“У гады Вялікай Айчыннай вайны за гераізм і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, тысячы афіцэраў, якія скончылі наша вучылішча, былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 53 з іх сталі Героямі Савецкага Саюза, а генералы-палкоўнікі Ю.У.Воцінцаў і М.М.Каламіец удастоены гэтага звання двойчы”, – без замінкі прыгадвае слаўную гісторыю сваёй навучальнай установы Уладзімір Яўгенавіч Пальчэх. Яно і не дзіўна, бо дзе б не служыў гэты ветэран Узброеных Сіл, ён заўсёды быў сярод выдатнікаў баявой і палітычнай падрыхтоўкі.
Прэстыж ваеннай службы ў часы, калі У.Пальчэх быў юнаком і раздумваў, куды паступаць пасля заканчэння дзесяцігодкі ў Міёрах, быў высокім. На выбар прафесіі паўплывалі бацька, які сябраваў з ваенкамам, і сямейныя традыцыі – дзядзька з рэдкай спецыяльнасцю ваеннага ветурача зрабіў паспяховую кар’еру ў Савецкай Арміі.
Для сябе ж Уладзімір выбраў род войскаў, якія здаўна называюць “богам вайны”, і падаў дакументы ў Сумскае вышэйшае артылерыйскае каманднае двойчы Чырванасцяжнае вучылішча імя М.В.Фрунзе. З шасці міёрскіх юнакоў, якія спрабавалі паступіць у прэстыжную навучальную ўстанову ў тым годзе, змаглі гэта зрабіць толькі два, у ліку якіх і У.Пальчэх. Праз чатыры гады, атрымаўшы пагоны лейтэнанта, малады афіцэр па размеркаванні быў накіраваны ў Баганур, што аж у Манголіі.
– Па праўдзе кажучы, многія ўчасткі мяжы з Кітаем там былі вельмі ўмоўнымі і практычна не ахоўваліся, – успамінае Уладзімір Яўгенавіч. – Наша дывізія здзяйсняла выезды ў пустыню Гобі ўздоўж граніцы кіламетраў на 400. З пачатку службы я быў прызначаны на пасаду камандзіра ўзвода кіравання – у артылерыі гэта можна параўнаць з разведкай, бо мы арыентавалі на перадавых пазіцыях агонь батарэй. Стрэльбы, на шчасце, хоць і баявымі снарадамі, былі ўсё ж вучэбнымі.
Праз два гады ўжо старшым лейтэнантам У.Я.Пальчэх стаў старшым афіцэрам батарэі, адказваў непасрэдна за тэхнічны стан і работу 122-міліметровых самаходных артылерыйскіх установак 2С1 “Гваздзіка”, пасля вываду савецкіх войскаў з Манголіі ў званні капітана трапіў у Забайкалле, а з 1992 года перавёўся ўжо ў суверэнную Беларусь – першым месцам службы на радзіме стала Бароўка. З павышэннем па званні рос і калібр “кветак” – цяпер капітан Пальчэх камандаваў батарэяй 152-міліметровых самаходных гаўбіц 2С5 “Гіяцынт”. “Вось з такім грозным “букетам” даводзілася мець справу”, – усміхаецца Уладзімір Яўгенавіч.
У 1996 годзе маладога афіцэра перавялі ў Барысаў на 34-ую базу захоўвання ўзбраення і тэхнікі, на пасаду камандзіра супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна, потым – начальніка штаба, намесніка камандзіра групы артылерыі.
– Прыйшлося больш займацца планаваннем, адміністрацыйнай работай, – ацэньвае чарговы перыяд кар’еры У.Я.Пальчэх. – У далейшым гэты вопыт спатрэбіўся, калі прадоўжыў службу ў райваенкамаце.
Напачатку яе Уладзімір Яўгенавіч трапіў на малую радзіму. У Міёрскім раённым ваенным камісарыяце быў начальнікам аддзялення тэрытарыяльнай абароны, даводзілася замяшчаць на пасадзе і камісара, таму калі ў 2008 годзе яго накіравалі ўзначаліць Ушацкі райваенкамат, гэта быў гатовы спецыяліст з багатым вопытам службы ва Узброеных Сілах. Так склалася, што ён стаў апошнім ваенным камісарам раёна – пасля аптымізацыі ў 2015 годзе змянілася структура і зараз наша адасобленая група адносіцца да аб’яднанага ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў. З яе сённяшнімі супрацоўнікамі У.Я.Пальчэх падтрымлівае сувязь, дзеліцца ведамі. Наогул, у нашым раёне ён знайшоў многа сяброў і не толькі сярод былых афіцэраў. Добрыя адносіны склаліся з актывам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, таму ён пастаянны госць мерапрыемстваў і ўрачыстасцей, якія праводзяць воіны-афганцы. З асаблівай цеплынёй і лёгкім сумам успамінае Уладзімір Яўгенавіч і першыя гады працы ў нашым раёне, калі падчас святкавання 65-ых гадавін вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі наведваў ветэранаў, уручаў ім юбілейныя ўзнагароды: “Тады яшчэ было каля 200 ветэранаў… Для мяне гэта асаблівая катэгорыя людзей, мой дзед абараняў радзіму і загінуў дзесьці ў Прыбалтыцы”.
Зразумела, што для чалавека, які Узброеным Сілам прысвяціў 33 гады жыцця, узнагароджаны дзяржаўным медалём “За бездакорную службу”, 23 лютага – галоўная дата ў календары. Акрамя таго, падпалкоўнік запасу У.Я.Пальчэх сваімі прафесійнымі святамі лічыць яшчэ 19 лістапада, калі адзначаецца Дзень ракетных войск і артылерыі, а таксама 8 красавіка – Дзень работнікаў ваенкаматаў.
– Змянілася зараз служба, – з вышыні пражытых гадоў разважае Уладзімір Яўгенавіч. – Калі я пачынаў, служылі далёка ад дома, часта ў цяжкіх умовах. Вось у нас у пустыні – днём спякотна, ноччу холадна, дроў няма, толькі тушканчыкі скачаць. Для больш-менш нармальнага харчавання байцоў амаль у кожнай часці прыходзілася трымаць падсобную гаспадарку. Зараз жа служба праходзіць непадалёк ад дома і блізкіх, нарадаў па сталовай, у гаспадарчы ўзвод, каравулаў – няма, затое бытавыя ўмовы куды лепш. Застаецца толькі займацца баявой падрыхтоўкай. Зрэшты, у XXI стагоддзі яно так і павінна быць. А яшчэ хачу зазначыць, што за гады маёй службы ва Ушацкім райваенкамаце мне не давялося чырванець за нашых прызыўнікоў, а вось слухаць удзячнасці камандавання часцей – не адзін дзясятак разоў. Спадзяюся, што і надалей маладыя сыны гераічнай Ушаччыны будуць годна несці службу на варце бяспекі нашай краіны, і віншую усіх абаронцаў Айчыны са святам!
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.