Каким был 2016-й год для ушачских правоохранителей? Интервью с исполняющим обязанности начальника РОВД А.В.Андросовым

Закон - один для всех

Пачынаючы чарговы год, мы звычайна падводзім вынікі папярэдняга. Гэта дазваляе ацаніць зробленае, убачыць памылкі і ўдалыя рашэнні, вызначыць, што варта ўзяць у будучае, а што пакінуць у мінулым. Якім выдаўся 2016 год для ўшацкіх праваахоўнікаў? Як складвалася крымінагенная абстаноўка ў нашым раёне? З гэтымі і некаторымі іншымі пытаннямі мы звярнуліся да часова выконваючага абавязкі начальніка райаддзела міліцыі А.У.АНДРОСАВА.

– Аляксей Уладзіміравіч, у цэлым якім выдаўся мінулы год для калектыву РАУС? Якія вынікі дасягнуты?

– Для нашага аддзела 2016-ы – час напружанай работы. Асноўныя намаганні былі накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў, як самы эфектыўны рычаг супрацьдзеяння злачыннасці, на папярэджванне п’янства, забеспячэнне аховы грамадскага парадку. Мы па-ранейшаму цесна ўзаемадзейнічаем з насельніцтвам, удасканальваем работу са зваротамі грамадзян, падтрымліваем высокі ўзровень аператыўнасці рэагавання.

– Калі звярнуцца да лічбаў, ці можна сказаць, што ўдалося захаваць тэндэнцыю да скарачэння злачыннасці ў раёне?

– Так, летась на Ушаччыне зарэгістравана 107 злачынстваў, што крыху менш, чым было ў 2015-м. Пэўнае колькаснае зніжэнне адбылося па лініі крымінальнага вышуку – а вось якасць раскрывальнасці, наадварот, узрасла, што не можа не радаваць. Радзей рэгістраваліся ў нас правапарушэнні, здзейсненыя раней судзімымі, грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама групай асоб. Не было, на шчасце, выпадкаў разбояў, згвалтаванняў, грабяжоў, вымагальніцтва.

– Па-ранейшаму пераважаюць маёмасныя крадзяжы?

– Так, яны складаюць каля 85 працэнтаў ад усіх зарэгістраваных злачынстваў. Як паказвае практыка: у большасці выпадкаў пад увагу зламыснікаў трапляюць дачныя дамы, размешчаныя ў сельскай мясцовасці. Прычым, “знікае” адтуль літаральна ўсё: ад электрабытавой тэхнікі да пасцельнай бялізны і нарыхтовак на зіму.

– Якія меры прымаліся для барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва?

– Работа ў гэтым напрамку праводзіцца намі пастаянна. Летась у лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана 23 жыхары раёна (у 2015-м – 20), з-за п’янства абмежаваны ў дзеяздольнасці 4 чалавекі, яшчэ 38 прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства.

– Што зараз выклікае асаблівую заклапочанасць?

– На жаль, павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, іх у 2016-м на Ушаччыне было ажно шэсць. Па ўдзельнай вазе такіх правапарушэнняў мы трымаем сумнае лідарства ў вобласці. Былі ў нас таксама факты забойства і замаху на забойства (трагедыя адбылася ў Мосары, калі мужчына падпаліў дом, у якім знаходзіліся людзі), а таксама прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць чалавека.

– А наколькі бяспечна на нашых дарогах?

– За мінулы год зарэгістравана 9 дарожна-транспартных здарэнняў (у 2015-м было 5). На шчасце, абышлося без загінуўшых, а вось колькасць траўміраваных павялічылася ў параўнанні з мінулым годам і склала 10 чалавек. Удакладню: віноўнікамі 4 аварый сталі нецвярозыя вадзіцелі, жыхары іншых рэгіёнаў нашай краіны, якія праязджалі праз тэрыторыю Ушаччыны транзітам.

– Якія задачы стаяць перад супрацоўнікамі райаддзела міліцыі ў бягучым годзе?

– 2017-ы – у многім асаблівы для нас год: у сакавіку беларуская міліцыя адзначыць сваё 100-годдзе. Рыхтавацца да векавога юбілею мы пачалі загадзя. Спланавалі, як павысіць эфектыўнасць нашай службовай дзейнасці. Стаўку будзем рабіць на якасць праведзеных праверак, рэйдавых і іншых мерапрыемстваў. Сістэмна вывучым аварыйныя ўчасткі дарог, зрабіўшы ўсё магчымае для паляпшэння сітуацыі на іх. Працягнем адпрацоўку населеных пунктаў са складанай аператыўнай абстаноўкай, а таксама работу з раней судзімымі, непаўналетнімі, схільнымі да злачынстваў грамадзянамі. Супрацоўнікі РАУС будуць выконваць свае абавязкі з поўнай самааддачай, што дазволіць забяспечыць бяспеку нашых грамадзян, абарону іх законных правоў і інтарэсаў на належным узроўні.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *