Работа главного экономиста КУСХП «Великодолецкое» Людмилы Гоман — пример отношения к своему делу

Экономика и малый бизнес

Шчырымі ўсмешкамі і апладысментамі сустракалі спецыялісты і кіраўніцтва КУСГП “Вялікадолецкае” момант урачыстага ўзнагароджання Ганаровай граматай райвыканкама сваёй калегі, галоўнага эканаміста Людмілы Іванаўны Гоман. Яе шматгадовая дзейнасць на адказнай пасадзе – “прыклад адносін да сваёй справы”. Менавіта так характарызаваў юбілярку старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, які наведаў гаспадарку, каб асабіста павіншаваць заслужанага работніка.

Прозвішча ў Людмілы Іванаўны мясцовае, а вось гаворка і па сённяшні дзень выдае ў ёй рускую, хоць і адпрацавала жанчына на Вялікадалеччыне большую частку свайго жыцця. 30 год таму ўраджэнка Калінінскай, а зараз Цвярской вобласці скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум і спрабавала працаўладкавацца бліжэй да дому.

– Зараз як успомню – смех бярэ, а тады мне было зусім нявесела, – расказвае Людміла Іванаўна. – Паехала ў такую глухамань, што сядзела на вакзале на чамаданах і плакала, нават людзі падыходзілі спытаць, што здарылася. Дома расказала аб сваіх “незабыўных” уражаннях сястры, якая наведалася да бацькоў, – на той момант яны з мужам працавалі ў Вялікіх Дольцах. І літаральна праз некалькі дзён пасля яе ад’езду атрымала тэлеграму: “Тэрмінова прыязджай, ёсць месца”.

З 1 жніўня 1986 года малады спецыяліст заступіла на пасаду эканаміста па працы саўгаса “Вялікадолецкі”. Жыццё тут у той час кіпела, Людміла Іванаўна і зараз дакладна называе колькасць працуючых у вялікай гаспадарцы – 330 чалавек, з цеплынёй успамінае мудрага кіраўніка Міхаіла Міхайлавіча Уліновіча і яго жонку, галоўнага эканаміста Антаніну Мікалаеўну, якая стала для маладой дзяўчыны настаўніцай і дарадцам: “Цудоўны чалавек! Усялякае было, здараліся і памылкі, але Антаніна Мікалаеўна ніколі не павысіла на мяне голас, заўсёды дапамагала і цярпліва вучыла”.

Галоўным эканамістам Л.І.Гоман працуе з 1993 года, тады ж узначаліла і прафсаюзную арганізацыю гаспадаркі – да таго часу яна стала паўнапраўнай вялікадальчанкай, паважанай у калектыве і сярод жыхароў вёскі.

Абаяльная жанчына саромеецца ўвагі, не лічыць сваю дзейнасць адметнай, ды гэта толькі падкрэслівае яе сціпласць – адну з мноства пазітыўных рыс характару. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Мікалаевіч Круглік, побач з якім Людміла Іванаўна калісьці пачынала свой працоўны шлях, далучыўся да віншаванняў, уручыў ёй падзяку абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і агучыў агульную думку аб тым, што дзесяцігоддзі амаль не змянілі жанчыну, а толькі памножылі станоўчыя якасці, дадалі мудрасці і прывабнасці.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *