У надышоўшым годзе наша краіна адзначыць адметны юбілей – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Як сведчыць гісторыя, 6 жніўня 1517 года наш славуты зямляк асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе сваю першую кнігу “Псалтыр”. Гэтая дата, якая лічыцца пачаткам эры друкаванага беларускага слова, будзе шырока адзначацца ва ўсім свеце. У Беларусі запланаваны шэраг мерапрыемстваў, якія мусяць падкрэсліць вялікае значэнне нашай краіны ў стварэнні і прымнажэнні сусветнай культурнай спадчыны. Для падрыхтоўкі і правядзення святкавання юбілею створаны рэспубліканскі аргкамітэт, які будзе курыраваць рэалізацыю разнастайных культурна-асветніцкіх праектаў.
Якое месца займае кніга ў жыцці сучасных беларусаў? На гэтае пытанне кожны з нас адкажа па-рознаму. Нехта заўважыць, што быць паўнацэннай асобай і не чытаць – проста немагчыма, а хтосьці, мабыць, з цяжкасцю прыгадае назву апошняй кнігі, якую асіліў. А вось для гераіні нашага аповеду Наталлі Паўлаўны Вараб’ёвай такая сітуацыя ўвогуле немагчыма: жыхарка Завячэлля за сваё жыццё прачытала не адну сотню кніг, пры гэтым яна з лёгкасцю прыгадае не толькі аўтараў і назвы ўсіх твораў, але і дату, калі ёю была перагорнута апошняя старонка чарговага тома. Дапамагае жанчыне ў гэтым чытацкі дзённік, які яна завяла 42 гады таму, калі вучылася ў школе. А сярод першых запісаў у ім – “Сымон-музыка” Якуба Коласа, “Тры старонкі з легенды” Генадзя Бураўкіна, іншыя творы беларускіх класікаў.
Калі ж казаць пра кнігі, якія моцна паўплывалі на фарміраванне светапогляду, то тут найперш можна назваць “Пунсовыя ветразі” Аляксандра Грына. Гэтая рамантычная аповесць вельмі ўзрушыла дзяўчынку: прачытаўшы яе ў вясковай бібліятэцы, яна спецыяльна паехала ў Рагачоў (у той час сям’я жыла на Гомельшчыне), каб купіць кнігу. І зараз, праз столькі дзесяцігоддзяў, каштоўная рэліквія стаіць у яе на паліцы: жанчына прызнаецца, што гэты твор па-ранейшаму любімы, бо ён – пра надзею, якая павінна быць у кожнага. І не губляць яе нават пры самых складаных жыццёвых абставінах часта вучаць менавіта кнігі.
Яны былі для Наталлі Паўлаўны абавязковымі спадарожнікамі ў працоўнай дзейнасці, бо па прафесіі яна – настаўнік пачатковых класаў. Не толькі чытаць, але і любіць, шанаваць друкаванае слова вучыла яна маленькіх жыхароў Завячэлля і Мосара, дзе давялося працаваць жанчыне. На Ушаччыну Наталля Паўлаўна прыехала ў 90-м годзе. Рагачоўскі раён хоць і не быў у зоне абавязковага адсялення пасля чарнобыльскай аварыі, але радыенуклідаў тутэйшыя землі назапасілі, у іх жа з мужам было двое маленькіх дзяцей, а таму, наслухаўшыся ад пераехаўшай у Завячэлле сястры ўзнёслых водгукаў пра новае месца жыхарства, не сталі доўга вагацца і перабраліся на Ушаччыну. А неўзабаве сюды пераехалі бацькі Наталлі і яе брат, такім чынам утварыўшы ў населеным пункце цэлую сямейную дыяспару. Рады былі іх пераезду ў мясцовай школе, дзе з’явіліся адразу пяцёра новых вучняў і настаўніца пачатковых класаў.
– Завячэлле нам вельмі спадабалася. У той час гэта была перспектыўная вёска, дзе будавалася жыллё, меліся ўсе неабходныя сацыяльныя аб’екты, было шмат моладзі, – не без настальгіі прыгадвае Наталля Паўлаўна.
На жаль, ход часу істотна змяніў воблік населенага пункта. Закрылася школа, не стала сельгаспрадпрыемства, зменшылася колькасць жыхароў. Разам з вёскай панесла страты і “дыяспара” былых рагачоўцаў – пайшлі з жыцця бацькі Наталлі, раптоўна памёр муж. Адыход вернага спадарожніка жыцця 50-гадовая жанчына перажывала вельмі востра, але ад дэпрэсіі выратоўвала адказнасць за лёс дзяцей, а нараджэнне ўнукаў напоўніла жыццё новым сэнсам.
Зараз утульная хата жанчыны звініць дзіцячымі галасамі – Наталля Паўлаўна дапамагае сыну з нявесткай гадаваць малышоў. Сустрэўшы нас на парозе, жанчына прыклала палец да вуснаў – у калідорчыку на свежым паветры ў калясцы спала шасцімесячная Насця. А вось у хаце пра цішыню можна было толькі марыць, бо трохгадовы Руслан намагаўся ўстроіць у пакоі ралі на цацачным “мотаблоку”. Зрэшты, сярод абавязковых заняткаў хлопчыка і чытанне – вядома ж, пакуль у бабуліным выкананні. Ёсць ужо ў яго і любімыя кніжкі – гэта, напрыклад, гісторыі пра ката Матроскіна і яго сяброў з Прастаквашына.
“Спраў, канечне, хапае, але ж вечарам абавязкова вылучаю час для любімых заняткаў”, – расказвае Наталля Паўлаўна. Яна, дарэчы, выдатная рукадзельніца. Мяркуйце самі, як да твару жанчыне звязаная ўласнымі рукамі кофта! А яе вышываныя карціны ўпрыгожваюць усе пакоі дома, у якім пануе ўтульнасць і парадак. Тэмы для работ яна выбірае рамантычныя, а любімыя персанажы вышыванак – прыгожыя лебедзі. Пра вытокі свайго майстэрства жанчына кажа, што настаўнік пачатковых класаў проста абавязаны мець творчыя таленты – бо як жа інакш правядзеш урокі працы і малявання. А наша гераіня да таго ж вяла ў Мосарскай школе гурток бісерапляцення.
Ды ўсё ж самым любімым заняткам Наталлі Паўлаўны было і застаецца чытанне. Вельмі перажывала жанчына, калі ў 2015 годзе ў Завячэллі не стала бібліятэкі. Але ж без кніг яна – як без паветра, таму двойчы ў месяц выпраўляецца ў райцэнтр, каб пабываць у раённай бібліятэцы. Толькі ў студзені гэтага года ў яе дзённіку прыбавілася восем новых запісаў. Сярод чытацкіх прыярытэтаў жанчыны – гістарычныя раманы, творы пра сучаснае жыццё, якія прымушаюць суперажываць героям, і, вядома ж, кнігі беларускіх аўтараў. Нехта з мудрых сказаў, што дзень, за які ты не прачытаў ніводнай старонкі, можна смела выкрасліць з жыцця. Наталля Паўлаўна Вараб’ёва, цалкам з гэтым згодная. Не марнуйце адведзены лёсам час і вы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.