Живой подарок за работу. Победители конкурса среди животноводов в ОАО «Ильюшинский» получили в качестве вознаграждения бычков

Сельское хозяйство

Гэты чорна-пярэсты прыгажун змяніў традыцыйную бірку з нумарам на яркі бант, канечне, невыпадкова. Не, у цялятніку фермы ў Старым Сяле новую маркіроўку жывёлы не ўвялі: проста гэты гадаванец даглядчыцы Антаніны Уладзіміраўны Біруковай (на здымку) стаў… падарункам для перадавой работніцы. А які ж прэзент без святочнай “упакоўкі”!

Атрымала жанчына бычка за перамогу ў конкурсе сярод жывёлаводаў, які традыцыйна праводзіць ААТ “Ільюшынскі”. Згодна калектыўнаму дагавору, даглядчыкі, якія па выніках года забяспечылі сярэднясутачныя прывагі на адкорме больш за 700 грамаў, узнагароджваюцца вось такім жывым прызам. Антаніна Уладзіміраўна названы паказчык значна перакрыла – прывагі цялят на яе групе ў прайшоўшым годзе склалі 947 грамаў! Гэты вынік з’яўляецца лепшым па раёне, ды і ў абласным табелі выглядае вельмі дастойна.

Прынамсі, не толькі старасельскі бычок у мінулую пятніцу змяніў “калгасны інтэрнат” на ўласныя апартаменты – у ранг асабістай жывёлы перайшоў і яго сабрат з ільюшынскага комплексу, якога ў падарунак за добрую працу атрымала Святлана Міхайлаўна Дземідовіч. Даглядчыца па выніках 2016 года дасягнула сярэдніх прываг 856 грамаў і стала другой як па гаспадарцы, так і па раёне. Цікава, што абедзве жанчыны, не згаворваючыся, далі сваім гадаванцам аднолькавую мянушку Борка, вось толькі па характары бычкі аказаліся зусім рознымі: калі старасельскі быў спакойным і паслухмяным, то ільюшынец, выскачыўшы падчас фотасесіі з засеку, ледзь не ўчыніў у цялятніку невялікую карыду – відаць, палічыў бант недастойным для будучага быка атрыбутам. “Нічога, мы яго перавыхаваем!” – жартавала С.Дземідовіч. У адрозненне ад сваёй калегі А.Біруковай, якая трымае вялікую падсобную гаспадарку, у тым ліку гадуе на ўласным падворку і бычкоў, для Святланы гэта будзе першы вопыт такой справы. Але працавітасць, адказнасць і адметныя прафесійныя навыкі, несумненна, ёй у гэтым дапамогуць.

Зрэшты, менавіта названыя якасці даглядчыц лічыць галоўнымі складнікамі іх поспеху дырэктар сельгаспрадпрыемства С.А.Халімоненка – пра гэта ён казаў на ўрачыстай цырымоніі іх ушанавання, якая адбылася ў пятніцу падчас Дня жывёлавода. Сяргей Анатольевіч таксама адзначыў, што на наступным такім мерапрыемстве ўзнагароды атрымаюць перадавыя аператары машыннага даення Ірына Васільеўна Казачэнка, Святлана Ільінічна Міхейка і Наталля Васільеўна Маркевіч, якім па выніках года толькі крыху не хапіла да пакарэння пяцітысячнага рубяжу надою ад каровы. Адпаведна ўмовам унутрыгаспадарчага конкурсу, каштоўным падарункам адзначаецца вынік больш за 4000 кілаграмаў, работніцы ж дасягнулі паказчыку ў 4818. Безумоўна, такі поспех мае пэўны падмурак, які даяркі заклалі яшчэ год таму, калі, не пабаяўшыся цяжкасцей, узялі групу раздою і падрыхтавалі сабе высокапрадукцыйны статак са 188 галоў. У выніку яны таксама сталі лепшымі не толькі па гаспадарцы, але і па раёне.

“Прыклад вашых калег яскрава паказвае, што працаваць можна лепш і, адпаведна, зарабляць больш. Галоўнае, што для гэтага трэба, – уласнае жаданне”, – падкрэсліў, звяртаючыся да жывёлаводаў, С.А.Халімоненка. Але маюць яго, на жаль, далёка не ўсе. Ёсць і такія, хто працуюць на адчэпнага, сістэматычна парушаюць дысцыпліну, а свае нізкія паказчыкі апраўдваюць “неспрыяльнымі фактарамі” – маўляў, і каровы ў мяне самыя горшыя, і ад зааветслужбаў дапамогі няма, і кіраўніцтва прыдзіраецца. За прыкладам далёка ісці не прыйшлося: менавіта такія аргументы ў апраўданне сваім невысокім надоям пачала прыводзіць даярка А.Евянкова, калі аналізаваліся прычыны сціплых паказчыкаў асобных работнікаў комплексу ў Ільюшыне.

Як гэта ні банальна, але менавіта чалавечы фактар дырэктар сельгаспрадпрыемства лічыць адной з галоўных прычын таго, што на цяперашні момант гаспадарка здае толькі 90 працэнтаў малака да леташняга паказчыка. Яшчэ адна прычына спаду ў тым, што зрушыўся папярэдне спланаваны графік ацёлаў, і менавіта на пачатак новага года прыпаў самы непрадукцыйны перыяд. Але ж у “Ільюшынскім” спадзяюцца, што хутка гэты “крэн” удасца выправіць. Ва ўсялякім разе, даяркі фермы ў Старым Сяле, якія сабраліся на Дзень жывёлавода ва ўтульным пакоі адпачынку, разгубленымі і нематываванымі не выглядалі. “Вось-вось пачнуцца масавыя расцёлы, ну а з кармамі асаблівых праблем няма, так што ў лютым мяркуем падцягнуцца”, – разважалі Ала Васільеўна Мандрык, Ганна Генадзьеўна Марозава, Рыта Анатольеўна Селезень і іншыя работніцы, якія складаюць касцяк у цэлым даволі згуртаванага і стараннага калектыву. У яго дзеяздольнасці ўпэўнены і кіраўнік: невыпадкова старасельская ферма па надоях мае трэці агульны паказчык па гаспадарцы: апярэджваюць яе толькі прыгаданыя вышэй абсалютныя лідары і работніцы новага комплексу ў Сержанах. І хоць 3600 кілаграмаў ад каровы – гэта не той вынік, які можа задавольваць, падалося, што тутэйшыя жывёлаводы маюць рашучасць і імкненне знайсці рэзервы, і тады праз год пералік тых, хто абзавядзецца прызавой жывёлай, будзе яшчэ большым – трэба толькі выйсці на больш высокі ўзровень. Гэта ім цалкам пад сілу, зрэшты, як і работнікам астатніх жывёлагадоўчых аб’ектаў патэнцыяльна магутнага сельгаспрадпрыемства і іншых гаспадарак раёна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *