Услугу «социальная передышка» предлагает населению ТЦСОН Ушачского района

Калейдоскоп

Не сакрэт, што людзям ва ўзросце, ды яшчэ з інваліднасцю жывецца значна цяжэй, чым маладым і здаровым. Няпроста бывае і іх блізкім. Дапамагчы названай катэгорыі грамадзян, падтрымаць іх сваякоў прызваны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які пастаянна пашырае і ўдасканальвае сваю дзейнасць. Пра адну з навінак установы – паслугу “сацыяльная перадышка” – расказвае дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна Алеся Уладзіміраўна ХВАШЧЭЎСКАЯ:

– Пра аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, што ў аграгарадку Вяркуды, на старонках газеты мы расказвалі не раз. Зараз ва ўстанове, знаходзіцца 23 чалавекі і месца яшчэ ёсць. Прычым, тэрмін “перасялення” цяпер не абмежаваны: можна прыехаць сюды не толькі на пастаянна ці на зіму, але і на месяц, некалькі тыдняў… Гэта стала магчымым дзякуючы нашай новай паслузе – сацыяльная перадышка. Думаю, яна павінна зацікавіць дзяцей пажылых грамадзян, якія пражываюць на Ушаччыне. Адпраўляючыся на адпачынак ці, скажам, у камандзіроўку, ім можна не хвалявацца аб тым, з кім пакінуць блізкага чалавека – на вызначаны тэрмін яго прымуць у аддзяленні, дзе створаны камфортныя ўмовы для пражывання і адпачынку.

Нагадаю: там абсталявана ўтульнае фае з мяккай мэбляй, тэлевізарам, дзе бабулі і дзядулі любяць збірацца за праглядам тэлеперадач. У святочныя дні культработнікі раёна і школьнікі арганізуюць для іх канцэрты. Праводзяцца таксама сустрэчы з псіхолагам, прадстаўнікамі царквы. На прысядзібным участку культывуюцца многія культуры, а ў цяпліцы вырошчаюцца памідоры і расада. Многія пастаяльцы з задавальненнем прымаюць удзел у работах на агародзе. Дарэчы, сабраная потым агародніна выкарыстоўваецца для арганізацыі іх харчавання.

Паслуга “сацыяльная перадышка” – платная. Удакладніць канкрэтныя сумы і атрымаць дадатковую інфармацыю пра яе можна па тэлефонах: 5-00-32, 5-54-74.

Падрыхтавала КацярынаКАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *