Пра тое, што яго кандыдатура вылучана на атрыманне звання “Чалавек года Віцебшчыны-2016”, начальнік участка “Арэхаўна” УП ЖКГ Віктар Міхайлавіч Шыркевіч нават не падазраваў, а калі з такой навіной яму патэлефанавалі з аддзела кадраў прадпрыемства, прыняў гэта за розыгрыш, бо яго калегі – майстры пажартаваць. Усвядоміў жа рэальнасць падзеі, толькі калі ў складзе раённай дэлегацыі сеў у аўтобус, які накіраваўся ў абласны цэнтр на ўрачыстасць з нагоды ўшанавання лепшых працаўнікоў Прыдзвіння.
Але ж ніяк не аспрэчыць відавочны факт: Віктар Міхайлавіч цалкам заслужыў такую пашану. Пры гэтым ён падкрэслівае, што ўзнагароду не лічыць асабістай, бо яна – плён нястомнай і сумленнай працы ўсіх работнікаў участка, адзнака паспяховай дзейнасці прадпрыемства.
Зрэшты, хоць узначальваемы Віктарам Міхайлавічам калектыў мае арэхаўскую “прапіску”, але ж літаральна ў кожным кутку раёна ёсць аб’екты, да якіх прыклалі сваю майстэрскую руку работнікі ўчастка. Самы ж знакавы, на якім працавалі летась – рэканструкцыя “Прарыву”. Зямлянкі, партызанская школа, альтанкі, што дапоўнілі мемарыяльны комплекс, пабудаваны менавіта работнікамі ўчастка.
“Ідзём туды, дзе мы патрэбны!” – коратка і трапна характарызуе работу падначаленых Віктар Міхайлавіч. Капітальны рамонт шматпавярхоўкі і пракладка цеплатрасы ва Ушачах, будаўніцтва аб’ектаў у аграгарадку Вяркуды, падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона ЦРБ і бальніц сястрынскага догляду, работа ў Касарах, Селішчы, Завячэллі, Кублічах ну і, вядома ж, забеспячэнне ўсімі камунальнымі выгодамі жыхароў роднага Арэхаўна – паўсюдна спецыялісты брыгады, якія з’яўляюцца сапраўднымі ўніверсаламі, выконваюць сваю работу прафесійна і якасна.
У святочны дзень 23 лютага мужчын з арэхаўскага ўчастка давялося застаць на чарговым аб’екце – яны праводзілі дэмантаж кацельнага абсталявання ў былых будынках ільнозавода, якія днямі перайшлі на баланс УП ЖКГ. “Многія вузлы і агрэгаты ў добрым стане, пасля рэстаўрацыі зможам выкарыстоўваць іх для рамонту і рэканструкцыі дзеючага абсталявання. Ну а тое, што ўжо непрыдатнае, дапаможа прадпрыемству выканаць план па здачы другаснай сыравіны”, – тлумачыць начальнік участка.
Як заўсёды, Віктар Міхайлавіч “на працоўнай перадавой”, паказвае, як рацыянальна арганізаваць рабочы працэс, дае практычныя парады – ён мае навыкі літаральна ў любой рабочай спецыяльнасці. Такую ўніверсальную працоўную падрыхтоўку мужчына атрымаў падчас службы ў ваенна-марскім флоце, якой прысвяціў 8 год маладосці. Работа механіка на выратавальным судне падводных лодак патрабавала асаблівых ведаў, адказнасці і дакладнасці. Гэтыя якасці ён захаваў і памножыў пазней, калі пасля распаду СССР разам з сям’ёй быў вымушаны пераехаць з Прыбалтыкі ў Беларусь. Планаваў уладкавацца на наваполацкі “Вымяральнік”, але тагачасны кіраўнік саўгаса-камбіната “Арэхаўна” А.Рубіс прапанаваў работу на кацельні свінакомплексу. Так Віктар Міхайлавіч трапіў на Ушаччыну, якая стала для ўраджэнца Оршы другой радзімай. Пэўны час давялося яму папрацаваць і загадчыкам саўгаснымі майстэрнямі, а ў сістэму ЖКГ мужчына трапіў у 1999-м, і вось ужо 17-ты год ён узначальвае ўчастак, які пастаянна знаходзіцца ў ліку лепшых на прадпрыемстве.
Прафесіяналізм, рацыяналізатарскія і арганізатарскія здольнасці В.Шыркевіча высока цанілі ўсе кіраўнікі прадпрыемства. Знаёмства цяперашняга дырэктара УП ЖКГ Станіслава Браніслававіча Завадскага з работнікамі ўчастка адбылося ў час, калі яны ўкладвалі цеплатрасу ад кацельні аграгарадка да шашы. Гэты вялікі аб’ём арэхаўцы выканалі ўсяго за два тыдні, чым прыемна здзівілі кіраўніка арганізацыі, а наступныя гады сумеснай работы ўмацавалі яго ў думцы, што ім можна даручыць самыя складаныя аб’екты. “Вельмі рады, што Віктар Міхайлавіч атрымаў званне “Чалавек года Віцебшчыны”. Гэта вялікі гонар для ўсяго нашага калектыву”, – адзначае С.Б.Завадскі.
Шчыра віншавалі свайго начальніка з заслужанай узнагародай і работнікі ўчастка. У тым, што гэты калектыў не толькі працавіты, але і згуртаваны, таварыскі, заслуга яго кіраўніка. Віктар Міхайлавіч адыграў прыкметную ролю ў лёсе многіх сваіх калег. Былі выпадкі, калі браў у брыгаду тых, ад каго адмовіліся на іншых прадпрыемствах, бо ўпэўнены, што літаральна любога чалавека можна перавыхаваць, калі побач будзе станоўчае акружэнне. Дарэчы, знаходзіць агульную мову з людзьмі ён навучыўся яшчэ падчас ваеннай службы. “На судне кожныя паўгода мянялася каманда, прыходзілі людзі розных нацыянальнасцяў, і вельмі важна было стварыць пазітыўную бесканфліктную атмасферу. Вось так і выпрацоўваў у сябе навыкі педагога і псіхолага”, – узгадвае герой аповеду. А яшчэ зазначае, што важны аргумент у выхаваўчай справе – давер. Нядаўна, збіраючыся ў водпуск, начальнік участка прапанаваў дырэктару кандыдатуру работніка, які будзе яго замяняць. “Хіба ён справіцца?” – засумняваўся той. “Я ў ім упэўнены!” – адказаў В.Шыркевіч – і не памыліўся.
“Пашанцавала нам з Міхалычам! Выдатны чалавек і сапраўдны мужчына. Мы ўсе на яго раўняемся!” – шчыра адказвалі работнікі, калі папрасіла іх ахарактарызаваць свайго кіраўніка. Прыкладам ён стаў і для сыноў, якія таксама працуюць на камунальным прадпрыемстве: Павел – побач з бацькам, Віктар – тэхнікам-энергетыкам на цэнтральнай кацельні ў гарпасёлку.
– Лічу, што працавітасць – гэта характэрная рыса беларусаў, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, – разважае В.Шыркевіч. – Калісьці бацька, які быў машыністам дэпо, вучыў мяне працаваць на сумленне. Калі я ўзнімаўся на галоўную сцэну вобласці, каб атрымаць высокую ўзнагароду, падумаў: “Шкада, што ты не бачыш мяне, тата. Я цябе не падвёў”…
Наталля БАГДАНОВІЧ.