ёй было за лічбамі.
Зараз жа наадварот. Няхай стамляецца штодзённа, аднак ідзе ў салон “Сілуэт” з задавальненнем, працуе з радасцю, нестандартна, эксперыментуючы.
“Люблю смелых кліентак, якія давяраюць і мы шукаем нешта новае і ў колеры, і ў форме – такая работа над прычоскай асабліва падабаецца. Наогул рабіць жанчыну прыгожай, бачыць як яна змянілася, як сама сабе спадабалася – вельмі прыемна.
А вось над сабой эксперыментаваць Ірына лянуецца. Ці як чалавек з густам разумее, што натуральную прыгажосць лепш не псаваць. Таму не ўбачыш на ёй яркага макіяжу, а лёгкая хімія арганічна падкрэслівае дзіўную абаяльнасць. Не надта радуецца і абноўкам, намнога большае задавальненне атрымлівае, калі нешта набываюць родныя.
Што сапраўды любіць – гэта калі яны ўсе разам выбіраюцца адпачываць. Свята ў іх сям’і – не падарункі адзін аднаму, таму што так заведзена, а сумесная вандроўка. Вось і на восьмага сакавіка ў іх па плане наведванне конефермы ў Скрабатунах Глыбоцкага раёна. “Едзем не першы раз і нам усім вельмі падабаецца. Я пакуль пачынаючы наезнік, а Ігар, Яфім і Вераніка ўжо ўпэўнена трымаюцца на кані. Звычайна мы бяром і многа хлеба, бо задавальненне атрымліваем ад таго, як падыходзяць да рук жарабяты”.
Ірыніна бязмежная жаноцкасць памылкова стварае ўяўленне слабай жанчыны, патрабуючай трывалага пляча. І хоць яно ў яе ёсць, тым не менш яна вельмі моцная і смелая. Толькі такі чалавек можа распачаць сваю справу з нуля, узяць крэдыт і па кроках станавіцца на ногі. Вось і зараз яна рыхтуе для ўшачанак падарунак: адкрывае больш прасторны салон прыгажосці – з той жа назвай “Сілуэт”, толькі ў памяшканні былога ваенкамата.
Яна ніколі не павышае голасу, з дзецьмі – на роўных, тым не менш хатнія яе слухаюць і паважаюць. Не ўмее яна злаваць і крыўдаваць, падтрымлівае цёплыя адносіны не толькі з блізкімі людзьмі. Не так даўно хавала бабулю – вельмі дальнюю радню, якая прадала ёй свой дом. Яе прывезлі назад пляменнікі і можна сказаць пасадзілі пад дзверы.
А гэты дом у Лутаве Ірына выбрала невыпадкова. Тут жыў яе прапрапрадзед, нарадзілася прапрабабка… і Ірына хацела мець дом з такой моцнай энергетыкай.
Наведвае яна і родных па бацькавай лініі ў Латвіі, старадаўні гарадок, у якім жыла. Ёй, гараджанцы, давялося асвоіць сельскую гаспадарку. Хоць цасаркамі, гусямі, курамі, трусамі, больш займаецца муж, аднак і яна нават пражыўшым жыццё сялянкам можа даць шмат парад. Напрыклад, як лягчэй ашчыпаць гуся. Самы выдатны варыянт: засунуць у печ, тады за лічаныя хвіліны ні пяра, ні пуху. Пераканана, што смачны запечаны гусь можа атрымацца толькі ў рускай печы.
Што ж, ні пер’я, ні пуху Ірыне як у новым салоне, так і ў асабістым жыцці. А яшчэ хочацца, каб кожны з нас мог сказаць, як сёння гаворыць гаспадыня “Сілуэта”: я нічога не хачу мяняць!
Вольга КАРАЛЕНКА.