Вёску Старынка па цяперашніх мерках можна назваць вялікай – у ёй жывуць каля паўсотні чалавек, а тутэйшыя сядзібы амаль напалову размяжоўваюцца рэчкай Ідута. Здаўна дзве вясковыя часткі злучаў мост. Не нейкая кладка, а сапраўдны: старажылы прыгадваюць, што яшчэ некалькі дзясяткаў год таму праз яго ішла бойкая дарога, па якой нават хадзіў аўтобус – яшчэ і зараз у вадзе бачны старыя апоры. З цягам часу мост разбурыўся і гэтая частка дарогі стала непраезнай, а дзве часткі вёскі злучыў невялікі пешаходны мосцік. Прастаяўшы гадоў пад восем, гэтае збудаванне састарэла і стала небяспечным. Аднак людзі не хацелі рабіць вялікі круг у абыход і, нават рызыкуючы зваліцца ў ваду, па-ранейшаму пераходзілі раку па аварыйным мастку.
Такая сітуацыя непакоіла старэйшыну населенага пункта Валянціну Іванаўну Цвяцінскую (на здымку). Заручыўшыся падтрымкай старшыні Жарскага сельвыканкама Святланы Цімафееўны Міхейкі, жанчына выступіла з ініцыятывай сабраць сродкі самаабкладання і накіраваць іх на будаўніцтва новага мастка. Варта адзначыць, што многія вяскоўцы падтрымалі задуму: вылучылі грошы для карыснай мэты практычна ўсе жыхары меншай часткі Старынкі і некаторыя з тых, хто жывуць з другога боку, сваю лепту ўнёс і сельвыканкам. Пабудаваць новы мост узяўся пастаянны памочнік у многіх добрых грамадскіх справах, якія ладзяцца ў сельсавеце, уладальнік сялянска-фермерскай гаспадаркі “Звонь” Юрый Нічыпар. Разам са сваімі памочнікамі ён хутка і танна правёў будаўнічыя работы, і за некалькі дзён да Новага года вяскоўцы атрымалі святочны падарунак – новы прыгожы мосцік са зручнымі поручнямі.
Днямі нам давялося апрабаваць збудаванне і ўпэўніцца, што рухацца па ім бяспечна нават у цяперашні галалёд. Задаволены і мясцовыя жыхары. “Вялікі дзякуй за новы мост! Ён для нас вельмі неабходны!” – давялося пачуць ад Сяргея Чэвідаева, які вяртаўся дамоў з рыбалкі. Згодна са словамі сына і яго маці Раіса Паўлаўна, якая адзначае, што зараз ёй будзе зручна хадзіць у краму.
“Сапраўды, вяскоўцы накіроўваюцца гэтым шляхам і ў магазін, і на работу, і на аўтобусны прыпынак, а таму вельмі рада, што нам удалася вырашыць хвалюючае пытанне”, – кажа В.І.Цвяцінская. Вось ужо чацвёрты год яна з’яўляецца абраннікам вёскі, якую вельмі любіць і лічыць сваёй, хоць і прыехала сюды, на радзіму мужа, з горада. Гэтая актыўная і неабыякавая жанчына з’яўляецца таксама дэпутатам Жарскага сельскага Савета. Валянціна Іванаўна ўмее адстойваць інтарэсы аказаўшых ёй давер людзей, мае свой пункт гледжання на розныя пытанні. Сярод актуальных праблем жыцця вёскі называе, напрыклад, нежаданне некаторых жыхароў працаваць, іх схільнасць да згубных звычак. “Многія кажуць, маўляў, на сяле няма работы. Але ж зямлі наўкол хапае – што перашкаджае завесці жывёлу, апрацоўваць участак?” – разважае жанчына і сама сабе адказвае: банальная лянота і ўтрыманская пазіцыя. У Старынцэ, дарэчы, ёсць жыхары, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку і забяспечваюць гэтым свой дабрабыт. Дастаткова прыгадаць нястомную працаўніцу Галіну Уладзіміраўну Ланцунцэвіч, якая нягледзячы на пажылы ўзрост, трымае пяць кароў, з’яўляецца актыўным малаказдатчыкам. “Такі прыклад заслугоўвае вялікай павагі”, – лічыць старэйшына вёскі.
Зрэшты, не прывыкла сядзець без справы і сама Валянціна Іванаўна: разам з мужам яны трымаюць вялікую падсобную гаспадарку: карову, цялушку, свіней, раней быў і конь, якога летась памянялі на “жалезнага” – набылі для апрацоўкі вялікага ўчастка трактар. Руплівасць бацькоў з’яўляецца прыкладам і для іх сына, які таксама расце працавітым і мэтанакіраваным. Канечне, вясковыя будні ніяк не назавеш простымі і бесклапотнымі, але былая палачанка прыкіпела шчыра душой да гэтай прыгожай мясцовасці і яе людзей і настойліва імкнецца рабіць усё для паляпшэння якасці іх жыцця.
Наталля БАГДАНОВІЧ.