Малыши — радость души! Подведены итоги нашего фотоконкурса!

Общество

Распачынаючы конкурс, мы меркавалі, што ён будзе цікавым. І прыемна, што не памыліліся: нашы чытачы актыўна дасылалі здымкі малышоў, аддавалі галасы за фіналістаў усімі прапанаванымі спосабамі, выказвалі добрыя словы і пажаданні дзецям і іх бацькам, горача абмяркоўвалі ўсе перыпетыі галасавання. Пры падвядзенні яго вынікаў мы не сталі механічна падсумоўваць колькасць тэлефанаванняў, галасоў на сайце і ў групе “ВКонтакте”, адданых кожнаму ўдзельніку, бо відавочна, што тыя ж званкі (а многія тэлефанавалі нам нават па міжгорадзе) маюць большую “вагу”, чым “лайкі” ў групе, якія можна здабыць нават ад незнаёмых карыстальнікаў інтэрнэт-прасторы. Таму мы асобна падвялі прамежкавыя вынікі па кожным відзе галасавання, каб потым супаставіць і падсумаваць іх.

Так, у галасаванні на нашым сайце, у якім прыняло ­ўдзел каля 1300 чалавек, перамогу атрымаў удалы па кампазіцыі і адметны па эстэтыцы здымак Мішы Клотчанкі і Лізы Шапавалавай, за які аддалі галасы 27 працэнтаў наведвальнікаў. Таксама высока была ацэнена абаяльнасць маленькай беларусачкі Сашы Бугай (22 працэнты галасоў), гарачая любоў да дамашніх гадаванцаў Лёшы Судака і казачная фотагенічнасць Златы Азевіч (14 і 12 працэнтаў адпаведна).

Галасаванне ў групе паставіла на тры першыя месцы Лёшу, Мішу з Лізай і Злату, нямала “лайкаў” атрымалі таксама Лера Пецкалёва, Данік Радзевіч.

А што датычыцца званкоў нашых чытачоў, то тут самай папулярнай стала Злата Азевіч, шмат галасоў было аддадзена за Лёшу Судака, сям’ю Бойчанка, Леру Пецкалёву, Сашу Бугай, Насцю і Машу Мятла.

Трэба сказаць, што літаральна ўсе малышы атрымалі свае кампліменты ад нашых чытачоў. Як слушна заўважыў наведвальнік сайта Аляксандр, “Кожны заслугоўвае ўвагі, пахвалы і па цэлай жмені цукерак “Алёнка” або “Сарванец”!” “Маленькі ды ўдаленькі”, – ацанілі ўшачане гаспадарлівасць Улада Аўтуха. “Вельмі паважаю мнагадзетныя сем’і, бо і сама выгадавала трох дзяцей”, – аргументавала свой выбар на карысць Вікі Гулюты, Машы і Лёшы Струй чытачка з Матырына. Падобную прычыну ўшачане называлі і пры галасаванні за здымак сям’і Бойчанка: “Добра ведаем і любім усіх гэтых дружных, добрых, таленавітых дзетак і іх маму”, – адзначалі жыхары Вялікіх Долец. А самым арыгінальным, на думку многіх, было фота маленькай дрэсіроўшчыцы з Ільюшына Леры Шопа. “Хіба часта ўбачыш, каб шчаня клалася спаць пад казкі дзіцяці?” – такі каментарый давялося ўбачыць на сайце газеты. “Чароўным галапузікам” назвала Ілюшу Кручкова Лідзія Усцінаўна Скурковіч з Павулля і падзякавала за конкурс, які на працягу некалькіх месяцаў узнімаў ёй настрой. Увогуле вельмі прыемна было атрымліваць тэлефанаванні з розных куточкаў раёна і нават Беларусі – Касароў і Кубліч, Мосара і Казімірова, Полацка і Мінска. Хочацца шчыра падзякаваць усім аўтарам здымкаў, удзельнікам галасавання.

Ну а вынікі конкурсу наступныя. Паколькі барацьба сапраўды была вельмі ўпартай і сімпатыі чытачоў раздзяліліся прыкладна па-роўнаму паміж лідарамі розных відаў галасавання, пераможцамі прызнаны адразу чацвёра ўдзельнікаў, №№7, 8, 10 і 11 – Міша Клотчанка і Ліза Шапавалава, Саша Бугай, Лёша Судак і Злата Азевіч. Віншуем нашых лаўрэатаў, якія атрымаюць памятныя прызы (інфармацыя наконт іх уручэння – па нумары 2-78-35). Ну а тым, каму ў гэты раз крыху не пашанцавала, раім не адчайвацца і рыхтавацца да новага фотаконкурсу, які мы аб’явім у бліжэйшы час!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *