В новом храме в Ушачах успешно завершили монтаж системы отопления

Общество

Для таго, каб з раніцы вернікі прыйшлі на службу ў цёплае памяшканне новага храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры ў гарпасёлку, некаторыя прыхаджане ў ноч з суботы на нядзелю працавалі тут да трох гадзін. Мантаж сістэмы ацяплення выкананы паспяхова, і зараз цеплыня ў храме больш не залежыць ад надвор’я.

Зразумела, што такія работы не выконваюцца за лічаныя гадзіны і начны “аўрал” быў заключным эпізодам вялікай папярэдняй працы. На мінулым тыдні за яе выкананнем удалося застаць Андрэя Жыткова і Аляксандра Радзюша, якія і паабяцалі, што ў нядзелю ў храме будзе цёпла і, як бачна, слова стрымалі.

– Сістэма падагрэву падлогі з’явілася ў храме дзякуючы прафесійна выкананай рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў Васіля і Аляксандра Пугачоў, –  расказваў А.Радзюш, якому пры засыпцы трубы на марозе даводзілася арудаваць ломам. – Герметычнасць праверана ціскам, ніякіх уцечак не выяўлена, таму зараз закрыем падвод цеплатрасы да храма ад катла, усталюем яго – і можна будзе запускаць цяпло.

Генерыруе яго новы апарат гродзенскай фірмы “Меркурый”, які прыход набыў яшчэ ўлетку. Кацёл каштуе нятанна, але дзякуючы выкарыстанню розных цвёрдых відаў паліва павінен сябе акупіць. А.Жыткоў, які зараз адказвае за ацяпленне храма, паведаміў, што вугаль і брыкет пакуль не выкарыстоўвалі, а для таго, каб эфектыўна расходаваць сухія дровы, іх у топцы засыпаюць пілаваннем – кацёл самарэгулюецца, мяняе падачу паветра, і адной “запраўкі” хапае на некалькі гадзін работы. Трэба сказаць, што ўшацкія ўмельцы ўдасканалілі заводскую канструкцыю – залатыя рукі зваршчыка Фёдара Карпёнка па-майстэрску зрабілі да катла акумулятар цяпла, што яшчэ больш павысіла энергаэфектыўнасць устаноўкі, якая размясцілася ў старым памяшканні храма.

– Ведаю, што многія пажылыя прыхаджане з наступленнем маразоў асцерагаліся наведваць службу, – кажа А.Жыткоў. – І яно зразумела, бо тэмпература ў каменным будынку раўнялася вулічнай. Па гэтай жа прычыне сюды не маглі прыйсці сем’ямі, прывесці маленькіх дзяцей. Зараз праблема не стаіць, і ацаніць цеплыню і ўтульнасць храма мы запрашаем усіх ушачан.

У планах прыхода – падключыць да сістэмы ацяплення і стары будынак. Магутнасці катла хопіць, і тады зусім у іншых умовах тут змогуць займацца выхаванцы нядзельнай школы. Работы па стварэнні цёплай падлогі запланаваны і ў гэтым памяшканні, праўда, ужо з заканчэннем сёлетняга ацяпляльнага сезона. Частка матэрыялаў ёсць, а частку неабходна набываць, і каштуюць яны нятанна. А вось за выкананнем работ справа не стане – дзякуючы залатым рукам і працавітасці прыхаджан.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *