Ушачскому квартету от Песняров

Ими гордятся

Якіх толькі дыпломаў няма ў скарбонцы квартэта “Натхненне”. Але гэтым апошнім спявачкі вельмі даражаць. Ён атрыманы з рук аднаго з заснавальнікаў “Песняроў”, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь і ўдзельніка ансамбля “Беларускія песняры” Уладзіслава Місевіча. Ды і сам V Рэгіянальны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў мастацкай песні “Европа плюс Полоцк-2010” прысвячаўся саракагоддзю “Песняроў”. Удзельнічала ў ім шмат спевакоў з усёй Віцебскай вобласці, а вось у фінал, які праходзіў на Дні горада Полацка, трапіла толькі 17 канкурсантаў. Ушачанкі пакарылі сэрца старшыні журы яшчэ да выхаду на сцэну. Трапным аказаўся сам выбар песні “Праважала маці сына” з цыкла “Праз усю вайну”, адна з любімых спевака. Таму і апладзіраваць ён пачаў вакалісткам з самага пачатку. Выконвалася яна акапэльна – без музычнага суправаджэння, выдатным чатырохгалоссем, і аказалася самым складаным нумарам. Незвычайным было і тое, што песня не з жаночага рэпертуару. Шчыра дзякаваў нашых зямлячак Уладзіслаў Місевіч за падоранае задавальненне, кожнай паціснуў руку, калі ўручаў спецыяльны прыз старшыні журы. Гэта пры тым, што гран-пры Місевіч настаяў не прысуджаць нікому, бо ў кожнага атрымаўся свой непаўторны нумар.
Віншуем дзяўчат з чарговай перамогай – перамогай сярод моцных канкурсантаў і прафесіяналаў у журы. У яго складзе акрамя Місевіча быў гітарыст ансамбля “Сябры”, зараз дырэктар летняга амфітэатра “Цэнтр культуры Віцебск” Анатоль Васенда, мастацкі кіраўнік і дырыжор полацкага камернага аркестра “Еўропа-Цэнтр” Раіль Садыкаў, дырэктар радыёстанцыі “Еўропа-плюс Віцебск” Валерый Пятроўскі і іншыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *