Яшчэ нашы продкі лічылі, што асвечаная вада валодае многімі магічнымі ўласцівасцямі, лечыць не толькі цела, але і душу. Ёй мыліся, давалі піць хвораму і сурочанаму, дабаўлялі некалькі кропель пры першым купанні немаўляці. А яшчэ верылі, што калі 19 студзеня тройчы акунуцца ў вадзе, якую асвеціць свяшчэннаслужыцель, то гэта дапаможа вылечыцца ад хвароб і назапасіць бадзёрасць на цэлы год. Традыцыі адраджаюцца, і штогод ля купелі на возеры Должыца збіраецца шмат людзей – у сераду поўначы і пачатку купання чакала каля сотні чалавек.
Акунуцца мог любы, у каго на гэта хапіла смеласці. У чарзе жадаючых выпрабаваць сілу духу стаялі прадстаўнікі абодвух палоў, і, трэба сказаць, жанчыны праявілі напачатку большую рашучасць – менавіта яны пачалі спускацца ў ледзяную ваду адразу ўслед за работнікамі санаторыя Уладзімірам Сільванёнкам і Аляксандрам Голікам, які яшчэ за некалькі хвілін да поўначы запальваў свечкі па краях “іардані” – палонкі ў форме крыжа, якую задоўга да пачатку масавага купання асвяціў айцец Вячаслаў. Менавіта А.Голік, вядомы сваімі мастацкімі здольнасцямі, і праявіў ініцыятыву ў прыгожым яе афармленні.
Да ночы ўзяўся мароз і падуў даволі моцны вецер, але хоць работнікі санаторыя і збіралі сачком наледзь з паверхні вады, ды тэмпература яе ўсё роўна была вышэй за тэмпературу паветра, а градус настрою жадаючых акунуцца – яшчэ больш высокі. Кожны, хто рабіў гэта раней, ведае, як складана адважыцца на першае “хрышчэнне” ледзяной вадой, таму бывалыя падбадзёрвалі “першаходак”:
– Муж заўсёды 19 студзеня спускаецца ў купель, – расказвала на дэбютным у жыцці падыходзе да яе Святлана Акулёнак. – Для Максіма гэта звыклая працэдура, бо ён загартаваны, у ледзяной вадзе купаецца не толькі на Хрышчэнне. Вось вырашыла і я паспрабаваць…
– У вадзе толькі спачатку дух захоплівае, а так не холадна, – дзеліцца навыкамі А.Голік. – Як выйдзеш з палонкі, трэба насуха абцерціся, цёпла апрануцца і выпіць кубачак гарачай гарбаты – адчуваеш, як у целе і на душы становіцца лёгка і светла. Напэўна, такі стан і называецца “як наноў на свет нарадзіўся”. З усіх маіх знаёмых, хто купаўся на Вадохрышча, пакуль ні адзін ні разу пасля гэтага не захварэў. Прычым я б не сказаў, што гэта ўсе “маржы” – звычайныя людзі.
А С.Акулёнак падзялілася сваімі ўражаннямі і пасля купання: “Адчуванні цудоўныя! Ніякі кантрастны душ з гэтым не параўнаць. Я б і яшчэ раз у ваду зайшла!”
Станоўчыя эмоцыі не хавала і Кацярына Дуброўская, для якой сёлетняе Вадохрышча стала другім.
– У мінулым годзе толькі крыху акунулася, зараз жа зайшла глыбей. Некаторыя мае знаёмыя сумняваюцца ў карысці гэтага абраду. Я ж лічу, што калі ён нават і не цудадзейны, то ўсё роўна вельмі пазітыўны, зараджаючы энергіяй, прыдаючы імпульс да добрых спраў. І такія ж словы хочацца сказаць у адрас работнікаў “Лясных азёр”, якія стварылі тут сапраўдную святочную атмасферу.
Асабіста мяне на гэтым мерапрыемстве больш за ўсё ўразілі агульныя дабрыня і спагадлівасць: усе дапамагалі адзін аднаму, прапаноўвалі ручнікі, частавалі незнаёмых людзей гарбатай з тэрмасаў – рэдка дзе ўбачыш такую колькасць добразычліва настроеных людзей. Акрамя работнікаў санаторыя мерапрыемства абслугоўвалі і прадстаўнікі іншых службаў – дзяжурыла карэта “хуткай дапамогі”, супрацоўнікі міліцыі, выратавальнікі і АСВОД.
Выходзячы з “іардані”, людзі накіроўваліся ў домік на беразе, які быў ператвораны ў раздзявальню, грэліся ля раскладзенага побач вогнішча і накіроўваліся за вадой да крыніц, вялі гутаркі. Падслухаў, што, аказваецца, менавіта з Вадохрышча да Масленіцы раней пачыналася вясельная пара, а шлюбы, заключаныя ў гэты час, лічыліся самымі ўдалымі. А калі маладыя не паспявалі ажаніцца ў гэтую пару, дык стараліся хаця б заручыцца на Вадохрышча – таксама добрая прыкмета. А яшчэ гэтае свята вымушае вернікаў браць прыклад з нашага Збавіцеля, які, як апошні грэшнік, прыйшоў да Іаана Прадцечы, каб хрысціцца. Бязгрэшны, ён узяў на сябе ўсе грахі чалавечыя і менавіта пасля хрышчэння пачаў прасвятляць людзей, азараючы іх святлом ісціны…
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.