Ідэя стварэння фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў нарадзілася ў няпросты час. Тады, у сярэдзіне 90-ых, сур’ёзныя заняткі навуковымі даследаваннямі або творчасцю станавіліся ўсё менш прэстыжнымі, а моладзь, лепшыя выпускнікі імкнуліся за мяжу. Каб выправіць сітуацыю, у краіне стала праводзіцца мэтанакіраваная палітыка падтрымкі беларускай навукі і адным з прыярытэтаў стала матэрыяльная дапамога таленавітай моладзі, прычым – са школьнай лаўкі. За больш чым 20 гадоў з моманту стварэння фонду падтрымку з яго сродкаў атрымалі звыш 30 тысяч чалавек. На мінулым тыдні іх лік папоўніў і адзінаццацікласнік Ушацкай школы Павел Гардзіёнак.
У поле зроку заснавальнікаў прэзідэнцкага фонду ён трапіў яшчэ ў мінулым годзе як пераможца заключнага этапу алімпіяды па нямецкай мове, дзе атрымаў дыплом трэцяй ступені. Прозвішча хлопца ўнесена ў рэспубліканскі банк даных адораных навучэнцаў і студэнтаў. А пакуль рыхтуецца сертыфікат, які выдаецца ўключаным туды юнакам і дзяўчатам, Павел атрымаў аднаразовую прэмію спецфонду. Ад імя ўлады ва ўрачыстай абстаноўцы выхаванцу настаўніцы Л.І.Даньковай яе ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. Яна выказала словы ўдзячнасці Паўлу, які сваімі дасягненнямі праслаўляе раён, і адзначыла вялікую ролю ў поспехах хлопца Сяргея Леанідавіча і Таццяны Іванаўны Гардзіёнкаў, якія знаходзяць матывацыю і стымулы для далейшай паспяховай вучобы сына, уручыла бацькам Ліст падзякі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
Зараз Павел рыхтуецца да сёлетняга заключнага рэспубліканскага этапу алімпіяды, вясной прыме ўдзел у зборах яго ўдзельнікаў і спадзяецца на чарговы поспех. Але яго прозвішча ўжо ў ліку маладых, таленавітых, паспяховых. Званне стыпендыята або лаўрэата прэміі прэзідэнцкага фонду – гэта не толькі ўзнагарода. Гэта знак таго, што дзяржава ў пэўным сэнсе бярэ на сябе адказнасць за далейшае прафесійнае станаўленне маладых талентаў Беларусі. Гэта робіцца для таго, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі творчай асобы, аказаць моладзі падтрымку ў выбары далейшага шляху і працоўнага месца з максімальнай карысцю для краіны.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.