Простой секрет семейного счастья Ларисы и Василия Фоминых

Общество

Фотаконкурс “Загс у гісторыі маёй сям’і” выклікаў цікавасць ва ўшачан. Паўдзельнічаць у ім пажадалі і нашы пастаянныя чытачы – сям’я Фаміных з гарпасёлка. Але пазнаёміць вас з Васілём Сямёнавічам і Ларысай Міронаўнай варта шырэй, чым у рамках конкурсу, бо яны не толькі  прыклад моцнай сям’і, у якой вырасла трое дзяцей, а і людзі, якія ўсё жыццё самааддана працавалі кожны ў сваёй сферы, грамадзяне з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Аддавалі сябе прафесіі

Вясковая настаўніца і студэнт Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі пазнаёміліся ва Усвеі. Ён прыязджаў у родную вёску да бацькоў, а яна выкладала ў мясцовай школе. На працягу двух гадоў яны сябравалі, а потым вырашылі стварыць сямейны саюз.

Пасля заканчэння інстытута Васіля Сямёнавіча накіравалі працаваць інжынерам у саўгас “Сарочына”. Услед за ім паехала і Ларыса Міронаўна, якую ў 27 гадоў назначылі дырэктарам Ленінскай школы. На сваім працоўным месцы добра праявіў сябе і Васіль Сямёнавіч: у 28-гадовым узросце стаў старшынёй калгаса “Адважны барацьбіт”. Прыйшлося пераязджаць і з нуля абжывацца ў Мосары, на той момант у маладой сям’і ўжо было двое дзетак – сын Сяргей і дачка Вера.

– Не было ў тыя часы ў калгасах магутных трактароў, сучасных пасяўных агрэгатаў і даільных залаў на фермах, дабівацца высокіх вынікаў прыходзілася ў няпростых умовах, – успамінае Васіль Сямёнавіч.

А яго жонка хутка пасля пераезду ў Мосар стала загадчыкам тутэйшага дзіцячага сада: маленькая Вера моцна хварэла і трэба было быць побач з ёй.

Праз пяць гадоў Фаміных чакаў яшчэ адзін пераезд – на гэты раз ва Ушачы. “Усё, кідаем якар тут!” – сказаў галава сямейства, пасля чаго сапраўды больш ужо месца жыхарства не мянялі. Тады Васілю Сямёнавічу прапанавалі пасаду намесніка старшыні райсельгасхіміі, а апошнія 20 гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак ён адпрацаваў механікам у лясгасе. Ларыса Міронаўна ва Ушачах прадоўжыла сваю прафесійную дзейнасць у дзіцячым садзе №2, які на той момант будаваўся.

– Была кіраўніком новабудоўлі, рыхтавала ўстанову да прыёму маленькіх непасед, сама ездзіла закупляць патрэбнае абсталяванне і мэблю. А дзень адкрыцця сада памятаю, як цяпер – гэта быў цёплы красавік 1982 года, у той час у гарпасёлку ўжо дзейнічалі першы і чацвёрты сад, але дзетак у райцэнтры было шмат, таму для бацькоў, педагогаў і будаўнікоў увод аб’екта быў вялікай радасцю,  – прыгадвае Ларыса Міронаўна.

Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці Ларыса Міронаўна выйшла ўжо на новае месца працы, але звязана яно ўсё роўна было з дашкалятамі – жанчына стала інспектарам РАНА па дашкольнай адукацыі.

За ўвесь свой прафесійны шлях як Васіль Сямёнавіч, так і Ларыса Міронаўна атрымалі нямала ўзнагарод.

– Мне нават прысвоілі званне “Ударнік 9-й пяцігодкі”, тады гэта было так пачэсна! – узгадвае Васіль Сямёнавіч.

Ларыса Міронаўна акрамя шматлікіх грамат за сваю ўзорную работу атрымала і званне “Выдатнік адукацыі”.

З запалам актыўнасці

Актыўнымі і працавітымі Фаміны былі ў маладосці, не губляюць гэтага запалу і цяпер. Васіль Сямёнавіч ужо не першы год узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю лясгаса.

Дагледжаная сядзіба на Юбілейнай адразу сведчыць, што жывуць тут дбайныя гаспадары. Яны не толькі шмат часу ўдзяляюць добраўпарадкаванню, але і маюць асабістую падсобную гаспадарку. 15 гадоў трымалі карову, а зараз – дзвюх козачак, свіней ды птушку. Плошчу невялікага ўчастка каля дома выкарыстоўваюць так, каб месца хапіла для шматлікай агародніны, а таксама прыгожых кветак, якія радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені. Вельмі любяць тут бываць дружныя сем’і іх дзяцей, унукі Ілья і Іван, унучкі Таццяна і Кацярына. Рэдка бывае, калі ў выхадныя ў гэтым утульным і цёплым доме пануе цішыня.

Васіль Сямёнавіч і Ларыса Міронаўна святкуюць дні нараджэння ў студзені, з розніцай толькі ў адзін дзень.

– Усе родныя, дзеці і ўнукі віншуюць як мяне, так і мужа два дні запар, бо часам блытаюць, у каго з нас калі свята, – усміхаецца Л.Фаміна.

Загс у жыцці маёй сям’і

– Гэты здымак быў зроблены 5 чэрвеня 1971 года, у дзень нашага вяселля,  – трымаючы ў руках чорна-белае фота, успамінае Ларыса Міронаўна. Хоць тады мы і жылі ва Усвеі, але зарэгістраваць шлюб вельмі хацелі ва Ушачах. Не было тады ні лімузінаў, ні шыкоўнага адзення, затое ў абаіх было моцнае каханне і шчырыя пачуцці. На рэгістрацыю ехалі з майго бацькоўскага дома ў Двор Пліна. Памятаю, тады адбыўся кур’ёзны выпадак: кіраўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў паабяцаў нам аўтамабіль, каб ехаць разам з гасцямі ў загс, але ў дзень вяселля, мабыць, пра гэта забыўся. Не было тады мабільных тэлефонаў, і мы з гасцямі выйшлі на дарогу, каб спыніць праходзячы рэйсавы аўтобус. Яго вадзіцелю, пэўна, стала нас шкада, і ён давёз нас да РДК, дзе на той час размяшчаўся загс. Тады вельмі перажывала, што спазняюся, а цяпер прыгадваю гэта з усмешкай.

Рэгістрацыя шлюбаў усіх нашых траіх дзяцей праходзіла таксама ва Ушацкім загсе, толькі ўжо ў прыгожай і светлай зале новага будынка.

Сын Сяргей і нявестка Наталля часта з цеплынёй успамінаюць галоўную ў сваім жыцці ўрачыстасць. Самыя добрыя ўражанні засталіся не толькі ў маладых, а і шматлікіх гасцей з Мінска, Наваполацка, Архангельска. Сямейную традыцыю працягнула і дачка Вера са сваім абраннікам Віталем. Так прыемна было бачыць на парозе загса дзяўчынак у нацыянальных беларускіх касцюмах, якія сустракалі маладых і гасцей. А сама цырымонія была вельмі пранікнёнай. Пабываўшы ва ўшацкім загсе, менавіта тут захацелі ўзаконіць свае адносіны і малодшы сын Павел з нявесткай Вольгай, нягледзячы на тое, што дзяўчына родам з Магілёўшчыны. Цікава, што кожная рэгістрацыяй была своеасаблівай, не падобнай адна на адну.

У сем’ях нашых дзяцей пануе згода, любоў і павага адзін да аднаго. Мы заўсёды стараліся быць для іх прыкладам ва ўсім. Спадзяёмся, што і нашы ўнукі праз гады па добрай сямейнай традыцыі будуць ствараць свае сем’і на аснове моцных пачуццяў, павагі, цярплівасці і ўзаемаразумення.

* * *

У чэрвені мінулага года Васіль Сямёнавіч і Ларыса Міронаўна адзначылі жамчужнае вяселле. Ужо больш 45-ці гадоў яны ідуць па жыцці разам, пераадольваючы праблемы і цяжкасці, на дваіх дзелячы радасць і станоўчыя эмоцыі. Пэўна, у гэтым і ёсць сакрэт сямейнага шчасця.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *