Першы малыш года
Прыемную статыстыку нараджальнасці ў 2017 годзе на Ушаччыне распачаў маленькі Вячаслаў Дрозд. На свет хлопчык з’явіўся 2 студзеня ў 7 гадзін 30 хвілін. Адметна тое, што мама “першаадкрывальніка” – урач акушэр-гінеколаг, якую ведаюць і любяць, напэўна, усе прадстаўніцы прыгожай паловы нашага раёна. Да таго ж сыночка яна нарадзіла ў спецыялізаванай медыцынскай установе Наваполацка, дзе ў свой час сама праходзіла інтэрнатуру.
У Наталлі Васільеўны і Дзмітрыя Пятровіча Дрозд з аграгарадка Ільюшына гэта ўжо другое дзіця. Старэйшая дачушка Ганна зараз з цікаўнасцю спасцігае навыкі зносін з новым членам сям’і. Бацькі ж упэўнены, што яна стане для Славы лепшай сяброўкай. А яркія моманты іх жыцця захавае сямейны фотаальбом, цэнтральнае месца ў якім зойме вось гэты здымак, зроблены падчас выпіскі Вячаслава і яго мамы з радзільнага дома.
…і яго “паслядоўнікі”
У гэты ж дзень, 2 студзеня, на свет з’явіўся яшчэ адзін маленькі ўшачанін. Свайго папярэдніка Яўген Калбасаў “прапусціў наперад” на 6 гадзін і 5 хвілін. Зрэшты, нарадзіўся хлопчык у тым жа радзільным доме і таксама стаў другім дзіцем у сям’і.
Усяго ж у студзені бягучага года органамі загса Ушацкага раёна зарэгістравана нараджэнне 11 дзяцей: 8 хлопчыкаў і 3 дзяўчынак. Першынцамі сталі Аляксандра Быкава і Дзмітрый Батура, другімі малышамі, акрамя ўжо прыгаданых – Ганна Алексяёнак, Максім Качан, Дзяніс Кляпец і Ілья Міцкевіч, трэцімі – Рыгор Верхалазаў, Андрэй Равенка і Марыя Цвяцінская. Асабліва прыемна тое, што ўсе яны з’явіліся на свет у поўных сем’ях.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.