15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

Общество

Апошні зімовы месяц ў жыцці гэтага мужчыны стаіць асабняком. Хоць люты і самы кароткі, але для Міхаіла Васільевіча Данілёнка ён, як ні адзін з іншых месяцаў, напоўнены асаблівымі датамі: радаснымі і не вельмі, памінальнымі і святочнымі. Сталася так, што аб’яднала амаль усе іх адна агульная тэма – вайна ў Афганістане.

Пра тое, што 15 лютага стане адметным днём у яго жыцці, касарскі хлопец на той момант ведаць не мог – да падпісання адпаведнага Указа Прэзідэнта краіны аб святкаванні гэтай даты заставаліся доўгія гады. Але падзеі далёкай вайны ўжо тады цесна перапляліся з лёсам юнака. 21 лютага 1983 года ў Афганістане загінуў яго зямляк, ураджэнец Дубінца Аляксандр Клачок. Хлопца, яго бацькоў Міхаіл добра ведаў, як асабістую страту перажываў гібель маладога верталётчыка, які так і не ўбачыў дачку, што з’явілася на свет за тыдзень да смерці бацькі, не змог прыехаць са сваёй апошняй камандзіроўкі на дзень нараджэння маці, Валянціны Аляксандраўны Клачок, які супадае і з Днём анёла М.В.Данілёнка – 17 лютага…

У Афганістан Міхаіл трапіў амаль на два гады пазней: праз тры месяцы “каранціну” ў Туркменістане і курсу спецыяльнай падрыхтоўкі пачалася баявая служба, якая ў асноўным заключалася ў ахове дарогі Кабул-Баграм. Уся яе працягласць была раздзелена на сектары, паміж якімі ў сярэднім праз 20 кіламетраў знаходзіліся стацыянарныя пасты. У дзённы час, калі на дарозе было ажыўлена, паміж імі выстаўляліся яшчэ і вынасныя кропкі.

“На акружаючых трасу гарах “сядзелі” дэсантнікі, мы – унізе, і так да канца работы”, – менавіта так называе Міхаіл Васільевіч час службы. Зразумела, што “работа” была вельмі няпростай. Давялося прымаць удзел не толькі ў ахове дарогі, а і ў аперацыях, бо менавіта разведрота М.Данілёнка была адным з самых баяздольных падраздзяленняў 181-га мотастралковага палка. Дзесьці пасля года службы Міхаіл Васільевіч ужо меў пасведчанне старшага снайпера батальёна, вучыў маладых, якія прыходзілі на месца звольненых у запас старэйшых таварышаў і замест загінуўшых.

На аперацыях прачэсвалі мясцовасць, выходзілі на засады ў месцах магчымага з’яўлення непрыяцеля. У вядзенні такіх дзеянняў часта прымалі ўдзел разам з мясцовымі вайскоўцамі. Міхаіл Васільевіч сцвярджае, што каб не падтрымка савецкага кантынгенту, самастойна справіцца з маджахедамі армія прэзідэнта Наджыбулы ніколі б не здолела: калі ўпершыню ўбачыў, якая тэхніка стаіць у некаторых іх часцях на ўзбраенні – не мог паверыць сваім вачам: танкі Т-34 і “кацюшы” часоў Вялікай Айчыннай вайны, а асабістай зброяй некаторых былі аўтаматы ППШ!

У палку ж М.Данілёнка на ўзбраенні стаялі сучасныя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, сістэмы рэактыўнага залпавага агню “Град”. Іншая справа, што прымяніць іх было цяжка – каб не пацярпела і мірнае насельніцтва. Адрозніць жа яго ад маджахедаў было вельмі няпроста, ды і не сакрэт, што многія мясцовыя сяляне ноччу станавіліся баевікамі. Бліжэйшы кішлак размяшчаўся ў трох кіламетрах, з яго часта стралялі. Уся тэрыторыя паміж пастом савецкіх воінаў і населеным пунктам была засаджана вінаграднікам, таму падыходы з усіх бакоў акружалі расцяжкі і сігнальныя міны, ноччу байцы заступалі на баявое дзяжурства, змяняючы адзін аднаго праз дзве гадзіны.

Доўга не рашаўся спытаць у земляка, ці цяжка гэта – страляць у чалавека. Але Міхаіл адказаў спакойным голасам, нібы гэта было і не з ім:

– У запале хуткацечных баявых сутыкненняў пра гэты маральны аспект асабліва не думалася, тым больш, што калі не ты – то цябе або твайго таварыша. Цяжэй было зарыентавацца ў некаторых сітуацыях. Аднойчы ледзь не выстраліў у камандзіра батальёна – афіцэра, які нечакана з’явіўся ў сектары абстрэлу паміж дуваламі, выратавала толькі стрыжка “пад Катоўскага”, дзякуючы якой апазнаў у ім свайго – мясцовыя бандыты без галаўных убораў не хадзілі.

Вінтоўку СВД у іх разведроце называлі “снайперскай вінтоўкай… Данілёнка” – вострыя на язык салдаты хутка замянілі прозвішча канструктара Драгунава на прозвішча саслужыўца. Ён жа адносіўся да гэтага спакойна, кажа, што гераічнага нічога не здзейсніў:

– У кожнага была свая байніца: месца, гатовае для вядзення агню ў любы момант. У маёй агнявой кропцы акрамя патронаў для вінтоўкі меліся і зараджаныя абоймы для аўтамата Калашнікава – не хацелася пра гэта думаць, але ў любы момант я мог, так скажам, “выйсці са строю” – і месца заняў бы іншы баец-стралок.

На шчасце, за два гады службы, падчас якіх, дарэчы, ён так і не быў у водпуску, гэтага не здарылася. Толькі не ўсім пашанцавала так, як Міхаілу Васільевічу. Ён расказвае, што трапіць дамоў можна было толькі ў экстранным выпадку – смерці кагосьці з бацькоў або з-за ранення. Незапланаваныя “адлучкі” ў Саюз былі ў афіцэраў, толькі вось такой магчымасцю карыстацца ніхто не хацеў, бо часцей за ўсё яны былі звязаны з неабходнасцю суправаджаць цынкавы “груз 200”.

Адзін выпадак успамінаць Міхаілу Васільевічу асабліва цяжка – тады за імгненне абарвалася жыццё сямі яго саслужыўцаў, яшчэ пяцёра былі паранены.

– Правяралі дарогу, па якой неўзабаве павінна была прайсці калона, і байцы шчупамі выявілі замаскіраваны фугас. Адразу “пякельная машына” не ўзарвалася, а здэтанавала, калі ля яе сабралася вялікая колькасць байцоў – хутчэй за ўсё, фугас быў з радыёмаяком. Вядома, хлопцы маладыя і не ўяўлялі ўсю небяспечнасць. Ад некаторых амаль нічога не засталося, фактычна не было чаго класці ў труну… Больш мы так не рызыкавалі, калі знаходзілі штосьці падазронае, падобнае на міны або фугасы, якія афганцы часта маскіравалі пад бытавыя прадметы, то ліквідавалі іх на месцы, хаваліся за браню БТРаў і падрывалі.

6 лютага 1987-га, праз два гады і чатыры дні пасля таго, як ступіў на афганскую зямлю, Міхаіл Васільевіч пайшоў на “дэмбель”. Тры дні яшчэ давялося прасядзець у аэрапорце Кабула, потым у Ташкенце не было білетаў на Маскву і дабіраўся дадому з перасадкамі. Але да дня нараджэння паспеў:

– 16 лютага сястра са шваграм прывезлі мяне з Віцебска ў Касары. На сустрэчу сабралася больш 100 чалавек, вёска была вялікая, многа моладзі. Працаваў у мясцовай гаспадарцы. Я да арміі скончыў вучылішча ў Лепелі, “дыпламаваны” экскаватаршчык, але адвучыўся яшчэ і на вадзіцеля. Пабудаваў дом у Касарах, потым атрымаў кватэру ва Ушачах і пераехаў у райцэнтр, бо ужо працаваў на мехустаноўцы, яшчэ з тых часоў, калі яна належала лясгасу. Я ў ААТ “Ушачы” адзін са старажылаў.

А яшчэ – адзін з актывістаў ветэранскага руху воінаў-інтэрнацыяналістаў. Магчыма Міхаіл Васільевіч больш не змяняў месца працы і таму, што побач заўсёды працавалі такія ж апаленыя агнём, хоць знешне і зусім звычайныя ветэраны афганскай вайны. У параўнанні з той “работай” зараз ён займаецца надзвычай мірнай, стваральнай – днямі, напрыклад, збіраў зруб пад царкву, якая ў хуткім часе будзе стаяць дзесьці на Міншчыне. За працай, бытавымі клопатамі заціхаюць успаміны пра афганскія выпрабаванні, але ў лютым яны сваім гарачым подыхам зноў напамінаюць пра сябе, пра загінуўшых і жывых таварышаў, несуцешных матуль, пра апаленую ваенным полымем маладосць.

Дзмітрый  РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *