Як бы імкліва ні развіваўся прагрэс у грамадстве, але рабочыя спецыяльнасці былі і застаюцца асновай любой вытворчасці. Атрымаць запатрабаваныя прафесіі, удасканаліць працоўныя навыкі вось ужо на працягу амаль 30 год дапамагае жыхарам раёна Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ушацкага райсельгасхарча.
Вучаць аграрыяў і не толькі
За дзесяцігоддзі ў вучэбных кабінетах і на практычных занятках установы набылі неабходныя веды тысячы ўшачан. А пачыналася яе гісторыя яшчэ ў савецкія часы, калі ў 1987 годзе на базе райаграпрамтэхнікі быў адкрыты вучэбны камбінат для падрыхтоўкі кадраў для сельскагаспадарчай галіны – трактарыстаў-машыністаў, механізатараў, жывёлаводаў, слесараў па абслугоўванні абсталявання ферм, работнікаў іншых спецыяльнасцей.
Гэтая дзейнасць з’яўляецца для цэнтра профільнай і зараз: перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый АПК, а таксама фермерскіх гаспадарак ажыццяўляецца за сродкі бюджэту. Сельгаспрадпрыемству дастаткова зрабіць заяўку, колькі спецыялістаў і якой прафесіі яно мае намер навучаць, на гэтай падставе фарміруюцца вучэбныя групы. Як расказаў нам дырэктар цэнтра Сяргей Васільевіч Кучаронак, у цяперашні час праходзяць перападрыхтоўку трактарысты-машыністы з КУСГП “Вялікадолецкае”, “Глыбачаны”, “Кублічы” для атрымання пасведчанняў катэгорый B, D, F. Пасля двухмесячнага тэарэтычнага курсу і практыкі на базе сваіх арганізацый гэтыя работнікі змогуць кіраваць трактарамі магутнасцю рухавіка звыш 80 кілават, камбайнамі, пагрузчыкамі, экскаватарамі.
Акрамя гэтага ў цэнтры праходзяць перападрыхтоўку слесары па рамонце аўтамабіляў і манціроўшчыкі шын (за два апошнія гады было абучана 59 такіх спецыялістаў), летась перападрыхтоўку прайшлі 19 машыністаў кацельняў. Менш працяглай з’яўляецца вучэбная праграма павышэння кваліфікацыі работнікаў: у мінулым годзе, напрыклад, яе прайшлі 23 аператары машыннага даення, 82 вадзіцелі і механізатары, якія ўдасканалілі свае веды па бяспецы і правілах дарожнага руху.
Важным складнікам работы цэнтра з’яўляецца пазабюджэтная дзейнасць. Так, напрыклад, у мінулым годзе тут павышалі прафесійнае майстэрства на платнай аснове вадзіцелі УП ЖКГ, ЦРБ, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прыватнага прадпрыемства “НікСілБуд”. Цесная сувязь наладжана з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама: летась у цэнтры прайшлі перанавучанне 7 беспрацоўных. Увогуле ж звярнуцца ва ўстанову, каб прайсці навучанне, можа любая асоба: напрыклад, праяўляюць цікавасць ушачане да набыцця спецыяльнасці машыніста кацельні.
Быць за рулём – патрэба часу
Ну а для многіх нашых землякоў цэнтр найперш асацыіруецца з навучаннем вадзіцеляў. І гэта натуральна, бо менавіта жаданне атрымаць адпаведнае пасведчанне прыводзіць ва ўстанову большасць ушачан. Гэта пацвярджаюць і лічбы: у мінулым годзе тут прайшлі падрыхтоўку 58 вадзіцеляў транспартных сродкаў катэгорыі “В”, 30 чалавек, якія ўжо мелі пасведчанне на кіраванне легкавымі аўтамабілямі, прайшлі перанавучанне на катэгорыю “С”, 39 – з “С” на “С Е”. Пры жаданні аўтамабілісты могуць пры навучанні на катэгорыю “В” дадаткова адкрыць “АМ”, якая дае права на ваджэнне мапедаў, а таксама атрымаць правы на кіраванне матацыклам (для гэтага трэба здаць ваджэнне).
– Жаданне сесці за руль аўтамабіля праяўляюць многія ўшачане, бо гэта – не толькі даніна модзе, а і патрэба часу, – адзначае намеснік дырэктара цэнтра Тадэвуш Феліксавіч Рачкоўскі. – Вось і зараз у нас заканчвае навучанне на катэгорыю “В” група з 20 чалавек, чарговы набор запланаваны на сакавік.
Для якаснага навучання будучых вадзіцеляў у цэнтры маюцца ўсе ўмовы. Першапачатковыя навыкі ваджэння навучэнцы асвойваюць на аўтадроме. Тое, як праходзяць тут заняткі, нам пагадзіліся прадэманстраваць майстар па кіраванні транспартнымі сродкамі Яўген Контараў і яго вучаніца Наталля Самсоненка. Жанчына неўзабаве скончыць 50-гадзінны курс ваджэння, а таму без асаблівых цяжкасцей дэманструе тармажэнне ля стоп-лініі, разварот у абмежаванай прасторы, заезд на эстакаду, дыяганальную паркоўку. “Вельмі старанная і здольная вучаніца. Амаль не сумняваюся, што яна паспяхова здасць экзамен”, – характарызуе Наталлю інструктар.
Дарэчы, перад тым, як настане час прайсці іспыты ў МРЭА ДАІ Наваполацка, навучэнцы павінны атрымаць допуск па ўсіх прадметах і здаць папярэдні экзамен у цэнтры. Цікава, што вадзіцелі, якія праходзяць навучанне на катэгорыі “С” і “С Е”, практычна стапрацэнтна здаюць іспыты ў ДАІ з першага разу. Даволі высокі гэты паказчык і ў тых, хто мае намер вадзіць легкавы аўтамабіль, – каля 70 працэнтаў навучэнцаў атрымліваюць пасведчанні з дэбютнай спробы.
Самы лепшы калектыў
Менавіта такімі словамі характарызавалі сваіх калег па працы літаральна ўсе работнікі цэнтра. І сапраўды, ледзь пераступіўшы яго парог, адразу разумееш, што гэты невялікі калектыў вельмі згуртаваны, а атмасфера ў ім стваральная і пазітыўная. Абумоўлена гэта найперш тым, што працуюць тут сапраўдныя прафесіяналы, энтузіясты сваёй справы. Уся 30-гадовая гісторыя ўстановы непарыўна пераплецена з працоўнай біяграфіяй яе дырэктара С.В.Кучаронка, які з’яўляецца не толькі выдатным адміністратарам, але і выкладчыкам І катэгорыі. Сяргей Васільевіч знаёміць навучэнцаў з асновамі кіравання транспартным сродкам, устройствам самаходных сельскагаспадарчых машын, прававымі асновамі дарожнага руху.
Не менш вопытным і высокакваліфікаваным настаўнікам з’яўляецца Тадэвуш Феліксавіч Рачкоўскі, дзякуючы якому навучэнцы паспяхова асвойваюць правілы дарожнага руху і ўстройства транспартных сродкаў. А яшчэ пад яго кіраўніцтвам удасканальваюць працоўнае майстэрства аператары машыннага даення: у свой час падрыхтаваныя Т.Ф.Рачкоўскім удзельніцы прафесійнага конкурсу па гэтай спецыяльнасці займалі прызавыя месцы ў рэспубліцы!
Сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, не адзін год аддаўшыя арганізацыі, – Ілья Міхайлавіч Крыскевіч, Віктар Уладзіміравіч Гарыслаўка, Яўген Міхайлавіч Контараў, якія вучаць ушачан кіраванню транспартнымі сродкамі. А вось аказанню першай дапамогі пры ДТЗ з мінулага года навучае фельчар Плінскага ФАПа Андрэй Анатольевіч Карповіч, раней жа названы прадмет доўгі час выкладала Ала Васільеўна Кузусёнак. Мужчынскі калектыў цэнтра на працягу 20 год упрыгожвае метадыст Ала Іванаўна Кучаронак. Ну і, вядома ж, дзейнасць любой арганізацыі немагчыма без вядзення бухгалтарскіх спраў – за гэты ўчастак адказвае выдатны спецыяліст Аляксандр Адамавіч Кірэйчук. Усе гэтыя людзі шчыра любяць і бездакорна выконваюць сваю работу.
– Вось толькі адно мне ў нашай справе не падабаецца, – заўважае напрыканцы нашай бяседы дырэктар цэнтра. – Вельмі хутка заканчваюцца нашы зносіны з навучэнцамі. Не паспееш да іх прывыкнуць, як завяршаецца курс і яны пакідаюць вучэбныя класы. Але ж суцяшае тое, што выходзяць яны ад нас з багажом патрэбных ведаў і навыкаў!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: Я.Контараў, В.Гарыслаўка, І.Крыскевіч, А.Кірэйчук, С.Кучаронак, А.Кучаронак, Т.Рачкоўскі; заняткі па ваджэнні.