Неаднойчы даводзілася чуць ад аўтааматараў, што работнікі, рамантуючы дарожнае палатно ўзімку, дарэмна марнуюць час і сродкі – маўляў, “колькі такі рамонт прастаіць!” Не ўсё так адназначна, бо, аказваецца, з прымяненнем спецыяльных матэрыялаў гэтыя работы можна выконваць нават пры мінусавой тэмпературы, ды і ранні пачатак “латання” асфальту дазваляе дарожнікам размеркаваць сілы для больш эфектыўнага абслугоўвання аб’ектаў.
Асноўная частка дарог на балансе Ушацкага ДРБУ-105 – гравійкі, але значны кіламетраж налічваюць і трасы з асфальтавым пакрыццём. У лютым, як толькі адышлі вялікія маразы, людзі ў аранжавых камізэльках прыняліся за ямкавы рамонт, засыпаючы выбоіны спецыяльнай аргана-мінеральнай сумессю.
– Яна паспяхова выкарыстоўваецца пры тэмпературы да мінус пяці градусаў, – расказвае выконваючы абавязкі начальніка ДРБУ-105 Дзмітрый Пятровіч Цімафееў. – Зараз працуем над так званай “крытычнай” ямкавасцю, закрываем найбольш буйныя пашкоджанні асфальту.
Рабочыя арганізацыі такім метадам ужо прайшлі свой участак аўтадарогі на Полацк, што ідзе праз Глыбачку і Варонічы, а ў канцы мінулага тыдня працавалі ў напрамку Зябак (на здымку). Значныя ямы вычышчаюцца, потым засыпаюцца сумессю, якая ўшчыльняецца з дапамогай спецыяльнай машыны.
Па словах работнікаў прадпрыемства, галоўная прычына ўзнікнення ямак – перапады тэмпературы ў зімовы час: “Калі ў асфальце з’яўляецца расколіна, няхай і невялікая, туды прасочваецца вада, якая і раздзірае пакрыццё пры замярзанні. Кожную вясну пачынаем рамонт практычна нанова, і пакуль не будзе прыдуманы асфальт, на які б не ўплывалі перапады тэмпературы, праблема гэта застанецца актуальнай”.
У бліжэйшыя месяцы ямкавы рамонт прадоўжыцца. З гэтай справай не марудзяць, бо ў прадпрыемства работ хапае – надыход вясны заўсёды агаляе слабыя месцы. Для бяспекі дарожнага руху аднаўленнем пакрыцця будуць у першую чаргу ахоплены ажыўленыя і аварыйныя ўчасткі. Па словах Д.П.Цімафеева, асноўныя работы плануюць выканаць да традыцыйнага агляду дарог, у сакавіку-красавіку, бо ў хуткім часе неабходна будзе прафіляваць і падсыпаць гравійныя і грунтавыя ўчасткі, праводзіць абкос, высечку кустоўя, рамонт знакаў, аўтапавільёнаў і шмат чаго іншага.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.