Олег Томович Пугачёв всю свою жизнь посвятил службе в Ушачском РОВД

К профессиональному празднику

У кожнага з нас ёсць мары. І калі па нейкіх прычынах ўвасобіць іх у жыццё не атрымліваецца, канечне, засмучаемся. У выпадку ж з А.Т.Пугачовым такая заканамернасць не спрацавала: няздзейсненыя ў свой час жаданні мужчыны дазволілі яму адкрыць новыя грані, рэалізаваць сябе ў вельмі патрэбнай справе, заслужыўшы павагу і давер соцень людзей.

З дзяцінства Алег Томавіч бачыў сябе выключна ваенным. Такую прафесію мелі яго тата і дзядзька, які нярэдка прыязджаў у госці з Хабараўска. Статны мужчына ў ваеннай форме быў для хлопчыка ідэалам. Зрэшты, цікавіла яго і вадзіцельская справа, якой пазней стаў займацца бацька, – разам з ім хадзіў на працу, назіраў за “аўтамабільнымі” маніпуляцыямі і нават сам час ад часу садзіўся за руль. Калі ж пасля заканчэння Ушацкай школы паўстала пытанне выбару прафесіі, А.Т.Пугачоў хацеў сумясціць дзве мары і паступіць у Разанскае вышэйшае ваеннае аўтамабільна-інжынернае вучылішча. Праўда, ажыццявіць гэта хлопцу не ўдалося. Але ж ён не разгубіўся – паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут імя С.Кірава, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка і прайшоў праз запаветныя выпрабаванні ваеннай кафедры. Вялікай удачай тых часоў стала для Алега Томавіча і знаёмства з будучай жонкай, з якой пасля заканчэння навучальных устаноў вярнуліся на Ушаччыну. Пэўны час працаваў майстрам ПМК-50, старшым тэхнолагам райаграпрамтэхнікі.

У органы ўнутраных спраў А.Т.Пугачоў трапіў, можна сказаць, выпадкова. Знаёмы, які служыў у аддзеле па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці (АБКСУ), расказаў, што ў Харкаве праводзяцца вышэйшыя курсы МУС СССР. А паколькі ён сам збіраўся пераво­дзіцца ў іншую мясцовасць, у аддзеле з’явілася вакансія. Так, у 1988-м, скончыўшы курсы, Алег Томавіч прыйшоў у АБКСУ Ушацкага РАУС.

– Добра памятаю свае першыя крокі на міліцэйскай ніве, – расказвае мужчына. – Службай у той час кіраваў Леанід Іванавіч Цяцерка, які стаў для мяне добрым настаўнікам і сябрам. Плячо ў плячо працавалі з Сяргеем Аляксандравічам Алабіным, Сяргеем Аркадзьевічам Падвойскім, Дзмітрыем Леанідавічам Клачком. Усім гэтым людзям я ўдзячны за аказаны мне давер і падтрымку на першых парах.

У верасні 1999 года Алег Томавіч назначаны на пасаду намесніка начальніка РАУС, начальніка кадравага апарата.

– У хуткім часе райаддзел узначаліў М.І.Данькоў, – прыгадвае А.Т.Пугачоў. – З ім мы знайшлі шмат агульнага: абодва ў свой час служылі у АБКСУ, мелі падобнае бачанне на развіццё аддзела, імкнуліся да новаўвядзенняў. Вельмі шчаслівы, што наша з ім сяброўства працягваецца па сённяшні дзень.

У 2005 годзе Алегу Томавічу ў сувязі са скарачэннем пасады прапанавалі ўзначаліць аддзяленне Дэпартамента аховы, а праз 9 месяцаў ён стаў кіраўніком Ушацкага РАУС. На працягу некалькіх год А.Т.Пугачоў адказна выконваў гэты пачэсны і складаны абавязак, працягваў і развіваў лепшыя традыцыі раённага аддзела.

Выходзячы па выслузе гадоў на заслужаны адпачынак, ён нават не думаў, што калі-небудзь вернецца ў райаддзел міліцыі не ў якасці госця. Крыху больш за паўгода знаходзіўся дома, дзе за гады службы назбіралася нямала гаспадарчых спраў. А калі ў 2009-м быў запрошаны начальнікам РАУС С.А.Алабіным на пасаду вядучага спецыяліста групы тылавога забеспячэння, ні на хвіліну не задумаўся, паколькі паспеў засумаваць па любімым аддзеле, зносінах з калегамі. І тут жа разгарнуў актыўную дзейнасць! Напэўна, кожны пагадзіцца, што за апошнія гады РАУС значна змяніўся. Дзякуючы намаганням Алега Томавіча абноўлены інтэр’ер кабінетаў і фае, закуплена новая мэбля. Летась на будынку ўстаноўлены новы скатны дах, а зараз вядзецца рамонт ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту, міліцыі грамадскай бяспекі. А колькі яшчэ нябачных воку спраў у А.Т.Пугачова! І з усімі імі ён спраўляецца на “ўра”.

Дарэчы, на ўласнай сядзібе амаль усё зроблена ўмелымі рукамі гаспадара: не так даўно падмацаваў фундамент дома, устанавіў агароджу. Знаходзіць у сабе сілы Алег Томавіч і на тое, каб шчыраваць на прысядзібным участку. А ў вольны час, якога, праўда, у мужчыны не так многа, любіць хадзіць на рыбалку. Пра тое ж, што ў свой час не атрымалася стаць ваенным, А.Т.Пугачоў ніколькі не шкадуе. Лёс у чарговы раз даказаў, што ведае крыху больш за нас саміх…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *