Завяршыўся трэці, абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, на якім школьнікі Ушаччыны традыцыйна паказалі высокія вынікі. Так, чарговы дыплом трэцяй ступені з’явіўся ў скарбонцы дасягненняў дзесяцікласніцы Вялікадолецкай школы Ларысы Правада, якая дэманстравала веды па біялогіі (настаўнік – В.М.Шышоў). Удалым атрымалася выступленне па хіміі дзесяцікласніка Ушацкай школы Леаніда Давыдава (Л.А.Струй) – хлопец заваяваў дыплом ІІ ступені. Прыемна, што ёсць у нашай дэлегацыі і ўладальнік узнагароды вышэйшага ўзору – ім ужо не ў першы раз па нямецкай мове стаў адзінаццацікласнік Ушацкай школы Павел Гардзіёнак (Л.І.Данькова).
Ёсць нагода парадавацца і поспеху навучэнца ліцэя БДУ Антона Касіча – дыплому ІІІ ступені па хіміі на абласным этапе ў Мінску.
Права прыняць удзел у сёлетнім заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прадстаўлена адразу двум вучням Ушацкага раёна – Паўлу Гардзіёнку і Леаніду Давыдаву.