Новаўвядзенні, унесеныя нядаўна ў “Закон аб раслінным свеце”, абумовілі істотныя змены ў арганізацыі працэсу саманарыхтоўкі насельніцтвам дроў на землях, якія не ўваходзяць у дзяржаўны лясны фонд. Залішне казаць, што гэтае пытанне з’яўляецца актуальным як для жыхароў раёна, так і для сельгасарганізацый, на землях якіх будзе ажыццяўляцца нарыхтоўка. Патлумачыць новыя аспекты заканадаўства мы папрасілі начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіла Аляксандравіча Шука.
– Чалавек ці арганізацыя, якія маюць намер нарыхтаваць дровы на землях, што знаходзяцца ў карыстанні мясцовага сельгаспрадпрыемства, павінны звярнуцца за дазволам непасрэдна ў гэту гаспадарку?
– Так. У сваю чаргу, у адпаведнасці з артыкулам 37 “Закона аб раслінным свеце”, перш чым ажыццявіць высечку дрэў і кустоў, якія растуць на землях сельскагаспадарчага прызначэння, прадпрыемства павінна паведаміць аб гэтых планах у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган. Зрабіць гэта варта не раней чым за 30 і не пазней чым за 5 дзён да даты пачатку плануемага выдалення аб’ектаў расліннага свету. Паведамленне павінна ўтрымліваць інфармацыю пра віды дрэў і кустоўя, месцы і плошчы іх росту, прычыну выдалення (ёй звычайна з’яўляецца ачыстка зямель), перыяд правядзення работ па высечцы з указаннем асоб ці арганізацыі, прадстаўнікі якой будуць іх ажыццяўляць. Да паведамлення прыкладаюцца копіі дакумента, які засведчвае права на зямельны ўчастак, і плана граніцы тэрыторыі, у межах якой растуць запланаваныя да высечкі раслінныя аб’екты.
– Напэўна, названыя дакументы маюцца не ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна.
– Гэта сапраўды так, і прадпрыемствам неабходна іх тэрмінова атрымаць, інакш законна аформіць высечку дрэў і кустоў будзе немагчыма. Зрэшты, у час правядзення названых работ іх выканаўца на месцы выдалення аб’ектаў расліннага свету павінен мець пры сабе копіі папярэдняга паведамлення ў райвыканкам, а таксама дакументаў на зямельны ўчастак і плана яго межаў. Пры іх адсутнасці высечка будзе лічыцца незаконнай.
– Магчыма, варта нагадаць прадугледжанае за гэта пакаранне.
– Адказнасць за незаконнае выдаленне драўнінна-кустоўнай расліннасці на землях, якія не ўваходзяць у лясны фонд, прадугледжана часткай 1 артыкула 15.22 КоАП РБ і цягне накладанне штрафу на фізічную асобу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства прыйдзецца таксама пакрыць нанесены навакольнаму асяроддзю ўрон за кожны незаконна выдалены аб’ект расліннага свету.
Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ