Многодетная мама Галина Бука: «Счастье, когда дети дома!»

Общество

Самастойнае жыццё Галіны Цімафееўны Бука пачалося вельмі рана. У сямнаццаць, калі закахалася і выйшла замуж. Ружовыя акуляры засцілі магчымыя выгоды студэнцкага жыцця, хоць Галя добра скончыла Кубліцкую школу і разам з сяброўкай меркавала паступаць у Аршанскі медыцынскі тэхнікум на зубнога ўрача.

З Сяргеем жа пазнаёміліся ля вогнішча, калі гасціла ў цёткі ў Замошшы. Так моладзь Вялікадолецкага сельсавета бавіла вечары, збіраючыся разам на пасядзелкі. Неўзабаве стварылі сям’ю, непрацяглы час пажылі ў свекрыві, а потым гаспадарка выдзеліла механізатару ўласнае жыллё.

Вучылася літаральна ўсяму з нуля, і, здаралася, што “першы блін” быў менавіта камяком. Іх, дарэчы, пячы Галіна ўмела. На содзе атрымліваліся нават лепей, чым у маці. Навучыла матуля і шыць, падарыўшы маладой на вяселле ўласную швейную машынку. А ў астатнім…

Аднойчы давялося хутка прырэзаць падрошчанага ўжо парсюка – не ведала маладая гаспадыня, што не варта ўлетку карміць варанымі буракамі, якія хутка падкісаюць. Не пяклі дома і ўпрыгожаных тартоў, якія так часта бачыла ў доме Наталлі Раманаўны Сквярнюк. Яна і сама наведвала суседзяў, дзе гадаваліся хлопцы, з рознымі прысмакамі, і перадала Галіне Цімафееўне рэцэпты і каржоў, і крэмаў. І пазней “мурашнік” стане любімым ласункам яе вялікай сям’і.

Мець вялікую сям’ю хацела заўжды. Памятае, як шкадавала маці, што ў яе толькі сын і дачка. Таму пасля трох хлапчукоў вельмі радавалася з’яўленню дачушкі Любачкі, якую назвала ў гонар маці. Дзеткі раслі здаровымі, толькі два разы жанчына ляжала з імі ў бальніцы. Вельмі хутка праляцеў час за падручнікамі, гульнямі ды дапамогай  па доме.

Сёння малодшая ўжо ходзіць у сёмы клас, а Сяргей, Аляксандр і Слава абсалютна самастойныя, двое старэйшых нават стварылі свае сем’і і падарылі бацькам двух унучак.

– Так радуюся, калі гляджу на іх, быццам ніколі не бачыла, як пачынаюць хадзіць дзеці. Наогул вельмі люблю, калі дом, як і раней, поўніцца галасамі. І самым шчаслівым лічу той перыяд, калі ўсе мае дзеці былі са мной. Цеснавата, аднак не сумна, хлопцы дапамагалі па гаспадарцы, ды і зараз сыны, нягледзячы на тое, што жывуць у Вялікіх Дольцах, Наваполацку і Санкт-Пецярбурзе, падтрымліваюць адзін аднаго, часта прыязджаюць дамоў, вось і рамонт дапамагаюць рабіць. Сабралі трактар, на якім прасцей спраўляцца з участкам.

Хоць сям’я як мнагадзетная пазней атрымала большы дом з усімі выгодамі, аднак потым пакінула яго сыну. Самі ж зноў вярнуліся ў той, дзе зажываліся, паколькі тут вальней трымаць гаспадарку. А на ёй вялікая сям’я трымалася заўсёды.

– Кашэль на спіну, касу ў рукі – і за травой. Я не баялася ніякай мужчынскай работы, рабіла ўсё хутка, зараз ужо так не спраўляюся.

У расказах пра станаўленне сям’і Галіна Цімафееўна не агаворвала, у колькі падымалася, каб паспець справіцца, наварыць, ды на работу паспець. Гэта быццам само сабой усё рабілася – на энергіі і здароўі. А між тым, толькі адна сцірка ў вясковым доме без выгод, калі паласкаць хадзілі ў крыніцу, чаго варта.

– Як вывешу ўсю бялізну, суседка смяецца, маўляў, з усёй вёскі сабрала. А хлопцы ж вядома, гуляюць, штаны ды кашулі павымазваюць, плюс бялізну здыму, мужа ды свая вопратка – адзінаццаць вядзёр і назбіраецца, асабліва калі тыдзень прапусціш.

Матчыны клопаты ў вялікай сям’і – нябачныя і часам няўдзячныя. Аднак кожны з дарослых дзяцей усё жыццё будзе прыгадваць святочна накрыты стол са смачнымі салатамі на заказ, ці як разам рабілі ўрокі.

У вялікіх аб’ёмах і прыгатаванне страў, і нарыхтоўкі на зіму, і вэнджаніна з каўбасамі, і пакупкі. Вялікай дапамогай была тая ж матчына машынка, на якой шыла сынам штонікі ды кашулі. Яна і зараз пад рукамі, калі трэба нешта падрубіць ці простае пашыць. І яшчэ аднаму матчынаму рукадзеллю просіць навучыць дачка – вязанню, якому Галіна Цімафееўна вучылася ў сваёй бабулі і па кнігах.

Большы працоўны час яна прысвяціла гандлю, пачынала прадаўцом ў магазіне ў Старыне, потым у Вялікіх Дольцах, дзе і зараз, пасля аперацыі, калі перайшла на больш лёгкую працу, працуе прыбіральшчыцай.

Простая і вельмі абаяльная, адкрытая жанчына на 8 сакавіка чакае ў госці дзяцей, якія заўсёды дораць маці падарункі-дапаможнікі. Так з’явілася мультыварка, пральная машына-аўтамат, тут ужо да падарунка далучыліся і сваты, з якімі сяброўскія адносіны.

Усё цяпло, што аддала яна дзецям, не развеялася. Памножанае, яно вяртаецца да яе шчырай любоўю. А гэта – сапраўднае шчасце.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *