Чарговы выязны прыём правёў намеснік старшыні райвыканкама М.І.Бухалка. Удзельнічала і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы выканаўчага камітэта Р.П.Пачэпка. Адбылося гэта ў Царкавішчы. Мясцовыя жыхары сабраліся ў магазіне.
Першае пытанне, якое абмяркоўвалася, гэта наладжванне падачы вады. Праблему ведаюць не толькі раённыя ўлады. І бліжэйшая перспектыва яе вырашэння – ужо рэальнасць. Капітальны рамонт сістэмы стаў магчымым дзякуючы таму, што Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, наш дэпутат У.П. Андрэйчанка пасадзейнічаў выдзяленню сродкаў на гэта. Прадстаіць зрабіць свідравіну. Абслугоўванне перададзена камунгасу. У час прыёму М.І.Бухалка заверыў жыхароў Царкавішча, што літаральна ў ліпені пачнецца рамонт свідравіны, да зімы адназначна праблема будзе вырашана.
Узнікла ў некаторых жыхароў пытанне, як апрацоўваць свае агароды. У вёсцы чатыры кані ў асабі- стых гаспадарках. Але ж не ўсе хочуць звяртацца да гэтых гаспадароў. Старшыня Вялікадолецкага сельскага Савета М.К.Ляшкевіч узяў слова і перш за ўсё запытаў, чаму той, хто бачыць такую праблему, не звярнуўся да яго. А папярэдне вырашэнне можа быць такім, сказаў ён: каб сельгаспрадпрыемства выдзеліла каня, а вяскоўцы па чарзе даглядалі яго і карысталіся па меры неабходнасці. Але трэба дамовіцца з дырэктарам. І гэта Мікалай Канстанцінавіч узяў на сябе. А літаральна на наступны дзень назначыў сустрэчу кіраўніка сельскай гаспадаркі з зацікаўленымі вяскоўцамі.
М.І.Бухалка заўважыў у час прыёму, што, праехаўшы па Царкавішчы, узнікла ўражанне, што мясцовыя жыхары не ўсё робяць, каб падтрымліваць парадак. Трэба змагацца з пустазеллем, падкошваць траву. Ён прыгадаў, што старшыня сельскага Савета мае права складаць пратаколы, даваць штрафы тым, хто гэта ігнаруе.
Адна вясковая жыхарка расказала, што работнікі раёна электрычных сетак не закончылі сваю справу пры пракладванні новай праводкі: на ўводзе ў дом не замянілі стары провад на ізаляваны. Намеснік старшыні райвыканкама адказаў, што трэба, каб старшыня сельскага Савета даў заяўку ў раён электрычных сетак, і яго работнікі ўхіляць недапрацоўкі. Ад апоры да ўвода зрабіць усё як след – іх абавязак. Дарэчы, закончыўшы “прамую лінію”, Мікалай Іванавіч пазваніў начальніку гэтай арганізацыі яшчэ і наконт таго, што вакол падстанцыі, якраз насупраць магазіна, трава вырасла ў рост чалавека, трэба тэрмінова абкасіць.
У час прыёму быў адзін зварот маральна-этычнага плана. Былая работніца фермы Антаніна Васільеўна Катчанка, якая адпрацавала жывёлаводам шмат год, гаварыла аб тым, што дырэктар сельгаспрадпрыемства не адносіцца ўважліва да просьбаў яе, пенсіянеркі. Так, трэба было завезці мужа, таксама ў мінулым работніка фермы, у бальніцу Віцебска, дык кіраўнік гаспадаркі адмахнуўся ад гэтага. А жанчына хацела нават выпісаць машыну сама.
Выезд прадстаўнікоў райвыканкама ў Царкавішча паказаў, што пытанняў у сельскіх жыхароў нямнога, і тыя ці вядомы раённай уладзе і знаходзяцца ў стадыі вырашэння, ці будуць зняты ў бліжэйшы час.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.