Живут в Клепцах Жаворонки

Общество

У гэты дом можна зайсці ў любую хвіліну, і заўсёды ўбачыш парадак. Насустрач выйдзе акуратная гаспадыня паважанага ўзросту. Хаця не заўсёды яна ў хаце. Вось і ў дзень наведання вёскі журналістам жанчына была ў агародзе разам з дачкой. Тая жыве ў Наваполацку, а знаходзячыся ў водпуску і па выхадных наведваецца да маці, каб дапамагчы ў вырошчванні агародніны, у падтрыманні парадку ў хаце і ля яе.
– Гэта мая Людміла, – гаворыць Яўгенія Мікалаеўна. – А ў Полацку жыве Надзея, ва Ушачах –Галіна, яна працуе ў дзіцячым садзе-яслях №26.
Траіх дзяцей выхавалі Жаваранкі. І вельмі дастойная іх сям’я. Адно толькі, што трэці год ужо, як не стала мужа Яўгеніі Мікалаеўны. Раніцай паспяшалася даіць карову, вярнуўшыся ў хату, падышла да ложка, дзе спаў муж, і знайшла яго нежывым.
Пад сорак гадоў ён адпрацаваў трактарыстам, расказвае жанчына, такі старанны быў, такі надзейны, і вось засталася без яго. Разам жа амаль паўстагоддзя аджылі, два гады не дацягнулі да пяцідзесяці.
У Кляпцы яна некалі пайшла замуж. Да гэтага жыла ў маленькай вёсачцы Шахноўцы, у якой цяпер чатыры чалавекі засталося. Жыццё сваё Жаваранкі складалі, імкнучыся ўсё рабіць як след. У сельскай гаспадарцы працавалі. Яўгенія Мікалаеўна – у паляводстве, каля дзесяці год – на ферме. Пазней ужо ўладкавалася тэхнічкай у школе.
Нават цяпер, знаходзячыся ў пенсійным узросце, жанчына трымае парсюка і курэй. Яна жыве клопатам, каб быў поўны парадак усюды. І ён ёсць. Бульба, а яе пасаджана пятнаццаць сотак, і агародніна бясконца праполваюцца. Ля хаты абсталявана месца для адпачынку.
– Сёлета хочам хату перафарбаваць, – гаворыць мая субяседніца аб перспектыўным.
Наогул, здаецца, жанчына задаволена ўмовамі свайго жыцця і можа планаваць заўтрашні дзень. Пенсія ёсць. Сацыяльны работнік – таксама. Гэта Аксана Жаваранак з Лісічына. Усе просьбы выконвае. Па аўторках і пятніцах прыязджае аўтакрама, купляй што хочаш, або заказ давай – прывязуць. Дочкі дастаўляюць лекі, калі што трэба. Карыстаецца Яўгенія Мікалаеўна паслугамі Кубліцкага комплекснага прыёмнага пункта: робіць стрыжку і падфарбоўвае валасы. У свой вольны час жанчына любіць глядзець тэлеперадачы, асабліва навіны, “Поле цудаў”, “Времечко”. Сваім дарослым дзецям расказвае звычайна пра вычытаныя ў перыёдыцы народныя рэцэпты.
– Жыццё сёння добрае, – разважае Яўгенія Мікалаеўна.
Жанчына прыгадвае даўнейшыя падзеі. На вайне загінуў яе брат. Аддаў жыццё, каб сёння жылося спакойна яго сястры, яе дзецям, унукам і праўнучцы.
На здымку: Я.М.Жаваранак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *