Адносна стабільны ўзрост уступлення ў шлюб, змяншэнне разводаў, павелічэнне долі трэціх і чацвёртых дзяцей у агульнай колькасці народжаных – такія дэмаграфічныя паказчыкі зарэгістраваны летась у нашым раёне. Падрабязней пра гэта мы папрасілі расказаць начальніка аддзела загса Ушацкага райвыканкама А.М.МАЛАШЧАНКУ. Адразу падкрэслім, што прыведзеныя ніжэй лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану нашага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.
– Алена Мікалаеўна, вясельныя картэжы ў апошні час усё радзей з’яўляюцца ў райцэнтры…
– Ушачане, сапраўды, сталі радзей рэгістраваць свае адносіны. У 2016 годзе марш Мендэльсона прагучаў толькі для 67 сямейных пар, што на 25 менш, чым у 2015-м. Па-ранейшаму ў нас многа шлюбаў, якія для аднаго ці абаіх маладых былі паўторнымі, – амаль кожная трэцяя рэгістрацыя.
– Не магу не спытаць пра ўзрост жаніхоў і нявест…
– Ён у параўнанні з мінулым годам не змяніўся: сярэдні ўзрост мужчын склаў 32 гады, жанчын – 29. Самым жа маладым жаніхом стаў 19-гадовы хлопец, а самымі маладымі нявестамі – дзве 18-гадовыя дзяўчыны. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі ўшачане, якія пажадалі афіцыйна аформіць адносіны: у жаніха ў пашпарце значылася 80 гадоў, у нявесты – 84.
Асноўную частку шлюбаў традыцыйна складалі пары, у якіх узрост жаніха перавышаў узрост нявесты. Адваротная сітуацыя адзначалася амаль у 27 працэнтах выпадкаў рэгістрацыі новых ячэек грамадства – 18 пар. Прычым, узроставая розніца на карысць нявесты складала ад 1 да 6 гадоў.
– А як справы з нараджальнасцю?
– Летась зарэгістравана нараджэнне 122 малышоў, што на 9 менш, чым у 2015-м. На свет з’явілася 67 хлопчыкаў і 55 дзяўчынак, 34 з якіх былі першынцамі, 59 – другімі дзецьмі ў сем’ях, 13 – трэцімі, 12 – чацвёртымі, 2 – пятымі і столькі ж – шостымі.
Найбольшая колькасць дзетак – 86 – з’явілася ў мам ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, 33 – ад 31 да 40, 2 – старэй за 40. Самая маладая матуля нарадзіла ва ўзросце 18 гадоў, а самая старэйшая – у 43 (гэта ў яе ўжо чацвёрты малыш). Самым жа маладым татам стаў 19-гадовы хлопец, а самым сталым – 59-гадовы мужчына.
– А якія імёны бацькі давалі дзецям?
– Самымі папулярнымі імёнамі сярод хлопчыкаў сталі Ягор, Яраслаў, Аляксей, Іван, Ілья, а сярод дзяўчынак – Варвара, Валерыя, Ксенія, Ульяна, Анастасія. У разрад рэдкіх увайшлі Часлаў, Марк, Елісей, Клім, Захар, Макар, Расціслаў, а таксама Нэлі, Эльвіра, Кіра, Ясенія, Глафіра, Віялета.
– Магчыма, і развадзіцца ўшачане сталі крыху радзей?
– Так, аднак узгаданая праблема па-ранейшаму застаецца вострай. З 2013 года органы загса ажыццяўляюць рэгістрацыю скасавання шлюбу згодна з арт.35 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак. Летась нашым аддзелам зарэгістравана 10 такіх скасаванняў шлюбу (на ўзроўні 2015-га). Па адпаведных жа рашэннях суда за студзень-снежань мінулага года ўнесена 31 адзнака аб скасаванні шлюбу (у 2015-м іх было 34).
– Закон жыцця такі: адны нараджаюцца, другія паміраюць…
– Як і раней, смяротнасць перавышае нараджальнасць. Летась у нашым раёне зарэгістравана 328 смерцяў, што на 36 больш, чым годам раней. Як паказваюць даныя, некаторыя прадстаўнікі моцнай паловы не дажываюць нават да 50-ці. Так, летась не стала 3 мужчын ва ўзросце да 30 гадоў (рэгістрацыі смерцяў жанчын у гэтым узросце не было), 19 – ад 31 да 50 (жанчын – 4). У два разы колькасць памерлых мужчын ва ўзросце ад 51 да 70 гадоў перавышае адпаведны жаночы паказчык (65 і 28). Большасць ушачан – 208 – памерла ва ўзросце звыш 71 года – у гэтай катэгорыі пераважвае смяротнасць сярод жаночай часткі насельніцтва.
Спадзяюся, што ў наступіўшым годзе сітуацыя будзе змяняцца ў лепшы бок – тым больш, што ў цэлым па краіне назіраецца станоўчая тэндэнцыя, і летась узровень нараджальнасці ўпершыню за апошнія гады перавысіў паказчык смяротнасці.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.