Для Мікалая і Юліі Гаўрылюкоў з нядаўняга часу Дзень міліцыі стаў сямейным святам. Гэта адзіны прыклад ва Ушацкім раённым аддзеле ўнутраных спраў, дзе муж і жонка разам нясуць службу.
У міліцыю яны прыйшлі паасобку. Мікалаю, ураджэнцу Расоншчыны, з дзяцінства падабалася яркая форма дзяржаўтаінспектараў, аднак тады не задумваўся аб рабоце ў органах. І толькі пасля заканчэння Себежскага сельскагаспадарчага тэхнікума па спецыяльнасці правазнаўства, службы ў арміі ўсё ж вырашыў прымерыць пагоны. Пэўны час працаваў у аддзяленні Дэпартамента аховы ў Полацку, а калі ў 2013-м ва Ушачах з’явілася вакансія дзяржаўтаінспектара, без ваганняў сюды пераехаў. А вось нашай зямлячцы Юліі пуцёўку ў прафесію дала… экскурсія ва Ушацкі райаддзел міліцыі. Наведаўшы аператыўна-дзяжурную службу, пазнаёміўшыся з асаблівасцямі работы праваахоўнікаў, тады яшчэ дзесяцікласніцай яна “загарэлася” ідэяй таксама пайсці ў органы. Спробы блізкіх адгаварыць дзяўчыну ад няпростай прафесіі, якую многія лічаць мужчынскай, поспехам не ўвянчаліся. Юлія стала студэнткай Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, якую скончыла з чырвоным дыпломам.
Маладая пара як зараз помніць сваю першую сустрэчу. Зімой 2014-га Юлія прыйшла ў РАУС на практыку. Абаяльную дзяўчыну Мікалай прыкмеціў практычна на парозе службовага кабінета. Маладога чалавека вылучыла сярод іншых супрацоўнікаў і Юля, але думаць пра блізкія адносіны абое не спяшаліся – нячастыя сустрэчы ў рабочай абстаноўцы суправаджаліся хіба што прывітаннямі. А вось калі праз паўгода Юлія прыйшла ў РАУС на пастаяннае месца працы, пачуцці паміж маладымі людзьмі ўспыхнулі з вялікай сілай і ўжо праз 9 месяцаў прывялі іх у загс.
Сёння Мікалай – дзяржаўтаінспектар ДПС аддзялення ДАІ, які атрымлівае ў ПДУ вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці правазнаўства. А Юлія часова змяніла пасаду старшага інспектара аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі на не менш важную і адказную – стала мамай і пайшла ў дэкрэтны водпуск. На пытанне, ці ўзнікалі калі-небудзь у іх сям’і непаразуменні з нагоды начных дзяжурстваў, затрымкі на рабочым месцы і іншых момантаў, звязаных з нясеннем службы, маладыя людзі адказваюць:
– Ды што вы! Наадварот, агульны занятак у многім нас аб’ядноўвае. Ведаючы ўсю паднаготную прафесіі, з разуменнем адносімся да таго, што адбываецца на службе, не змешваючы рабочыя пытанні з сямейнымі. Наш дом – гэта наша крэпасць, у многім пабудаваная дзякуючы органам унутраных спраў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.