Ад некаторых ушачан часам даводзіцца чуць – маўляў, які сэнс выкідваць пластыкавыя бутэлькі ў спецыяльныя скрыні, калі потым іх усё роўна выгружаюць на агульны сметнік? Меркаванні падобных скептыкаў, магчыма, раней і мелі рацыю, аднак апошнім часам сітуацыя адчувальна змянілася: у Беларусі створаны шэраг прадпрыемстваў па перапрацоўцы ПЭТ-тары.
Самы буйны падобны завод “РэПлас-М” ужо 12 год дзейнічае ў Магілёве – менавіта на гэтую вытворчасць да нядаўняга часу накіроўвалася на перапрацоўку сабраная ў нашай вобласці і ў тым ліку на Ушаччыне пластыкавая тара і адходы поліэтылену. Але зараз выдаткі на транспарціроўку сыравіны значна зменшацца: перапрацоўку ПЭТ-бутэлек у самым хуткім часе пачне Наваполацкае вытворчае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Белмехзавод бытавых другрэсурсаў”. Зараз завяршаюцца будаўнічыя работы, пасля чаго пачнецца мантаж абсталявання, а запуск лініі па вырабе хлоп’яў з ПЭТ-бутэлек запланаваны на пачатак вясны. У Наваполацку плануюць перапрацоўваць палову аб’ёмаў тары, якая збіраецца на тэрыторыі вобласці. Пастаўляць рублены пластык пакуль што мяркуюць на расійскі рынак, дзе яго будуць перапрацоўваць у гранулы, якія стануць сыравінай для вытворчасці новых бутэлек, ёмістасцяў, крапежнай стужкі, уцяпляльніка, матэрыялаў для даху і іншых вырабаў. Трэба сказаць, што наваполацкае прадпрыемства плануе развівацца і ўжо праз год збіраецца асвоіць вытворчасць падобных гранул і рэалізацыю іх у тым ліку на ўнутраным рынку.
Такім чынам, сабраная ў нашым раёне другасная сыравіна будзе забяспечваць работу наваполацкага перапрацоўчага прадпрыемства. Варта зазначыць, што ў прайшоўшым годзе на гэты завод Ушацкім УП ЖКГ ужо накіравана больш 11 тон сабраных у раёне палімерных адходаў – прадпрыемства хоць яшчэ не прыступіла да перапрацоўкі, але назапашвае сыравіну для сваёй работы.
Як бачна, тара, якую мы выкідваем у спецыяльныя кантэйнеры, сапраўды ідзе ў справу. Відавочна, што камунальнікам, якім даведзена вялікае заданне па зборы гэтага віду другаснай сыравіны, куды прасцей і эканамічней нарыхтоўваць пластык менавіта такім чынам, чым збіраць і сартаваць яго на палігонах. Зрэшты, актыўна вядзецца і такая работа, бо яна можа і павінна прыносіць як экалагічны, так і значны эканамічны эфект. Пакуль жа, як сведчаць падлікі, у нашай вобласці збіраецца і накіроўваецца на перапрацоўку толькі крыху больш 10 працэнтаў адходаў пластыка. А між тым павелічэнне гэтай лічбы залежыць ад кожнага з нас, ад таго, ці палянуемся мы аддзяліць ад бытавога смецця каштоўную другасную сыравіну.
Наталля БАГДАНОВІЧ.