Большой разговор с Президентом

Общество Официально

Сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 мінут

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 мінут.

На сустрэчу былі запрошаны каля 50 журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш вядомыя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. А ўдзел у мерапрыемстве амаль сотні экспертаў, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб’яднанняў, зрабіў гутарку яшчэ больш насычанай і плённай.

Сустрэча, якая прайшла ў фармаце «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», з першых мінут апраўдала сваю назву. Кіраўнік дзяржавы адразу ж папярэдзіў, што закрытых тэм сёння няма і яму хацелася б абмеркаваць праблемы, якія хвалююць беларускі народ. Але не проста пачуць пытанні, а выслухаць меркаванне ўсіх прысутных.

У жывой дыскусіі былі абмеркаваны некалькі дзясяткаў тэм, у тым ліку знешняя палітыка Беларусі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праблематыка смяротнай кары, абстаноўка ў сферы бяспекі, турыстычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і многія іншыя.

Так, Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў удзельнікам мерапрыемства аб цяперашнім стане беларуска-расійскіх узаемаадносін, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю. «Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга», — падкрэсліў беларускі лідар, звярнуўшы ўвагу, што Беларусь ніколі не парушала ніводнага дагавора з Расіяй.

Каменціруючы заявы літоўскага боку аб будаўніцтве Беларускай АЭС, Аляксандр Лукашэнка заклікаў суседнюю дзяржаву не палітызаваць гэта пытанне: «Палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю ролю адыграе: калі з’явіцца танная электраэнергія, тады мы і дамовімся».

Кіраўнік дзяржавы таксама анансаваў маючыя адбыцца сур’ёзныя нарады па развіцці сфер навукі і ЖКГ, а таксама па выніках работы ўрада ў 2016 годзе. Асаблівая ўвага была звернута на прыцягненне інвестыцый у Беларусь. Прэзідэнт расказаў аб перагаворах з КНР па прыцягненні $700 млн для малога і сярэдняга бізнесу. «Я думаю, мы дамовімся, і нейкую суму будзем выдзяляць спецыяльна пад канкрэтныя праекты (сямейны бізнес і г.д.)», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Па традыцыі вялікі блок пытанняў датычыўся асабістых густаў і захапленняў Прэзідэнта па тых ці іншых пытаннях. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што носіць толькі беларускія касцюмы і праанансаваў з’яўленне шакаладу пад брэндам «Прэзідэнт». Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з удзельнікамі мерапрыемства думкай, што можна паглядзець у Беларусі турыстам за пяць дзён. Паводле яго слоў, прыезджым варта пабываць у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным запаведніку, на Нарачы, Прыпяці, убачыць Мірскі замак і іншыя выдатныя мясціны. У Беларусі беражліва захавалі прыроду, хоць такое стаўленне да яе сустракаецца не ва ўсіх краінах, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Цікава турыстам і наведванне беларускай сталіцы. «Вось гэта мы гатовы паказаць усяму свету. А самае галоўнае, што ёсць такая краіна — Беларусь, і яна адкрытая, мы не закрываемся ні ад каго», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У час мерапрыемства таксама прагучалі пытанні, якія Прэзідэнту адрасавалі грамадзяне рэспублікі. Многія з іх датычыліся правапрымяняльнай практыкі дэкрэта нумар 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дакумент у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы сказаў, што найлепшым вынікам сённяшняй сустрэчы будзе дапамога людзям па тых пытаннях, якія былі ўзняты. «Хачу, каб тыя, ад каго залежыць вырашэнне пытанняў, якія тут узнімаліся, пачулі мяне і не чакалі новых законаў і нарматыўна-прававых актаў — іх дастаткова. Лічыце, што я прыняў рашэнні, і гэтыя рашэнні трэба рэалізоўваць», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка аб выніках 2016 года: не ўсё атрымалася, але нам удалося захаваць мір і стабільнасць

У 2016 годзе ў беларускай дзяржавы не ўсё атрымалася, але ўдалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Мы абавязкова пагаворым, як прайшоў 2016 год. Не ўсё ў нас атрымалася. Ёсць вельмі сур’ёзныя знешнія фактары — яны абсалютна вызначальныя, але многае мы не зрабілі самі. Гэта таксама трэба абмеркаваць. Галоўнае, нам удалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што разважанні аб стабільнасці — гэта зусім не пустыя размовы, як некаторыя могуць лічыць.

«Але, каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова аб праблемах, якія непакояць чытачоў, слухачоў, гледачоў, ды і ўсіх нас з вамі. Не сакрэт, ёсць сілы (і тут, і за межамі), якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Давайце проста падумаем аб лёсах нашых дзяцей, нашых родных і блізкіх, любімых, якія ўсім дарагія», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На мерапрыемстве сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў. «Але ў адным мы адзіныя — у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка аб выбудоўванні адносін з Захадам: хачу, каб убачылі ў Беларусі незалежную суверэнную дзяржаву

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка хоча, каб пры выбудоўванні адносін Захад убачыў у Беларусі незалежную суверэнную дзяржаву. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Хачу, каб убачылі ў Беларусі суверэнную, незалежную дзяржаву, больш нічога ад Захаду не хачу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Адно з зададзеных Прэзідэнту пытанняў датычылася двухбаковых адносін з Германіяй. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь закупляла нямала нямецкага абсталявання для прадпрыемстваў, выкарыстоўвала германскія крэдыты, сёння нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мадэрнізуюцца за кошт гэтага.

«Мы вельмі хацелі б перайсці на адкрыты дыялог і дамовіліся, нарысавалі пэўную дарожную карту, як жыць будзем далей, — сказаў Прэзідэнт. — Мы высокатэхналагічная краіна, вы — супервысокатэхналагічная, немцы далёка наперад пайшлі. Нам патрэбны высокія тэхналогіі, энергазберагальныя, рэсурсазберагальныя, і мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць. Больш таго, ведаю, немцы хацелі б паўдзельнічаць у прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў. У нас не забаронена прыватызацыя любога прадпрыемства, але я выклаў свае падыходы, дакладна так як бачу іх у адносінах да Расіі. Трэба садзіцца і дагаворвацца».

Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі з’явілася шмат прадстаўнікоў нямецкіх дзелавых колаў. «Я з некаторымі з іх сустракаўся, і мы цяпер вядзём перагаворы па стварэнні новых прадпрыемстваў, — расказаў Прэзідэнт. — Таму я хачу, каб вы нарэшце ўбачылі ў Беларусі сучасную незалежную дзяржаву і ўсё, што з гэтага вынікае. Больш я нічога ад Захаду не хачу. А калі вы думаеце, што Лукашэнка развярнуўся і пайшоў на Захад, слухайце, гэта для наіўных. Я разумею: ніхто мяне там не чакае, я абсалютна нікому там не патрэбны, як і Беларусь з нейкім канкурэнтным таварам там таксама не патрэбна. Там ёсць Германія, Францыя… Давайце нармальныя адносіны падтрымліваць і вырашаць праблемы, з якімі сутыкнуліся. Можа, мы вам у нечым будзем карыснымі».

Лукашэнка аб перагаворах з РФ у прамысловасці: забясплатна прасілі аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемствы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ раскрыў падрабязнасці аб перагаворах з Расіяй па супрацоўніцтве ў прамысловай сферы.

«У мяне просяць забясплатна аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемствы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта па-брацку? Гэта прыстойна?»

Як удакладніў Аляксандр Лукашэнка, у свой час размова ішла аб продажы на нявыгадных для Беларусі ўмовах «Інтэграла», МЗКЦ, «Пеленга» і «Гродна Азота», а таксама аб далучэнні МАЗа да КамАЗа. Аднак ён не згадзіўся.

«Мы расіянам гаворым: давайце вашы і нашы лепшыя прадпрыемствы ахоўваць, давайце не будзем ствараць альтэрнатыўныя прадпрыемствы ў Расіі. Ну навошта ствараць, напрыклад, вытворчасць БелАЗ у Расіі?» — задаўся пытаннем Прэзідэнт.

«Я часта Пуціну гавару: калі «лясне» наша эканоміка, як мінімум дзесяць мільёнаў праблем з’явіцца ў цябе і ў прадпрыемстваў. Дык калі мы адзіныя, трэба дапамагаць хаця б крэдытамі, я не гавару — субсідзіраваннем, крэдыт даць гэтым прадпрыемствам, каб яны працавалі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: не хачу, каб на МАЗе заўтра пачалі дыскі штампаваць або гайкі круціць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не хацеў бы, каб замест паўнацэннай вытворчасці МАЗ пачаў выконваць функцыю падсобнага цэха. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Напрыклад, МАЗ. Я не супраць, давайце скааперуемся (з расіянамі. — Заўвага БЕЛТА), адзіны рынак і гэтай далей. Цана — добра, гатовы прадаць танна, аб’яднаць МАЗ і КамАЗ. Але я баюся, каб з МАЗа ён не ператварыўся ў нейкі цэх, дзе будуць гайкі рабіць, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўжо гэту гаечную вытворчасць на МАЗе прайшлі, у тым ліку з немцамі, калі я стаў Прэзідэнтам. Мы прайшлі і не хочам, каб замест МАЗа заўтра дыскі штампавалі або гайкі з балтамі круцілі».

Паводле слоў Прэзідэнта, ён загадзя паспрабаваў удакладніць у партнёраў, колькі грошай яны плануюць укласці ў развіццё гэтага прадпрыемства, аднак выразнага адказу не атрымаў. «Што я няправільна зрабіў? Я паставіў перад імі пытанні — мадэрнізацыя, пашырэнне вытворчасці, новыя рынкі, інвесціраванне і цана прадпрыемства. І яшчэ сказаў: майце на ўвазе, наступны эфект — вы мне павінны паказаць, што ў бюджэт больш паступіла грошай ад гэтага прадпрыемства і людзей вы не выкінулі на вуліцу, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны не прынялі мае ўмовы. Дык я штосьці новае вынайшаў, штосьці невыканальнае перад імі паставіў?»

«Не хачу нагнятаць абстаноўку, але вы павінны разумець: мы выжывем. Я ў гэтым проста ўпэўнены. Але калі мы разыдземся, калі паміж намі ўзнікне вось гэта бездань, яе потым засыпаць, выраўнаваць спатрэбяцца дзесяцігоддзі. І Пуціна не будзе, і Лукашэнкі не будзе, і мы пакінем у спадчыну нашым дзецям і ўнукам гэта няшчасце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Беларусь не пераклейвае наклейкі на санкцыйныя прадукты, а перапрацоўвае імпартуемую сыравіну

Беларусь не пераклейвае наклейкі на санкцыйныя прадукты, а перапрацоўвае імпартуемую сыравіну. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Другі момант — Украіна, Захад, эмбарга і іншае. Калі Расія ўвяла эмбарга — яны з намі не раіліся. Пры гэтым мы як знешняя граніца з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй выконваем ролю адзінай граніцы. Мы паабяцалі, што такія тавары прапускаць у Расію не будзем. Але калі мы атрымліваем сыравіну — малако, яблыкі, рыбу і іншае — мы перапрацоўваем яе, не пераклейваем наклейку. Раз мы яе перапрацавалі — гэта іншы тавар, гэта прадукт ужо глыбокай перапрацоўкі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што практычна ўся прадукцыя, вырабленая з імпартуемай сыравіны, пастаўляецца на ўнутраны рынак. «Мы ім паставім выключна беларускае, у нас пры гэтым, як у савецкія часы, на экспарт якасць павінна быць ідэальная. Транзіту мы ў Расію не накіроўваем», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што і ў Беларусі выяўляюцца выпадкі, калі сапраўды пераклейваюцца наклейкі або падробліваюцца накладныя на санкцыйныя прадукты. «Але гэта мізэр, гэта нават не паўпрацэнта, гэта сотыя працэнта. І мы з гэтым змагаемся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і растлумачыў, што часцей за ўсё такія махінацыі ажыццяўляюцца пры непасрэдным удзеле расійскіх мытнікаў і іншых службовых асоб.

З-за няроўнасці цэн на беларускім і расійскім рынках Беларусь страціла $15 млрд — Лукашэнка

З-за няроўнасці цэн на беларускім і расійскім рынках Беларусь страціла $15 млрд. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«З-за няроўных цэн, няроўных умоў Беларусь страціла (толькі з-за вось гэтага цэнавага фактару) $15 млрд. Яны прызнаюць гэту лічбу і далі цяпер нам аж $5 млрд крэдытаў. Ну добра, узяць у нас $15 млрд праз цэны, потым нам жа даць нашы грошы (і тое, толькі трэцюю частку) пад працэнт у тры разы больш, чым МВФ. Гэта нармальна?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у Расіі агучваецца крытыка ў адрас Беларусі, у свой час там знялі цыкл фільмаў «Хросны бацька». «Я не бачыў ніводнага, усё збіраюся да гэтага вярнуцца, паглядзець, аб чым яны. Але кажуць, што даходзіць да зняваг Прэзідэнта. Гэта што, нармальна? А мы ж дамовіліся з расіянамі, з прэзідэнтамі: мы можам спрачацца, колькі хочаце, але не дапускаецца зневажанне адзін аднаго», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі такіх выказванняў у адрас Прэзідэнта і прэм’ер-міністра Расіі не было. «Пачынаецца ад асабістага — да эканомікі. Гэта не нармальна, гэта трэба заканчваць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка аб нафтагазавых перагаворах Беларусі і Расіі: дамовіцца пакуль не змаглі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка канстатуе адсутнасць прагрэсу ў перагаворах з Расіяй па пастаўках у Беларусь нафты і газу. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі да гэтага часу працуюць па гэтым напрамку. «Дамовіцца пакуль не змаглі. І пачалася ўжо нейкая валакіта: то яны згаджаюцца, добра, давайце па-старому працаваць, то праз суткі гэта не падыходзіць, таму што начальнікі нібыта не згадзіліся. Ідзе гэта цяганіна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў нафтагазавай сферы Беларусь і Расія працавалі па формуле роўнадаходных цэн. Калі сусветныя цэны на нафту былі высокія, адпаведна каштаваў і газ. «І Беларусь плаціла гэту цану», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Затым кошт нафты знізіўся, тое ж адбылося і з цаной на прыродны газ. Раней агавораная для Беларусі цана — $132,77 за тыс. куб.м, цяпер па формуле краіна павінна плаціць $83-82. Аднак расійскі бок адмаўляецца прадаваць газ па такой цане, матывуючы гэта тым, што ранейшая цана нібыта і без таго самая нізкая. Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка лічыць нелагічнай, паколькі ў бакоў ёсць дамоўленасці, якія трэба выконваць.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нафтагазавая спрэчка можа прывесці да эскалацыі па многіх напрамках. «Так яно і атрымліваецца — мы ўжо да меж дайшлі», — заўважыў Прэзідэнт.

Беларусь падала ў суд наконт скарачэння паставак расійскай нафты

Беларусь падала ў суд наконт скарачэння паставак расійскай нафты. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Спрэчка ішла выключна наконт газу. Яны пачалі ў парушэнне ўсіх дамоўленасцей рэзаць нафту. Мы звярнуліся, вядома, у суд. Судовы разбор будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія — дзве самыя блізкія краіны, і такія канфлікты не павінны быць.

Лукашэнка: без расійскай нафты мы абыдземся, хоць і будзе цяжка

Беларусь можа абысціся без расійскай нафты, хоць гэта і будзе цяжка. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Без расійскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але свабода, незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грашамі». Прэзідэнт падкрэсліў: «Гэта несупастаўна, калі на адной чашы незалежнасць, а на другой — расійская, іранская, азербайджанская або амерыканская нафта».

«Незалежнасць, прыстойнасць, наша гістарычнае мінулае даражэйшае, чым нафта», — дадаў беларускі лідар.

Беларусь усё роўна знойдзе выхад, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэтага ў Расіі, на жаль, не разумеюць», — канстатаваў ён.

Прэзідэнт назваў магчымыя прычыны цяперашняга стану беларуска-расійскіх адносін. «Напэўна, у Расіі з’явілася нейкая насцярожанасць, што Беларусь пойдзе на Захад», — выказаў меркаванне беларускі лідар. Некаторыя расійскія СМІ крытыкуюць за гэта кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзіміра Макея. «Ніякі Макей без згоды Прэзідэнта не вядзе перагаворы ні ў Бруселі, ні ў Берліне, ні ў Вашынгтоне. У Расіі ўсе павінны разумець, што гэта ўзгодненая пазіцыя, на якую мяне некалі падштурхнуў мой сябар, Прэзідэнт Пуцін», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі Беларусь яшчэ знаходзілася пад санкцыямі, Уладзімір Пуцін раіў яму выйсці з заходнімі калегамі на нармальныя адносіны. Цяпер, пасля адмены санкцый, яны развіваюцца больш актыўна, але не на шкоду ўзаемадзеянню з Расіяй. «Расія — гэта святое», — падагульніў Прэзідэнт.

Лукашэнка аб увядзенні РФ пагранічнай зоны: ніколі не пойдзем на меры ў адказ

Беларусь не будзе абмяжоўваць свабодны ўезд расіян на сваю тэрыторыю. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

Адказваючы на пытанне аб увядзенні Расіяй рэжыму пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Наколькі мяне інфармавалі, там ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак. Паўстае пытанне — гэта што Расія пачала праводзіць дэмаркацыю граніцы? Дык гэта перагаворны працэс, гэта ж можа выліцца ў сур’ёзны канфлікт».

«Мы ж не дамовіліся, як будзе на карце праходзіць граніца, на мясцовасці, толькі пасля гэтага трэба ўстанаўліваць нейкія знакі і кропкі. Вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кусок чужой граніцы. Таму я не думаю, што расіяне на гэта адважацца, гэта ўжо сур’ёзны канфлікт, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Не думаю, што яны будуць рабіць нейкія дадатковыя крокі».

«Але я магу сказаць цвёрда: мы ні ў якім выпадку не пойдзем на повадзе ў расіян, і расіяне могуць быць упэўнены, што яны як прыязджалі ў Беларусь, так яны і будуць прыязджаць. Гэта я цвёрда гарантую. Яны, можа, і хацелі б, каб мы прынялі дзеянні ў адказ і тым самым неяк нашых братоў-расіян абмяжоўвалі ў перамяшчэнні на нашай граніцы, але мы на гэта ніколі не пойдзем. Яны нам не ворагі, не праціўнікі, гэта нашы браты, нашы расіяне. Як ездзілі сюды, так і будуць ездзіць. Людзі ад гэтага пацярпець не павінны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка растлумачыў, чаму не падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму не падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС. Аб гэтым ён расказаў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Я не падпісаў Мытны кодэкс, таму што многае, што павінна было быць, не працуе. Больш таго, я даручыў адклікаць асноўных нашых спецыялістаў з мытных органаў. Без вырашэння праблем я нават не дакрануся да гэтага кодэкса і іншых пытанняў», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, калі Беларусь хочуць бачыць у інтэграцыйных структурах, краіны-ўдзельніцы павінны прыстойна сябе паводзіць у адносінах адзін да аднаго, падтрымліваць адзін аднаго і не ствараць дадатковых перашкод. «Ці ж гэта добра, што мы ў ЕАЭС за 2015 год упалі ў тавараабароце на 40 працэнтаў, а ў мінулым годзе яшчэ 18 дабавілі. Амаль 60 працэнтаў — гэта нармальна? У Казахстан мы амаль нічога не пастаўляем, а з Расіяй вы бачыце, якія адносіны. Таму трэба нам знаходзіць шляхі аднаўлення гэтых адносін. Мы да гэтага гатовы, акуратна і добрасумленна, без нацягвання коўдры на сябе», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка: выхад Беларусі з ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы — поўны вымысел

Інфармацыя аб выхадзе Беларусі з ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы з’яўляецца поўным вымыслам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

Прэзідэнт адзначыў, што такая інфармацыя з’яўляецца, таму што ёсць людзі, якім гэта выгадна, яны радуюцца распаўсюджванню такіх звестак.

«Што датычыцца пасяджэння саюзнага Савета Міністраў, Вышэйшага Дзяржаўнага Савета, паездкі на саміт ЕАЭС, маё было дакладнае разуменне і патрабаванне ў гэтым плане: аб чым гаварыць, калі не вырашаюцца пытанні, аб якіх мы дамовіліся?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Іх трэба вырашыць, паколькі мы ў ганьбу ператвараем гэтыя ўсе пасяджэнні Саюзнай дзяржавы. Пытанні не вырашаюцца, а мы засядаем. Аб чым размова? Трэба вырашаць іх», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь ніколі не была супраць інтэграцыйных праектаў, а выступала ініцыятарам усіх іх. «Мы рыхтуем вельмі шырокую інфармацыю (працуе цэлая група вучоных, спецыялістаў) па беларуска-расійскіх адносінах. Я помню, як пачынаўся Мытны саюз… Чаму мы туды пайшлі? Мы разлічвалі, што гэты саюз будзе заснаваны на раўнапраўі, будуць створаны роўныя ўмовы. Гэта галоўнае, без гэтага не бывае саюза. Калі няроўныя ўмовы, то навошта туды ісці, дзеля чаго?» — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

Беларусь не імкнецца ў НАТА — Лукашэнка

Беларусь не імкнецца ў НАТА. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Мы ў НАТА не імкнёмся. Мы свята беражом нашу дамоўленасць аб абароне нашай прасторы, як я заўсёды гавару, нашай Айчыны — Беларусі і Расіі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прадаўжаючы тэму адносін з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Я хацеў бы, каб гэты канфлікт наверсе ні ў якім разе не апусціўся да нізоў. Таму, я вас вельмі прашу, ніколі не крыўдзіце расіян, яны да нас прыязджаюць, адпачываюць, і не бясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Прэзідэнты прыходзяць і адыходзяць, а народы застаюцца — гэта галоўнае».

«Рана ці позна мы ўсё роўна дамовімся. А то з’яўляецца: вось быццам войскі ўвядуць, акупіруюць. Ніхто нас не акупіруе, ніхто да нас войскі не прывядзе, ніякай вайны не будзе. Мы будзем абараняць сябе і сваю незалежнась, мы хочам «людзьмi звацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь поўнасцю разлічылася па дзярждоўгу ў 2016 годзе — Лукашэнка

Беларусь поўнасцю разлічылася па дзярждоўгу ў 2016 годзе. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Не ведаю, чаму вы гаворыце адразу аб рэфінансаванні. Калі гэта трэба, мы будзем аб гэтым думаць. Але пакуль мы разлічваем у бягучым годзе сваімі сіламі колькі трэба, столькі і заплаціць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«У мінулым годзе мы поўнасцю разлічыліся па даўгах, лічу, будзе гэта і ў бягучым годзе», — адзначыў ён.

«Але калі трэба рэфінансаваць, то будзем рэфінансаваць», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: не прымаю іншай мадэлі эканомікі, чым сацыяльна арыентаваная

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць сацыяльна арыентаваную мадэль развіцця эканомікі адзіна прымальнай для Беларусі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Лічу, што мадэль нашага развіцця і наогул славянскіх народаў — сацыяльна арыентаваная эканоміка. Я не прымаю тут, у Беларусі асабліва, іншай мадэлі. Я вельмі ўважліва назіраю за варыянтам Расіі, Украіны і г.д. І малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што любая дзяржава нечага варта, калі яна звернута да людзей. «Калі чалавек ад гэтага нічога не мае, навошта яму гэта дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканоміка — гэта эканоміка для людзей», — растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканоміка Беларусі цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям. «Я дзейнічаю зыходзячы з той канцэпцыі, якую прапаноўваў на прэзідэнцкіх выбарах, што я буду бачыць кожнага, буду людзям дапамагаць, што мы не адыдзем ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. А як? Абяцаў адно, а рабіць іншае буду? Гэта не мая палітыка. Я прыхільнік адкрытай, сумленнай і справядлівай палітыкі. У законе ўсё не прапішаш. А калі не прапісана, рабі справядліва. І я справядлівасць стаўлю вышэй за любы закон», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Савет па прадпрымальніцтве будзе рэфармаваны — Прэзідэнт

Савет па прадпрымальніцтве пры Прэзідэнце будзе рэфармаваны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Мы цяпер сур’ёзна рэфармуем Савет па прадпрымальніцтве», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, цяпер гэты орган працуе неэфектыўна.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадпрымальнікі павінны прыняць актыўны ўдзел у фарміраванні абноўленага складу савета. «Накіруйце таго, хто там павінен быць. Але без тых, хто ўмее толькі балбатаць, але нічога не хоча рабіць», — даручыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што члены савета павінны быць сумленнымі і гаварыць аб тым, што ў цэлым хвалюе прадпрымальнікаў.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку цэнтра Мізеса Яраславу Раманчуку ўвайсці ў Савет па прадпрымальніцтве. «Калі вы захочаце як перадавы чалавек быць членам гэтага савета, я супраць не буду. Мы цяпер падбіраем добрага старшыню, каб ён меў адміністрацыйны рэсурс, мог дастукацца да Прэзідэнта ў любы час. Па задуме і яго палажэннях, савет павінен акумуляваць увесь негатыў, але не толькі ў прыватнасці, а ў цэлым, і ўносіць Прэзідэнту для вырашэння», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Пакуль, паводле яго слоў, члены савета ў асноўным вырашаюць асабістыя пытанні, звязаныя са сваёй прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Лукашэнка патрабуе безумоўнага выканання патрабавання аб павышэнні сярэдняй зарплаты да $500 у 2017 годзе

Патрабаванне аб павышэнні ў Беларусі сярэдняй заработнай платы да $500 у 2017 годзе павінна быць выканана. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат».

«Сярэдняя зарплата ў краіне $500 — гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500. — Заўвага БЕЛТА) — не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы — хто колькі заробіць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пры невыкананні гэтай задачы «ні адзін ва ўрадзе з партфелем не застанецца».

Заработная плата і пенсіі могуць быць павышаны толькі за кошт эфектыўнай работы эканомікі — Лукашэнка

Заработная плата і пенсіі могуць быць павышаны толькі за кошт эфектыўнай работы эканомікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Зарплаты і пенсіі могуць быць павялічаны толькі тады, калі ў эканоміцы вырабім больш, якасней і прададзім па больш высокай цане, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ёсць другі шлях: можна ў некага пазычыць, адабраць, узяць. Але гэта не наш шлях. У нас і так запазычанасць вялікая — дзяржаўная, карпаратыўная і г.д. Асабліва спадзявацца на тое, што мы будзем пазычаць і за кошт гэтага павышаць зарплаты і пенсіі, не трэба».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перш за ўсё трэба клапаціцца аб вытворчасці: «што заробім, тое і атрымаем». Ён акцэнтаваў увагу на тым, што тэмп росту заработнай платы не павінен перасягаць тэмп росту прадукцыйнасці працы.

Ільгатаваць у Беларусі будуць тое, што дасць вынік — Прэзідэнт

Ільгатаваць у Беларусі будуць тое, што дасць вынік. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Ільгатаваць будзем толькі тое, што заўтра дасць вынік», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Яшчэ раз падкрэсліваю — мы жывём у рыначнай эканоміцы. Тым больш, усе хочуць у СГА — вы ведаеце, як ставяцца ў СГА да льгот», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што ў пытанні прадастаўлення льгот трэба ўлічваць эфектыўнасць выкарыстання прадастаўленых сродкаў. «Станьце на месца дзяржавы: у вас ёсць нейкія невялікія грошы — каму вы іх дасце? Проста «закапаць у пясок», або вы падумаеце, што прынясе гэта пазыка, якую вы некаму дасце? Гэтак жа і ў дзяржаве», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Усе льготы і іншае — вы ж разумееце, што гэта ўсё з кішэні нашага народа. Нехта ў бюджэт аддае грошы, а некага мы з бюджэту льгатуем», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. З улікам гэтага льготы даюцца ў першую чаргу тым, каго дзяржава абавязана падтрымліваць, — сярод іх шматдзетныя сем’і, ваенныя.

Лукашэнка анансаваў вялікую нараду па ЖКГ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка анансаваў вялікую нараду па ЖКГ у бліжэйшы час. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

На нарадзе будзе разгледжаны вопыт Мінска па рэфармаванні сістэмы ЖКГ. «Мінчане нам даложаць, як яны выканалі маё даручэнне па рэфармаванні ЖКГ. І ў залежнасці ад гэтага мы пойдзем па ўсёй краіне пераймаць гэты вопыт. Але пакуль, мне здаецца, у Мінску не вельмі варушацца. І былога міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі (Андрэя Шорца. — Заўвага БЕЛТА) я назначыў на Мінск, каб вырашыць гэту праблему. Пакуль ажыўлення вялікага няма», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адносна павышэння кошту жыллёва-камунальных паслуг Прэзідэнт сказаў, што ў пачатку 2017 года яно склала $5 у эквіваленце.

«Мне не хацелася б ламаць існуючую сістэму. Гэта будзе балюча для людзей. Пакуль мы гэту зламаем, потым выбудуем новую, і яшчэ не вядома, што атрымаецца. Можа, яна і архаічная, але яна працуе. І людзі ў нас у адрозненне ад некаторых суперрыначных краін, якія ўчора з намі разам былі, жывуць і не скардзяцца. Так, хацелася б большую зарплату, хацелася б, каб ствараліся рабочыя месцы, можа, больш хуткімі тэмпамі. Але ніхто нас не папракне, што мы гэтага не робім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка не выключае магчымасці адмены дэкрэта нумар 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці адмены дэкрэта нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. «Мы падштурхоўваем іх да таго, каб яны працавалі. І мы ж не прымушаем працаваць, але атрымліваеш паслугу — заплаці», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змяненні. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызваліць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

«Няма падстаў сёння далей раскручваць гэту тэму», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка даручыў навесці парадак з акцыянаваннем сельгаспрадпрыемстваў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў неадкладна навесці парадак з пытаннямі акцыянавання сельгаспрадпрыемстваў. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

Кіраўнік дзяржавы даручыў намесніку прэм’ер-міністра Міхаілу Русаму тэрмінова давесці да канца пытанні са статутамі сельгаспрадпрыемстваў, пытанні акцыянавання, іншыя тэмы, якія хвалююць кіраўнікоў сельскагаспадарчых кааператываў. «Гэта ў нашых руках, калі нейкі дакумент не падыходзіць да жыцця, мы павінны яго паправіць. Займіцеся гэтым неадкладна», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да віцэ-прэм’ера.

Кіраўніку ААТ «Агракамбінат «Сноў» Мікалаю Радаману, які агучыў пытанне аб сумненнях у неабходнасці акцыянавання і патрабаваннях да статутаў, кіраўнік дзяржавы рэкамендаваў не рабіць з гэтага праблему і працаваць, як працавалі. «Калі вы нават без статута будзеце працаваць так, вас ніхто не кране. Таму што ў вас ёсць свае грошы, вы нават стратныя гаспадаркі бераце з каленяў і ставіце на ногі. Я вам за гэта вельмі ўдзячны», — дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ў сельскай гаспадарцы гэта самае простае пытанне. «Вырашым гэту праблему абавязкова. Мы ж падыходзілі ўжо да праблем сельскай гаспадаркі, выпрацавалі некалькі нарматыўна-прававых актаў. У красавіку-маі павінны правесці абяцаную нараду па гэтай галіне. Мы паглядзім, што пасля гэтага змянілася», — заявіў ён.

Міхаіл Русы растлумачыў, што ў сельгаскааператывах неабходна прывесці ў парадак некаторыя параметры, статуты павінны адпавядаць Грамадзянскаму кодэксу, акцыянаваны кааператывы або не. «З моцнымі гаспадаркамі лёгка разабрацца. Але ёсць яшчэ 120 гаспадарак, якія маюць вялікія запазычанасці, і, калі не прывядзём у адпаведнасць з Грамадзянскім кодэксам статуты, то на простых людзей ляжа субсідзіярная адказнасць. Гэта таксама датычыцца пытанняў сацыяльнай абароны чалавека, гэта цэлы комплекс», — сказаў ён.

Уводзіць прыватную ўласнасць на зямлю дачасна — Лукашэнка

Уводзіць у Беларусі прыватную ўласнасць на зямлю дачасна. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

З пытаннем увядзення прыватнай уласнасці на зямлю спяшацца не трэба, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Не гатовы пакуль для гэтага. Тым больш што аддаём зямлю ў арэнду на працяглы перыяд — калі ласка, ідзі, працуй, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Кажуць, маўляў, калі зямля будзе ў прыватнай уласнасці, то яе не адбяруць. Ды кіньце: калі вы парушыце закон, то адбяруць, у нас жа ў адпаведнасці з законам вызначана канфіскацыя маёмасці».

Прэзідэнт лічыць лішнім зацыклівацца на пытанні прыватнай уласнасці на зямлю. «У нас ёсць усё для таго, каб працаваць справядліва і сумленна. Калі ты ўзяў зямлю для сельгаспрызначэння ў арэнду — займайся сельскай гаспадаркай, калі ўзяў зямлю пад прысядзібны ўчастак і для абслугоўвання дома — будуй дом і займайся прысядзібным участкам, толькі не хлусі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нас зямля дагледжаная, усе зайздросцяць. У тым ліку і таму, што яна не ў прыватнай уласнасці».

Лукашэнка паабяцаў падтрымліваць будаўніцтва жылля ў рэгіёнах

Дзяржава будзе старацца падтрымліваць будаўніцтва жылля ў рэгіёнах. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Жыллёвае будаўніцтва разглядаем з пункту гледжання лакаматыва эканомікі. Будзем старацца ствараць умовы для большага будаўніцтва. Але пра Мінск трэба паціху забываць, там мы будаваць не будзем. Прынамсі, такімі тэмпамі, як было раней. Я не хачу, каб у Мінск мы сабралі ўсю краіну і агалілі ў плане працоўных рэсурсаў рэгіёны. Мы ім ільготы далі, няхай там бізнес развіваецца, там будзем старацца падтрымліваць будаўніцтва жылля», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў рамках падтрымкі жыхароў сельскіх населеных пунктаў дзяржава выдзяляла крэдыты на будаўніцтва жылля пад 1 працэнт гадавых. «Нам трэба было затрымаць там людзей. І гэта часткова ўдалося. Таму будзем у гэтым напрамку працаваць», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: аб’ёмы льготнага крэдытавання жылля будуць павялічвацца з ростам эканомікі

Аб’ёмы льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва будуць павялічвацца з ростам эканомікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Ніхто не адмяняў ільготнае жыллё. Проста стала менш грошай. Каб даць грошы на льготны крэдыт, іх трэба недзе ўзяць. І на доўгі час. А гэта грошы прадпрыемстваў і вашы грошы. Ільготнае жыллё было і ёсць, але не ў такім аб’ёме. Будзем багацейшыя — будзе больш», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва жылля разглядаецца як лакаматыў эканомікі. «Калі чалавек пабудаваў кватэру, туды шмат чаго трэба, і ён пачынае гэта купляць, рухаючы наперад развіццё прадпрыемстваў. З гэтага пункту гледжання мы глядзім на пашырэнне жыллёвага будаўніцтва», — растлумачыў Прэзідэнт.

У Беларусі будзе захавана дзяржаўная падтрымка спорту — Лукашэнка

У Беларусі будзе захавана дзяржаўная падтрымка спорту. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Дзяржпадтрымка спорту захаваецца на ўзроўні мінулага года», — сказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб падтрымцы клубаў па гульнявых відах спорту, Прэзідэнт адзначыў, што ў эканоміцы краіны бягучы год будзе не горшы за мінулы, а магчыма, у чымсьці і лепшы. У падтрымцы ж магчыма захаваць той узровень, які склаўся ў мінулым годзе.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў праінфармаваў, што заработкі кожнага з клубаў розняцца. «Вядома, у такім клубе, як БАТЭ, заробленыя сродкі складаюць больш як 50 працэнтаў у бюджэце. Але ў цэлым, калі мы ўзялі 58 клубаў па гульнявых відах спорту, то за мінулы год палавіну ўсіх сродкаў зарабілі яны самі, уключаючы міжнародную дапамогу», — праінфармаваў Максім Рыжанкоў.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што падтрымка клубаў будзе прадоўжана. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на іншую сітуацыю, якая не датычыцца гульнявых відаў. Напрыклад, біятлон, падтрымка якога прадаўжаецца. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэты від мае добрую базу, але сітуацыя ў відзе спорту не тая — «трэнера нанялі — не падышоў, перагрузіў спартсменаў. Тады сур’ёзная размова была з кіраўніком федэрацыі». «Хутка пачынаецца чэмпіянат свету па біятлоне. Потым паглядзім, якая будзе падтрымка», — сказаў Прэзідэнт.

«Падтрымліваць спорт будзем, але галоўнае — рэзультат. Золата, серабро, бронза — тады можна прасіць, што патрэбна. Так яно і было. Прыходзіў чалавек, прасіў выдзеліць участак зямлі для будаўніцтва дома, а я адразу даю каманду, каб адказныя вырашылі пытанне, паколькі чалавек славу прынёс краіне. Не — да пабачэння», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што адмовіўся ад прапановы выбарачнай падтрымкі відаў спорту. «Давайце дадзім шанц усім, але няма рэзультату — і падтрымліваць не будзем», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка заклікае арыентаваць школьнае навучанне на працоўнае выхаванне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае ў большай ступені арыентаваць школьнае навучанне на працоўнае выхаванне. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Калі мы заканчвалі школу, мы ведалі, адкуль у лямпачцы святло, маглі хаця б закруціць у патрон лямпачку, маглі разетку адрамантаваць. Мы разумелі ўжо тады, што пальцы нельга сунуць у гэту разетку — заб’е! Нас вучылі гэтаму ў школе. Нам паказвалі, што такое рубанак, фуганак, сякера, стамеска і гэтак далей. Мы элементарныя рэчы ўмелі рабіць. Сёння, прабачце мне, доўбня жэніцца — ён жа не можа не тое, што карову ад казы або ад каня адрозніць, ён жа не можа малаток ад сякеры адрозніць з выгляду, я ўжо не гавару аб тым, каб трымаць гэта ў руках», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«І ўсе плачуцца ў школе — зарплата малая… Дык навучыце дзяцей жыць!» — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да педагогаў.

Паводле яго слоў, субота якраз павінна стаць для вучняў спартыўным днём, днём працоўнага навучання і часам — рэпетытарства. Няма неабходнасці ў празмерных нагрузках. «Я настойваў на тым, каб зняць нейкія гімназічныя класы і іншае, калі за грошы або лепшанькіх, разумненькіх адбіралі ў асобныя класы, асобна вучылі, а вы тут ужо адкіды», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка аб школьных праграмах: дзяцей нельга перагружаць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў перагледзець школьныя праграмы і падручнікі для таго, каб аптымізаваць нагрузку на дзяцей. Адпаведнае даручэнне ён агучыў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Дзеці вельмі загружаны, ім дыхаць няма калі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзеці займаліся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухі, для здароўя, каб яны нармальнымі, здаровымі, прыгожымі раслі. А калі ў каго-небудзь ёсць здольнасці да музыкі, маляваць карціны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час? Яны і так дзесяць гадзін у школе занятыя ўжо ў сёмым класе».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шосты дзень у школе прадугледжвае, што дзеці будуць мець магчымасць займацца тым, што ім цікава. «Калі трэба дзесьці факультатыўчык у суботу — паўтары-дзве гадзіны, не больш, не перагружайце дзяцей… Добра, няхай будзе факультатыў. Трэба да гэтага па-чалавечы падысці», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

У той жа час настаўнік павінен больш часу працаваць з вучнямі ў школе, каб на дамашняе заданне ім даводзілася затрачваць нават не дзве гадзіны ў дзень. «А ў нас сёння чатыры, у старшых класах — пяць, і яшчэ рэпетытарства», — заўважыў Прэзідэнт.

«Дзяцей нельга перагружаць, нельга ім даваць тое, што яны не ўспрымаюць і не ўспрымуць, а тым больш тое, што ім не патрэбна. Працуем мы над сістэмай адукацыі. Мы яе адрэгулюем. Хацеў бы атрымаць дапамогу ад нашага рэктарскага корпуса. Хоць некаторыя ўжо, сапраўды, засядзеліся», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка паабяцаў вырашыць праблему з дзіцячымі садамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў вырашыць праблему з дзіцячымі садамі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

Гаворачы пра будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры ў новых мікрараёнах (дзіцячыя сады, бальніцы), кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта праблема вырашаецца. «Мы гэту праблему вырашым, бо яна звязана з дзецьмі, гэта адказнасць дзяржавы, асабліва дзіцячыя сады», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і паясніў, што, магчыма, гэта пытанне вырашаецца не так хутка ў сувязі з фінансавай сітуацыяй у краіне.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што праблема з дзіцячымі садамі актуальная, у асноўным, для Мінска. «Бяда атрымалася: у цэнтры горада перасталі нараджаць, вызваліліся дзіцячыя сады, ды і ў школах месцы ёсць, а ў мікрараёнах — наадварот. У нас атрымалася так, што дзіця трэба везці з Каменнай Горкі ў цэнтр у дзіцячы сад, дзе ёсць месцы. Мы падумалі-падумалі — нікуды ад гэтага не дзецца, давялося нават прадаваць некаторыя дзіцячыя сады ў цэнтры, а грошы перакідваць, каб пабудаваць у мікрараёнах інфраструктуру. Вось такая сітуацыя склалася», — адзначыў ён.

Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні ВНУ з беларускай мовай навучання

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Адпаведнае даручэнне ён даў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

Адказваючы на прапанову члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім стварыць у Беларусі нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Вы мой пункт гледжання наконт моў — беларускай, рускай і іншых — ужо, напэўна, на памяць ведаеце. Я вельмі акуратна стаўлюся да гэтага пытання. І, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай. А магло быць, зыходзячы з палітыкі, якую праводзіў той Вярхоўны Савет, у якім мы служылі з Іосіфам Паўлавічам (Сярэдзічам. — Заўвага БЕЛТА) у свой час».

«Тады ўжо вельмі было палітызавана гэта пытанне, і я лічу добра, што мне ўдалося ўсё ж такі неяк пагасіць у грамадстве напал гэтай спрэчкі па мовах. Не будзем да гэтага вяртацца. Пакуль я Прэзідэнт, я не дапушчу таго, каб мы дзялілі людзей па тым, ведаеш ты беларускую мову ці ты яе не ведаеш. Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт. Дрэнна гэта ці добра — час пакажа», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Што датычыцца нацыянальнага ўніверсітэта, то адразу ўзнікае пытанне: а Беларускі дзяржуніверсітэт у нас не нацыянальны? Ці іншыя якія-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць і рускую мову, і беларускую, і англійскую, і іншыя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Размова ідзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б выкладанне на беларускай мове, — прадоўжыў ён. — Вы ведаеце, я не магу сказаць «не» і не магу сказаць «так», таму што гэта трэба прапрацаваць. Можа, на базе якога-небудзь універсітэта, калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі туды будуць жадаючыя ісці па конкурсе і іншае. Не толькі сям’я Алега Трусава ці ваша, ці мая і гэтак далей, а сапраўды будуць жадаючыя там атрымліваць адукацыю на беларускай мове», — сказаў Прэзідэнт.

«Галоўнае, каб гэта было запатрабавана народам, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Так, я і вас бы рэктарам там назначыў — не праблема. Марзалюк (Ігар Марзалюк — старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў. — Заўвага БЕЛТА) таксама вельмі добра ведае беларускую мову. Можна: вы прарэктар, ён рэктар. Таму трэба прапрацаваць гэта пытанне. Гэта нават было б нядрэнна».

«Толькі я вось супраць таго, каб некаторыя людзі выхваляліся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Ну не трэба!»

«Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Але я вас заклінаю і прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Таму што вы адмовіцеся ад свайго, роднага. Вы камусьці падарунак зробіце», — падкрэсліў ён.

«Не спяшайцеся! Руская мова — гэта вялікае і гэта наша, — адзначыў Прэзідэнт. — Я ж вам расказваў прыклад, калі мне Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін гаворыць: дзякуй табе за тое, што ты так ставішся да рускай мовы. Я кажу: гэта наша мова, яна ў нас дзяржаўная нараўне з беларускай. Беларуская — таму што мы нацыя. Гэта прыкмета нацыі, таму ў нас ёсць беларуская мова. Але мы багацейшыя за вас, таму што мы ведаем дзве мовы: беларускую і рускую».

«Трэба ўсё рабіць вельмі асцярожна, вельмі акуратна», — яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: беларусы пакуль не прыйшлі да стварэння нацыянальнай ідэі, а выдумаць яе немагчыма

Беларусы пакуль не прыйшлі да стварэння нацыянальнай ідэі, а выдумаць яе немагчыма. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў краіне на працягу доўгага часу спрабавалі сфармуляваць нацыянальную ідэі, прыцягвалі да гэтага розных экспертаў і грамадскіх дзеячаў. «Мы не змаглі яе адміністрацыйным чынам сфармуляваць. Я ўсё больш пераконваюся, што, напэўна, мы не прыйшлі ў сваім развіцці да той кропкі, калі б гэта ідэя ўдарыла ўсіх па розуму і па сэрцу. Я супакоіўся: калі грамадства нічога прапанаваць не можа, я таксама не магу прыдумаць, нават баюся, таму што гэта вельмі адказна. Таму мы жывём як жывём, без гэтай ідэі. Яе няма, а хацелася б», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што выдумаць нацыянальную ідэю немагчыма. «Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, развіццё нашай краіны. Вельмі мала мы, напэўна, пражылі як абсалютна суверэнная, незалежная дзяржава. Нават Расія не можа яе (нацыянальную ідэю. — Заўвага БЕЛТА) сёння сфармуляваць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Тут трэба быць вельмі дакладнымі і акуратнымі, каб гэта захапіла ўсіх».

«Можа, я яе не бачу. Гэта ўжо вам мінус: вы павінны данесці яе да мяне. Але фармуляваць яе трэба, таму што гэта кароткі рух наперад, пасланне ўсім пакаленням — вось наша будучыня. Увогуле, патрэбны час. Час усё пакажа і расставіць на свае месцы», — лічыць беларускі лідар.

Лукашэнка: ніколі не зміруся са зневажаннем беларускай дзяржавы і народа

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ заявіў, што ніколі не будзе мірыцца са зневажаннем дзяржавы і народа.

«Я ніколі не нарываюся на непрыемнасці. Я ўжо шмат што паспрабаваў і апёкся на ўсім, што папала. Дзе трэба, магу адступіць і быць гібкім, але, калі зневажаюць маю дзяржаву і народ, я з гэтым ніколі не зміруся», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падрабязна расказаў удзельнікам сустрэчы пра беларуска-расійскія ўзаемаадносіны, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю.

Ніякіх лагераў для бежанцаў у Беларусі не будавалі і будаваць не будуць — Лукашэнка

Ніякіх лагераў для бежанцаў у Беларусі не будавалі і будаваць не будуць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Часам гляджу на Еўропу, і балюча становіцца ад таго, што там адбываецца, і за тых кіраўнікоў. Стогнуць, плачуць, дзеляць гэтых беглякоў — па 500, па тысячы чалавек, а Прыбалтыка і краіны Усходняй Еўропы ўпіраюцца — не, не пусцім тысячу чалавек. А мы з Украіны, і не толькі, прынялі амаль 170 тыс. чалавек. Мы як да гэтага паставіліся? Я падпісаў указ, і мы ім прадаставілі ўсе ўмовы як беларусам. Думаеце, нам лёгка гэта было, а яны там за тысячу спрачаюцца. Давайце разам працаваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму, якая прагучала ў СМІ, маўляў, Беларусь стварае лагеры для бежанцаў, 7 млн (еўра. — Заўвага БЕЛТА) Еўрасаюз выдзеліў. «Дакладвае мне камандуючы пагранвойскамі, я яму кажу — якія лагеры ствараеш? Ён адказаў — калі б хоць адзін лагер будавалі, мы адразу б вам далажылі як галоўнакамандуючаму. Дык што маецца на ўвазе? Мы, гаворыць, папрасілі ў Еўрасаюза, калі вы хочаце з намі па міграцыйнай тэме супрацоўнічаць, дайце нам грошай (тое, што я заўсёды гаварыў — плаціце, тады мы будзем вас неяк абараняць), і мы хочам пабудаваць ізалятары часовага ўтрымання на граніцы, калі мы затрымліваем, каб яны хаця б у чалавечых умовах там знаходзіліся, пакуль вырашым, што з імі рабіць», — расказаў Прэзідэнт.

«Добра, думаю, цывілізаваныя людзі, заўсёды ёсць нейкія пункты знаходжання і іншае, гэта тады, калі ў нас будзе дагавор аб рэадмісіі — ад Расіі да Кітая і Афганістана, не толькі з Захадам. Вось дамовіліся, яны нам выслалі людзей, якія быццам бы праз нашу граніцу з Еўрасаюзам перайшлі, мы іх пасялілі ў гэтыя лагеры, не ведаем, што з імі рабіць. Дагавор павінен быць з тымі, адкуль яны прыйшлі, каб мы маглі іх узяць і туды адправіць. Толькі ў такім выпадку я магу разгледзець пытанне. Там яшчэ дэталі павінны быць, таму мы нават не наблізіліся да гэтай тэмы. А для таго каб на пагранічных заставах, пагранічных атрадах ствараць гэтыя пункты для іншаземцаў, і паабяцалі 7 млн. Скажыце, што ў гэтым дрэннага? Усё роўна мы затрымлівалі і будзем затрымліваць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Але ніякіх лагераў па прыёме бежанцаў мы ніколі не будавалі і будаваць не будзем», — запэўніў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што ні ў якім выпадку не пойдзе на тое, каб «стварыць тут нейкі адстойнік, гэтага ніколі не будзе».



1 комментарий по теме “Большой разговор с Президентом

  1. Прывітанне, я Серна Альвара, я ў цяперашні час жыву ў Малазе Іспаніі. У гэты час я ўдава з чатырма дзецьмі, і я затрымаўся ў фінансавым становішчы ў траўні 2018 года, і неабходна, каб рэфінансаваць і плаціць па рахунках. Я спрабаваў шукаць крэдыты ад некалькіх крэдытных кампаній, як прыватных, так і карпаратыўных, але ніколі паспяхова, і большасць банкаў адмовіліся мой крэдыт. Але, як Бог хоча, я пазнаёміўся з чалавекам Божым, прыватнага крэдыту крэдытор, які даў мне крэдыт у памеры 80000 еўра і на сённяшні дзень у мяне ёсць бізнес, і мае дзеці прыгожыя ў гэты час, калі вы павінны ўвайсці ў кантакт з любым кампанія са спасылкай для забеспячэння незабяспечанага крэдыту, няма крэдытнай праверкі, якая не падпісала з толькі 2% працэнтнай стаўкай і лепшымі планамі аплаты і графікам, звяжыцеся з г-н Сайман Фін (simonfinnloan.inc@gmail.com). ён не ведае, што я гэта раблю, але зараз я вельмі шчаслівы, і я вырашыў, што людзі будуць ведаць пра яго больш, і я таксама хачу, каб Бог дабраславіў яго больш. Вы можаце звязацца з ім праз яго электронную пошту: SIMONFINNLOAN.INC@GMAIL.COM

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *