Лёс гэтага сімпатычнага лабрадору ўсхваляваў многіх ушачан. Інфармацыя пра яго з’явілася ў сацыяльных сетках інтэрнэта. Аўтамабілісты, што праязджалі ля вёскі Пліна, заўважылі сабаку на абочыне: ён доўгі час ляжаў там амаль без руху, паглядаючы на людзей вялікімі сумнымі вачыма. У адрозненне ад іншых, Алена і Ігар Клімашэўскія не змаглі абыякава праехаць міма: спыніліся, падабралі сабаку, якая, па ўсіх прыкметах, была збіта машынай, і завязлі яе да ветурача. Спецыяліст пацвердзіў, што лабрадор мае траўмы, магчыма, пералом таза, знаходзіцца ў шокавым стане. Па ўсім відаць, што пародзістая жывёла не бадзяжная – пра гэта сведчыць ашыйнік. Мабыць, чытачы газеты дапамогуць адшукаць гаспадара, калі ж гэта не ўдасца, – магчыма, хтосьці з ушачан захоча зрабіць яго сваім гадаванцам. Любую інфармацыю на гэты конт можна паведаміць па тэлефоне (8-033) 317-19-07.