Што будзе пажаданым падарункам для Людмілы Яўгенаўны Птушкі? На маё пытанне былы бухгалтар Сарочынскага сельвыканкама Галіна Арсенаўна Тарасевіч адказвае без замінкі: посуд.
У сваю чаргу Людміла Яўгенаўна адразу гаворыць, якія густы ў напітках былой калегі: чорная кава без цукру.
Яны ведаюць схільнасці адна адной і дні нараджэнні дзяцей, давяраюць жаночыя і сямейныя сакрэты, раяцца, як сяброўкі. Іх невялікі і выключна жаночы калектыў жыве як адна каманда ці як вельмі блізкія людзі.
Спісаць гэта толькі на трыццаць год сумеснай працы, канечне, нельга. Гэта яшчэ і рысы характараў, чалавечыя якасці, калі і ў напружаным рабочым рытме бачаць у супрацоўніцах маці, жонак, гаспадынь. Непапраўнае гора адбылося ў сям’і кіраўніка справамі Ларысы Арсенаўны Пацэйка, і пакуль змагалася за жыццё сына – першымі, чыю падтрымку адчувала, быў яе калектыў. Галіна Арсенаўна Тарасевіч не скрывае, што выгадавала малодшую дачку дзякуючы лаяльнасці старшыні: не было сада і дзяўчынка знаходзілася з ёй тут, у сельвыканкаме. Вельмі лёгка ўлілася ў калектыў і цяперашні бухгалтар Галіна Мікалаеўна Каваленка.
Такія чалавечыя, чулыя адносіны Людмілы Яўгенаўны да падначаленых. І дзве Арсенаўны, як і іншыя члены калектыву новага кіраўніка адразу “прынялі” і дапамагалі асвоіцца ў абсалютна новай для яе галіне. Раілі, падказвалі.
Сёння ж літаральна ўсе супрацоўнікі сельвыканкама могуць замяніць адна адну. За кожнай, незалежна ад таго, старшыня, кіраўнік справамі або бухгалтар – замацаваны вёскі гэтага самага вялікага па плошчы і колькасці населеных пунктаў сельсавета. Літаральна кожны выходзіў у пачатку года на падваровы абход, усе разам – і падчас шматлікіх суботнікаў.
За столькі гадоў жыхароў свайго сельсавета яны ведаюць не толькі па імя, але і памятаюць іх дні нараджэнняў і хатнія тэлефоны. На іх вачах вырасла новае пакаленне, праз іх праходзяць усе самыя важныя сямейныя даты ад з’яўлення на свет да смерці. І ў апошні шлях, здараецца, “праводзяць”, поўнасцю узяўшы на сябе клопат аб пахаванні, толькі работнікі сельвыканкама.
Як адзначаюць у выключна жаночым калектыве 8 сакавіка? Цікава, – гаворыць Людміла Яўгенаўна і ўсміхаецца, прыгадваючы часы, калі іх калектыў быў удвая большы.
– Раней у сельвыканкаме працавала сямёра жанчын. І на 8 сакавіка мы вызначалі толькі суму падарунка. Далейшае было сакрэтам. Прыходзілі і цягнулі нумаркі з прозвішчамі: які выпадаў, той таму і дарылі. Вельмі цікава атрымлівалася. Часта раней праводзілі святы з культработнікамі. Трэба ўмець бачыць станоўчае і ствараць сабе настрой самастойна.
А бясхмарнае надвор’е ў калектыве, зразумела, толькі спрыяе вырашэнню пастаўленых задач.
Вольга КАРАЛЕНКА.