Пицца, картофель-фри, мороженое и вкусные обеды.Столовая ушачского райпо после реконструкции встретила посетителей в обновленном виде

Общество

Не толькі паабедаць, а і пасядзець за кубачкам кавы, перакусіць у любы зручны момант, паласавацца піццай, марожаным стала магчымым у былой сталовай райспажыўтаварыства.

Цяпер гэты аб’ект грамадскага харчавання “перакваліфікаваўся” ў кафэ хуткага абслугоўвання. Для таго, каб ён стаў сучасным, эстэтычна прыцягальным і функцыянальным, не пашкадавалі ні сіл, ні сродкаў. У пятніцу намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак і старшыня праўлення райспажыўтаварыства Лілія Альбінаўна Долгая перарэзалі на абноўленым аб’екце сімвалічную чырвоную стужку.

Сталовая, уведзеная ў эксплуатацыю ў 1989-м годзе, з таго часу прымала наведвальнікаў у нязменным выглядзе і, канечне, адстала ад патрабаванняў сучаснага ўзроўню. Ужо не адзін год кіраўніцтва выношвала планы па пераўтварэнні гэтага аб’екта грамадскага харчавання, але задуманае ўсё адкладвалася з-за адсутнасці фінансавых сродкаў. Рамонт з элементамі рэканструкцыі распачалі ў канцы лістапада, так што доўга цярпець нязручнасці тым, хто прывык тут абедаць, не прыйшлося. Асноўную частку работ выконвала прыватная фірма, знайшлася праца і для будаўнічай брыгады райспажыўтаварыства.

Калі заходзіш у сталовую, адразу кідаецца ў вочы прасторны зал, твар любой кропкі грамадскага харчавання. Карэнным чынам падчас рэканструкцыі яго выгляд мяняць не сталі, абнавіўшы сцены. На іх, дарэчы, пакінулі такія звыклыя белыя барэльефы акруглай формы (яны сталі за гэтыя гады разынкай інтэр’еру сталовай), каб захаваць штосьці нацыянальна-беларускае і адпавядаць назве аб’екта. Яна, дарэчы, не змянілася, але “Папараць-кветка” расцвіла. Утульнасці памяшканню дабавілі новыя шторы, а сучасныя свяцільні зрабілі зал больш светлым. Добры настрой стварае тэлевізар са шматлікімі тэлеканаламі. Спяшаемся парадаваць і тых, хто не можа абысціся без інтэрнэту – тут можна скарыстацца бясплатным WI-FI.

Абнавілася і непасрэдна сама кухня. Акрамя  новых зручных сталоў, мыек, яе аснасцілі сучасным абсталяваннем – кухоннымі плітамі, патэльнямі, універсальнымі кухоннымі прыборамі, якія робяць працу больш прадукцыйнай. Напрыклад, цестамясільная машына паскорыць працэс прыгатавання адпаведных страў, а фрыцюрніца дасць магчымасць частаваць наведвальнікаў знакамітай бульбай-фры.

Ну а галоўным жа змяненнем стала новая раздатачная лінія, якая дазваляе абслугоўваць наведвальнікаў хутка і якасна. Гарачыя стравы доўга захоўваюць тэмпературу, а салаты, халодныя закускі і сокі не пераграваюцца, бо выстаўлены на спецыяльным ахалоджваючым прылаўку. У інтэр’ер раздатачнай лініі выдатна ўпісалася кавамашына, ёсць і марожанае як на вагу, так і прыгатаванае ў фрэзеры, смачныя кактэйлі. Самым, бадай, чаканым і жаданым стала ўвядзенне ў меню піццы – спецыяльна для гэтага райспажыўтаварыства набыло італьянскую печ. Гатуецца некалькі варыянтаў гэтай стравы на любы густ, а па жаданні сабраць піццу можна самому, выбраўшы з пераліку прадуктаў тыя, якія б вам хацелася. А зробяць яе літаральна за 10-15 хвілін. Дарэчы, да гэтай кулінарнай паслугі падыходзілі грунтоўна – вывучалі шматлікія рэцэпты і нават ездзілі да сваіх калег у Глыбокае за перайманнем вопыту. Нельга не адзначыць, што кошт на піццу ў кафэ даволі прымальны і ніжэйшы за тыя, што выстаўляюць піцэрыі буйных гарадоў. На гэта і рабілі стаўку ў райспажыўтаварыстве – накарміць смачна па даступных цэнах. Дэмакратычны кошт датычыцца не толькі піццы, а і ўсяго меню, якое да адкрыцця таксама абнавілася і значна пашырылася.

Вельмі хваляваліся ў дзень адкрыцця работнікі “Папараць-кветкі”, прывыкалі да абсталявання і новай прывабнай формы. Час работы кафэ цяпер змяніўся, тут чакаюць ушачан і гасцей кожны дзень без выхадных з 8 да 18 гадзін.

Падчас рэканструкцыі толькі на набыццё абсталявання было затрачана каля 50 тысяч рублёў, у аб’ект укладалі як уласныя сродкі, так і кароткатэрміновыя крэдыты банка. У райспажыўтаварыстве спадзяюцца, што абноўлены аб’ект грамадскага харчавання будзе запатрабаваны, тым больш што тут маюць намер радаваць наведвальнікаў фірменнымі стравамі, прыдумваць штосьці новае.

– Гэта толькі першая чарга рэканструкцыі нашай сталовай. Крыху пазней плануем зрабіць асобна дзіцячую зону, каб адпачываць маглі сем’ямі, была магчымасць арганізоўваць тут дзіцячыя святы. Наогул будзем вывучаць попыт, наведвальнасць і штосьці дапаўняць, змяняць, – адзначыла Л.А.Долгая.

Новыя магчымасці сталовай ацанілі і мы. Шчыра кажучы, прыйсці сюды захацелася яшчэ раз. Ды і за першыя дні работы кафэ ад наведвальнікаў давялося пачуць толькі станоўчыя водгукі, самым распаўсюджаным з якіх быў наступны: “Добры аб’ект, абедаць тут – адно задавальненне, а піццы так не хапала ва Ушачах!” Прынамсі, толькі на ёй за выхадныя дні кафэ зарабіла больш 500 рублёў.

Вольга КАМАРКОВА.



2 комментария по теме “Пицца, картофель-фри, мороженое и вкусные обеды.Столовая ушачского райпо после реконструкции встретила посетителей в обновленном виде

  1. Спасибо огромное руководству района в особенности председателю РАЙПО Долгой Л.А. за великолепное кафе для жителей района и гостей. Вкусно, доспупные цены, высокое качество обслуживания, приятная атмосфера. Успехов вам и процветания!!!

  2. Спасибо девчатам-поварам, всегда всё очень вкусно! Молодцы!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *