За беспечность поплатились автомобилями. С начала года в Ушачском районе сгорели три машины

Cлужба-101

З пачатку года ў раёне адбылося 6 пажараў, з іх у трох выпадках ва ўладзе вогненнай стыхіі аказваліся аўтамабілі.

У пятніцу днём у жыхара вёскі Янова Вяркудскага сельсавета не атрымалася у мароз завесці аўто. Пагрэць свайго “жалезнага каня” гаспадар вырашыў пры дапамозе самаробнага абагравальніка. Паклаў яго пад рухавік, а сам адлучыўся. У выніку абагравальнік загарэўся разам з аўтамабілем. Агонь знішчыў не толькі машыну, але і дах гаража, пашкодзіў сцены памяшкання.

Некалькімі тыднямі раней жыхар Арэхаўна вырашыў адагрэць свой “Рэно Дастэр” 2015 года выпуску з дапамогай маслянога абагравальніка. Паклаўшы ўключаны прыбор бокам на рухавік, таксама пакінуў працэс без нагляду. Такая памылка каштавала мужчыну дорага: у амаль новым аўтамабілі моцна пашкоджаны маторны адсек і салон.

Выкарыстоўваць такія метады, вядома ж, недапушчальна.

– У самаробных абагравальніках часта прымяняецца звычайны шнур ад пакаёвага падаўжальніка. У маразы ў ім трэскаецца ізаляцыя, што прыводзіць да кароткага замыкання і пажару. Некаторыя вадзіцелі выкарыстоўваюць абагравальнікі вялікай магутнасці, каб матор хутчэй прагрэўся, але пры гэтым зноў жа існуе вялікая рызыка ўзнікнення пажару, – расказвае інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В.Карэйша. – Настойліва не рэкамендуецца завадзіць матор з дапамогай паяльнай лямпы: ёй многія грэюць рухавік або адкрываюць капот і награваюць паветра перад карбюратарам, каб аблегчыць пуск рухавіка. Пары бензіну пры гэтым могуць вельмі лёгка загарэцца. У маразы некаторыя аўтамабілісты, асабліва вадзіцелі грузавікоў, ахінаюць матор шчыльнай тканінай, каб ён не так хутка астываў. Але па правілах пажарнай бяспекі так рабіць нельга. Трэба ўцяпляць не матор, а ўнутраны бок крышкі капота з дапамогай цеплаізаляцыйных матэрыялаў.

Нават калі вы не грэеце машыну, як гаспадары ў вышэйапісаных выпадках, варта не забываць і пра “традыцыйныя” прычыны ўзгарання ў аўтамабілі. Пажары часта адбываюцца з-за няспраўнасці электраправодкі ці рухавіка. Менавіта па гэтай прычыне загарэўся тыдзень таму МАЗ у філіяле Ушацкі ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” у Старым Сяле. Нярэдка аўтамабілі пачынаюць гарэць з-за ўцечкі паліва і іншых вадкасцяў: гаручая сумесь трапляе на разагрэтыя дэталі рухавіка, пары бензіну ўспыхваюць ад маленькай іскры. Узгаранне можа ўзнікнуць нават з-за няправільнай устаноўкі магнітолы або сігналізацыі.

Што рабіць, калі машына ўсё ж загарэлася? Супрацоўнікі МНС рэкамендуюць адразу заглушыць матор, паспрабаваць патушыць агонь самастойна. Калі гарыць маторны адсек – крыху прыадкрыйце (толькі не цалкам!) капот і накіруйце туды раструб вогнетушыцеля. Да прыезду выратавальнікаў паспрабуйце патушыць пажар падручнымі сродкамі, збіць полымя з дапамогай вогнетушыцеля, шчыльнай тканіны, зямлі, пяску або снегу. Калі патушыць пажар не ўдаецца, бяспечней будзе адысці далей, бо можа ўзарвацца паліўны бак або газавы балон. Небяспечна прыступаць да тушэння пажару, калі вашы рукі ў бензіне, а вопратка запэцкана мазутай. Ні ў якім разе не садзіцеся ў аўтамабіль, які гарыць, і не спрабуйце яго завесці!

Варта сказаць некалькі слоў і пра вогнетушыцелі. Літровыя прыборы, якія часта купляюць аўтамабілісты, дрэнныя памочнікі ў тушэнні пажару. Лепш за ўсё набыць пяцілітровы вуглекіслотны або парашковы вогнетушыцель. Часта ўласнікі аўто не купляюць вонетушыцель, а пазычаюць яго ў сяброў, каб прайсці тэхагляд. Калі ж прылада і ёсць у наяўнасці, то далёка не кожны ўмее ёй карыстацца. Вельмі важна праверыць тэрмін прыгоднасці і спраўнасці вогнетушыцеля, прачытаць інструкцыю па выкарыстанні. Гэтыя мінімальныя навыкі зберагуць вас ад вялікіх страт.

Вольга КАМАРКОВА.

Фото МЧС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *