Ушачанам не было равных на областной спартакиаде по зимнему многоборью «Защитник Отечества»

Cпорт

З перамогай вярнулася ў чацвер з абласной спартакіяды сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту па зімовым мнагабор’і “Абаронца Айчыны” каманда нашага раёна – у спаборніцтвах, якія па сутнасці з’яўляюцца трыятлонам і ўключаюць у сябе стральбу, падцягванне на перакладзіне і лыжныя гонкі, канкурэнцыю ўшацкім хлопцам не змаглі скласці нават каманды гарадоў і райцэнтраў, дзе дзейнічаюць спецыялізаваныя спартыўныя школы!

Няма сумненняў, што ў дасягненні ў многім сенсацыйнага выніку вялікая заслуга Міхаіла Ярмоша, які зараз зай­маецца біятлонам ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Але трэба адзначыць, што азы лыжнай і стралковай падрыхтоўкі хлопец спасцігаў пад кіраўніцтвам трэнера Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Пятра Юльянавіча Варатынскага, ды і па ўмовах спаборніцтваў навучэнцы такіх спецыялізаваных устаноў маюць права выступаць за свае раёны. Міхаіл стаў адзіным з удзельнікаў, хто пераадолеў пяцікіламетровую дыстанцыю менш чым за 14 хвілін, і па выніках усіх відаў заняў першае месца ў індывідуальным заліку, значна апярэдзіўшы лепшых прадстаўнікоў іншых раёнаў. Дастойны ўклад у перамогу ўнёс і вучань Вялікадолецкай школы Арцём Полазаў. Хлопцу яшчэ не споўнілася і 15 год, яго наогул маглі не дапусціць да стартаў! Але выхаванец Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага паказаў вынік вышэй большасці старэйшых удзельнікаў і яго пятае месца – сапраўднае дасягненне.

– Наша каманда захапіла лідарства з пачатку спаборніцтваў, – дзеліцца ўражаннямі П.Ю.Варатынскі. – У падцягванні на перакладзіне больш удала выступіў Арцём, а Міхаіл “дабраў” заліковых ачкоў на стральбе. Ну а лыжня толькі ўмацавала нашы пазіцыі – ёсць першае месца. Зноў маленькія Ушачы прагрымелі на ўсю вобласць!

А трэнерам з Оршы і Полацка, Сянно і Шуміліна, Наваполацка і іншых цэнтраў юнацкага біятлона застаецца толькі здзіўляцца і рыхтавацца да наступных спаборніцтваў. Дарэчы, хвалявацца за вынік яны могуць пачынаць зараз, бо і М.Ярмош, і тым больш А.Полазаў па ўзросце змогуць выступіць на аналагічных стартах і ў 2018 годзе.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *