День Защитников Отечества и Вооружённых Сил Республики Беларусь в Ушачах

Общество

23 лютага стала для нашай краіны адметнай датай пасля падпісання адпаведнага Указа кіраўніка дзяржавы. Такім чынам у Беларусі захавалася пераемнасць гэтага сапраўды ўсенароднага свята, вытокі якога – у далёкім 1918 годзе, калі з добраахвотнікаў, у ліку якіх і нашы землякі-­ушачане, была створана Чырвоная Армія, калі яе байцы атрымалі першыя перамогі.

Сёння мы жывём у новай краіне. Беларусь, у параўнанні з СССР, мае іншую ваенную дактрыну. Гэта падчас мітынгу, прысвечанага Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, падкрэсліў намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ушацкага раёна Аляксандр Станіслававіч Захараў. Кіраўнік нашай дзяржавы не раз заяўляў, што ні адзін беларускі салдат ніколі не пераступіць мяжу чужой краіны. Тым не менш, беларуская армія мае высокую баяздольнасць. Яна забяспечана сучаснай ваеннай тэхнікай, на варце абароны Айчыны стаяць афіцэры і салдаты з высокім узроўнем падрыхтоўкі. Сёння ва Узброеных Сілах наш раён прадстаўлены афіцэрамі і прапаршчыкамі, салдатамі і сяржантамі тэрміновай службы, некаторыя нашы землякі праходзяць службу ў рэзерве.

– Мы сабраліся, каб яшчэ раз ушанаваць памяць людзей, якія змагаліся за свабоду нашай Радзімы, якія аддалі сваё жыццё, каб беларуская зямля была вольнай, – адзначыў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Уладзіміравіч Шкіндзер. – Ветэраны Вялікай Айчыннай, якіх зараз у раёне засталося толькі 30, – прыклад для сучаснага пакалення.

Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, сілавых ведамстваў, ваенныя і моладзь усклалі кветкі да помніка воінам, якія загінулі ў баях за вызваленне Ушаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Працягам святкавання Дня абаронцаў Айчыны стала вялікая канцэртная праграма ў РДК. На яе пачатку ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў абаронцаў Айчыны, ветэранаў і ўсіх землякоў павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч: “Гэта свята сімвалізуе патрыятызм, гераізм і мужнасць усіх абаронцаў, якія вызвалялі родную зямлю на ўсіх этапах яе гісторыі, якім мы абавязаны мірным небам над галавой, магчымасцю жыць, гадаваць дзяцей і ўнукаў”. Андрэй Вітальевіч справядліва зазначыў, што 23 лютага – агульнае свята тых, хто служыў, служыць ці будзе служыць у войску, мужчын і жанчын, дарослых і дзяцей – усіх людзей, якія любяць сваю Радзіму і гатовы ўсімі даступнымі сродкамі абараняць яе.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *