Многае з былых абрадаў і звычаяў нашых продкаў адышло ў нябыт. А вось веснавыя святы з вясёлымі гульнямі, песнямі, забавамі ўвайшлі ў традыцыю.
У народзе кажуць: як правядзеш Масленіцу, так і ўвесь год пройдзе. Таму здаўна гэтае свята адзначалася весела, з размахам і багатымі пачастункамі. Нягледзячы на халоднае надвор’е масава прайшла Масленіца ў мінулую нядзелю і ва Ушачах.
Што ж самае галоўнае ў Масленіцы? Ну, вядома, бліны! Без іх няма і сапраўднага свята, таму культустановы Ушаччыны падрыхтавалі багатыя сталы з прысмакамі. Так, напрыклад, нельга было не спыніцца ля стала з пачастункамі Арэхаўскага сельскага Дома культуры, пачэснае месца на якім займалі бліны з разнастайнымі начынкамі, асаблівым жа поспехам карысталіся стравы з грыбамі.
– Я вельмі люблю гатаваць, а пячы бліны асабліва! Калі робіш гэта з добрым настроем, то і атрымліваюцца яны смачнейшымі. Вось, паспрабуйце! – шчыра запрашала ўшачан Людміла Мядзведзева.
А колькі розных забаў ды відовішчаў было на цэнтральнай плошчы гарпасёлка! Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца традыцыйным абрадавым спевам і танцам, вясёлым сцэнкам і прыпеўкам. Ніхто не мог прайсці міма адмысловай выставы Дома рамёстваў.
А аматары спорту тым часам змаглі прама на плошчы паспрабаваць свае сілы ў падыманні гіры і дыгатлоне, практыкаванні па кіданні кольцаў.
Цікавую праграму для ўдзельнікаў свята падрыхтавалі і работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Лыжная эстафета на асфальце, прагулка на хадулях і бітва мяшкамі выклікалі вялікі інтарэс у шматлікай дзятвы.
– Стараемся не прапускаць такія вось святы. Халаднаватае надвор’е ніколькі не сапсавала настрой, пачаставаліся блінамі, паўдзельнічалі ў конкурсах, патанцавалі, пагулялі ў латарэю, – дзеліцца ўражаннямі Кацярына Кароткая.
Дарэчы, яе бацькі, якія прыехалі ў госці да дзяцей са сталіцы, адзначылі незвычайную, цёплую атмасферу свята, а яшчэ больш здзівілі мінчан нашы невялікія цэны на прысмакі.
“Добры канцэрт, наладжаны гандаль, розныя забавы – усё, што трэба для сапраўднага свята. Дзякуй арганізатарам за Масленіцу!” – выказаў свае ўражанні ўшачанін Віктар Шайтар.
Яшчэ адзін неад’емны атрыбут Масленіцы – гэта чучала зімы, якое па традыцыі спалілі напрыканцы свята. Згодна з народным павер’ем, разам з ім павінна “згарэць” усё нядобрае, што перашкаджае людзям радавацца жыццю, вясне, абнаўленню.
Вольга КАМАРКОВА.
Фота Д.Раманоўскага.