Корманарыхтоўка ў раёне набірае ўсё большыя тэмпы. Дажджы пакуль што не дазваляюць гаспадаркам сушыць сена, а вось нарыхтоўка сенажу ідзе поўным ходам. КУСГП “Глыбачаны” практычна адразу пасля завяршэння сяўбы, якая ў гэтым годзе зацягнулася, прыступілі да нарыхтоўкі кармоў. Адзіны КЗР-10 адразу перапрафіліравалі для правядзення не менш важных работ. На “Палессі” ж бяззменна і заўсёды бездакорна не адзін сезон працуе Васіль Мікалаевіч Сапега (на здымку). Чалавек, якому можна смела давяраць тэхніку, а значыць і любую адказную работу.
Першым укосам скошана 32 працэнты траў, нарыхтавана 4,3 цэнтнера на ўмоўную галаву.
– Рабочы дзень механізатараў, якія заняты на корманарыхтоўцы, пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і заканчваецца познім вечарам пасля 9 гадзін, – расказвае дырэктар гаспадаркі Сяргей Іванавіч Кірпічонак, – да такога напружанага рытму яны даўно прывыклі, тым больш што на ўсіх работах у розную пару года заняты адны і тыя ж работнікі, асноўны працавіты касцяк.
На корманарыхтоўцы задзейнічаны чатыры адзінкі на адвозцы, што вельмі зручна, асабліва калі зялёная маса адвозіцца на дальнія адлегласці, і кормаўборачнаму камбайну не даводзіцца прастойваць. Скошаная трава вылежваецца ў валках, якія потым і падбіраюцца КЗР-10. У адзін з дзён на гэтым тыдні ён прастойваў з-за значнай паломкі, у выніку чаго не закладваўся сянаж, аднак агульная работа не спынялася – трава скошвалася, а завезеная да гэтага дня зялёная маса трамбавалася ў яме. Дарэчы, трамбоўка ў “Глыбачанах” вядзецца ў дзве змены, у тым ліку і ўначы. Працуе дзве адзінкі – пагрузчык “Амкадор” і трактар МТЗ.
Добра наладжаны і працэс харчавання. На поле падвозяць абеды і вячэры. Адной з мер матэрыяльнага стымулявання на корманарыхтоўцы з’яўляецца 100-працэнтная льгота на харчаванне пры адсутнасці парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Лепшыя таксама могуць атрымаць у якасці заахвочвання зерне.
У дыспетчарскай Сяргей Іванавіч паказвае спецыяльны стэнд, на якім адлюстраваны ход правядзення нарыхтоўкі кармоў, дзе бачна агульная колькасць нарыхтаваных тон за дзень, і па кожным механізатары, такім чынам падводзяцца вынікі ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва.
Асобна выдзяляецца і экран налічэння заработнай платы за адпрацаваныя дні, дзе працаўнікі могуць бачыць у любы момант матэрыяльнае ўзнагароджанне за сваю працу.
Ну а пакуль стараюцца не губляць усе спрыяльныя моманты. Пры такой арганізаванай рабоце ўпэўнены, што зімой будуць з якаснымі кармамі.
В.ПОЛАЗАВА.