У пачатку года некаторыя сродкі масавай інфармацыі паспяшаліся распаўсюдзіць меркаванне, што сёлета ўсім беларусам давядзецца плаціць за сабраныя ў лесе грыбы і ягады. Так павярхоўна была інтэрпрэтавана Пастанова Саўміна №927 “Аб устанаўленні таксавага кошту за пабочнае лесакарыстанне і нарыхтоўку другарадных лясных рэсурсаў”, якая ўступіла ў сілу 31 снежня 2016 года. Аднак высветлілася, што размова ў дакуменце ідзе пра індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, якія збіраюць лясныя дары ў вялікай колькасці і з мэтай іх далейшага продажу. Патлумачыць сітуацыю мы папрасілі інжынера па ахове лесу Ушацкага лясгаса Івана Сяргеевіча ШУГАЛЕЯ.
– Адпаведна артыкула №44 Ляснога кодэксу, збор дзікарослых ягад, грыбоў, пладоў, арэхаў, ляснога подсцілу, апаўшага лісця, нарыхтоўку драўнінных сокаў, бяросты і галін дрэў, дзікарослых раслін і іх частак, імху і іншага грамадзяне могуць ажыццяўляць не толькі бясплатна, але і без дазваляючых дакументаў. Адзінае новаўвядзенне для прыватных асоб датычыцца сітуацыі, калі чалавек хоча ўстанавіць у лесе вулей або правесці пакос – у гэтым выпадку яму трэба набыць лясны білет.
А вось прадпрымальнікам, юрыдычным асобам для збору ўсіх вышэй пералічаных дароў трэба не толькі атрымаць лясны білет, але і аплаціць яго. Яны павінны падаць заяву на тую колькасць лясных трафеяў, якую плануюць сабраць. Напрыклад, за кілаграм грыбоў, брусніцы, чарніц, суніц, малін ім трэба будзе заплаціць дзяржаве 0,01 базавай велічыні (23 капейкі), за лясныя арэхі – удвая больш, на кілаграм журавін – 0,07, пладоў шыпшыны, каліны, кветак рамонку, зверабою, чарады – 0,05 базавай велічыні за кілаграм, соку – 0,32 базавай велічыні за тону.
Наталля БАГДАНОВІЧ.